Top.Mail.Ru

Пілоны з барэльефамі танкіста, пехацінца і лётчыка адноўлены на адным з найбуйнейшых воінскіх пахаванняў

Сёлета цэнтральным месцам святкавання 9 Мая ў Віцебскім раёне стаў воінскі мемарыял у аграгарадку Заронава. Напярэдадні ўрачыстасцяў, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі, тут быў рэалізаваны праект грамадзянскай ініцыятывы «Захаваем для нашчадкаў памяць». Ён накіраваны на ўвекавечванне памяці савецкага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны, выхаванне насельніцтва на прыкладзе мужнасці і стойкасці байцоў Чырвонай Арміі, якія цаной сваіх жыццяў адстаялі свабоду і незалежнасць нашай краіны.


У склад ініцыятыўнай групы па рэалізацыі праекта ўвайшлі прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, грамадскіх арганізацый, калектывы мясцовых устаноў адукацыі. Кіраўнік групы — захавальнік гісторыка-краязнаўчага народнага музея «Гісторыя Заронаўскага краю» Людміла Нікіціна.

Яна звярнула ўвагу на тое, што ў Заронаве знаходзіцца адно з найбуйнейшых на Віцебшчыне воінскіх пахаванняў № 4407, дзе ўвекавечана памяць амаль 11 тысяч загінулых. Пошук працягваецца: вядома, што толькі 11-я гвардзейская армія згубіла забітымі ў гэтай мясцовасці звыш 22 тысяч байцоў.

У 1980 годзе ў існуючую брацкую магілу перанеслі астанкі чырвонаармейцаў з 14 іншых магіл. З таго часу перапахаванні праводзіліся 13 разоў, апошні раз — у 2023-м. Пошукавыя работы праводзілі ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна сумесна з ваенна-гістарычным пошукавым клубам «Памяць і прымірэнне» (Маскоўская вобласць), абласным гісторыка-патрыятычным клубам «Полымя» (Віцебская вобласць), кадэтамі з Беларусі і Расіі.

Дзесяць гадоў таму пры фінансавай падтрымцы Фонду міру тут увекавечылі памяць 99 лётчыкаў 3-й паветранай арміі. У 2020-м абласное аб’яднанне прафсаюзаў дапамагло ўстанавіць памятны знак мясцовым жыхарам, якія не вернуліся з вайны. У 2022–2023 гадах са сродкаў абласнога суботніка было выдзелена 177 тыс. рублёў на рэканструкцыю мемарыяла. Тады ўстанавілі больш за 190 гранітных пліт з імёнамі 10,5 тыс. загінулых, абліцавалі каменем звыш 30 тумбаў, добраўпарадкавалі тэрыторыю.

— Наша воінскае пахаванне круглы год наведваюць родныя загінулых не толькі з Беларусі, але і з тэрыторый краін былога Савецкага Саюза, — распавяла Людміла Нікіціна. — За год у сярэднім 1,5 тысячы наведвальнікаў. Геаграфія шырокая: Расія — ад Масквы да Сахаліна, Казахстан, Італія, Іспанія, Кітай...

Мемарыял быў узведзены ў 1980 годзе, тады тут былі ўстаноўлены тры пілоны з барэльефамі танкіста, пехацінца і лётчыка. Час не пашкадаваў помнік, які стаў разбурацца. На яго рэканструкцыю і быў скіраваны праект грамадзянскай ініцыятывы «Захаваем для нашчадкаў памяць».

Яго бюджэт складаў 11 тысяч рублёў, і хаця 90 % фінансавалася з бюджэту, дзясятую частку — больш за тысячу рублёў — сабралі людзі.

— Гэта ўдалося зрабіць дзякуючы добраахвотным ахвяраванням грамадзян і арганізацый, — патлумачыла старшыня Заронаўскага сельвыканкама Алеся Сінякова. — Да таго ж варта адзначыць грашовы ўклад валанцёраў з ліку мясцовых жыхароў і Віцебска. Яны займаліся добраўпарадкаваннем на тэрыторыі мемарыяла. Гэта не аднаразовая акцыя — агульнымі намаганнямі парадак тут падтрымліваецца пастаянна.

Воінскае пахаванне № 4407 разам з мясцовым музеем уключаны ў турыстычны маршрут, накіраваны на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне насельніцтва. У памятныя даты тут праводзяцца маштабныя мерапрыемствы — каб помнілі.

Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю