Top.Mail.Ru

Скончыўся апошні этап уступнай кампаніі 2025 года — адбылося залічэнне завочнікаў у аграрныя ВНУ Беларусі

Нетыповы для паступлення ва ўстановы адукацыі час — позняя восень — пачатак зімы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі тлумачаць так: калі заканчваюцца інтэнсіўныя сельскагаспадарчыя работы, у працаўнікоў аграрнага комплексу з’яўляецца час не толькі для адпачынку, але і для развіцця, руху наперад, атрымання адукацыі. У кіраўнікоў — магчымасць якасна павысіць узровень кадравага складу арганізацый, калі яны будуць падтрымліваць і заахвочваць такія ініцыятывы.


У мінулым — этапы прыёмнай кампаніі 2025 года на дзённую і завочную формы навучання. І абодва яны канстатуюць той факт, што аграрныя прафесіі становяцца ўсё больш запатрабаванымі. Па падрабязнасці мы звярнуліся да рэктара вядучай тэхнічнай аграрнай ВНУ краіны — Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Мікалая РАМАНЮКА.
— Пра тое, што цікавасць моладзі да аграрных спецыяльнасцяў узрасла, стала зразумела ўжо падчас летняй уступнай кампаніі. Тады сярэдні конкурс па ўніверсітэце павялічыўся практычна ў 1,4 раза і склаў 1,5 чалавека на месца. Пры плане прыёму 465 бюджэтных месцаў было пададзена 710 заяў, прахадныя балы па спецыяльнасцях узраслі ў 1,1—1,4 раза, — падзяліўся Мікалай Раманюк.

Што датычыцца асаблівасцяў уступнай кампаніі на завочную форму навучання, ён адзначыў: сёлета для тых, хто паступае на скарочаную форму атрымання адукацыі па спецыяльнасцях «Тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі», «Тэхнічны сэрвіс у аграпрамысловым комплексе», «Энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі» і «Аграбізнес» тэрмін навучання складае ўсяго 3 гады.

— Пры гэтым зніжаны пералік спецыяльнасцяў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, выпускнікі якіх могуць прэтэндаваць на скарочаную форму навучання. У пералік уваходзяць толькі сельскагаспадарчыя спецыяльнасці аграрных каледжаў, — завастрыў увагу на нюансе кіраўнік БДАТУ. — Усе папярэднія гады на спецыяльнасць «Менеджмент» мы прымалі завочнікаў на поўны тэрмін, сёлета — на скарочаны тэрмін навучання ў 4 гады.

Адзначыў Мікалай Мікалаевіч і рост колькасці бюджэтных месцаў.

— Два гады таму іх было 125, летась — 259, а цяпер — 272, — агучыў ён. — Прыярытэт аддадзены навучанню ў скарочаны тэрмін. Для выпускнікоў аграрных каледжаў гэтая навіна прывабная: колькасць бюджэтных месцаў павялічана, тэрмін навучання скарочаны.

Цікавімся ў рэктара, якія суадносіны тых, хто паступіў на бюджэт і платнае навучанне.

— У адпаведнасці з правіламі прыёму патрабаванні да абітурыентаў, якія паступаюць на бюджэтную і платную формы атрымання адукацыі, аднолькавыя, — тлумачыць Мікалай Раманюк. — Таму практычна ўсе нашы абітурыенты спачатку спрабавалі свае сілы для паступлення на бюджэт. Толькі 7 чалавек з 865 выказалі жаданне паступаць на платную форму адразу.
Далей кіраўнік універсітэта прывёў некаторыя лічбы, якія характарызуюць уступную кампанію: у цэлым па ВНУ конкурс склаў больш за 1,3 чалавека на месца, па інжынерных сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — 1,4 чалавека. На бюджэт паступілі 272 чалавекі, на платнае навучанне — 375. Такім чынам, суадносіны абітурыентаў, якія паступілі на бюджэт і платнае навучанне па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях поўнага тэрміну, — 78 да 28, скарочанага — 190 да 82, па спецыяльнасці «Менеджмент» — 4 да 21.

— А якія спецыяльнасці ў абітурыентаў-завочнікаў сёлета былі найбольш папулярнымі?

— Самы вялікі конкурс склаўся на спецыяльнасць «Тэхнічны сэрвіс у аграпрамысловым комплексе»: на поўны тэрмін навучання там было 2,9 чалавека на месца. На месца па спецыяльнасці «Энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі» на поўны тэрмін прэтэндавала 1,9, на скарочаны — 1,3 чалавека. Конкурс быў і на такія спецыяльнасці, як «Тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі», «Ахова працы на вытворчасці» і «Аграбізнес».

Уздняць прэстыж работніка АПК — аб гэтым у апошнія гады шмат гаворыцца, шмат і робіцца. А што сведчаць вынікі мінулай уступнай кампаніі?

— З агульнай колькасці тых, хто паступіў, 234 чалавекі, а гэта 27,1 %, працуюць у АПК. 677 абітурыентаў — гараджане, 188 — сельскія жыхары. Гэта сведчыць аб тым, што папулярнасць аграрных прафесій сапраўды расце і вучыцца завочна выказваюць жаданне не толькі работнікі АПК, але і жыхары гарадоў. На спецыяльнасць «Энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі», па словах Мікалая Раманюка, у асноўным паступалі абітурыенты, якія працуюць у раённых, у тым ліку сельскіх, электрычных сетках.

— Па гэтай спецыяльнасці сярод бюджэтнікаў у нас упершыню склалася незвычайная конкурсная сітуацыя, — дзеліцца рэктар універсітэта. — Так, на поўны тэрмін на 15 месцаў прэтэндавалі 16 ільготнікаў, сярод якіх 2 чалавекі — уладальнікі дыпломаў з адзнакай ПТА, 14 чалавек мелі права на пазаконкурснае залічэнне. Па правілах прыёму льготнікі не павінны перавышаць 80 % бюджэтных месцаў. Таму нам давялося праводзіць конкурс сярод тых, хто быў па-за конкурсам. 

У выніку 12 чалавек паступілі на бюджэт, а астатнія скарысталіся правам пазаконкурснага залічэння на платную форму.

Мікалай Мікалаевіч таксама расказаў, што на спецыяльнасць «Энергетычнае забеспячанне сельскай гаспадаркі» на скарочаны тэрмін на бюджэт залічана 14 выпускнікоў з чырвонымі дыпломамі ССА.

— Гэта сведчыць аб высокай падрыхтоўцы абітурыентаў у каледжах. Што яшчэ больш прыемна — аб матываванасці маладых людзей да атрымання вышэйшай адукацыі ў сферы АПК, — падкрэсліў ён. — І мы цікавасць стараемся падтрымліваць, адкрываючы навучання па новых перспектыўных спецыяльнасцях. Сёлета ў навучальны працэс у рамках існуючых спецыяльнасцяў дадаліся некалькі прафілізацый: «Лічбавыя тэхналогіі ў АПК», «Сэрвіс і інжынірынг сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання», «Аўтаматызацыя і рабатызацыя ў АПК». У наступным годзе плануем адкрыць прафілізацыю «Лагістычнае суправаджэнне ў АПК».

Алена ВІНАГРАДАВА.
Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю