Стаўка на якасць
Ганаровымі шыльдамі, падзякамі і іншымі адзнакамі ўпрыгожана, напэўна, большая частка сцен каледжа.
— Летась атрымалі 547 розных дыпломаў і медалёў — міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх — у розных конкурсах, алімпіядах, аглядах, выстаўках, спартыўных і культурна-масавых мерапрыемствах, — уражвае лічбамі нязменны на працягу апошніх 29 гадоў дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прамыслова-тэхналагічнага каледжа Алег БАХАНОВІЧ. — За апошнія сем гадоў мы тройчы станавіліся найлепшымі па падрыхтоўцы кадраў у краіне. 28 гадоў мы абсалютныя пераможцы ў сістэме прафесійнай адукацыі ў вобласці і 26 гадоў — найлепшыя ў горадзе.

Поспех, па словах кіраўніка, дасягаецца за кошт работы над якасцю падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для народнай гаспадаркі. Каманда надзейная. З 300 работнікаў 120 — найлепшыя выпускнікі каледжа.
— Усе мае намеснікі — маладыя, і ўсе — незаменныя, — кажа дырэктар. — На нашым сайце мы нават запусцілі праект «Нашы людзі», дзе расказваем пра сваіх «зорак». Гэта дзякуючы ім мы трымаем высокі статус.
З ухілам на інклюзію
Установа пачынала як кузня кадраў для перадавога ў савецкі час Магілёўскага завода штучнага валакна. У 1990-я, калі вытворчасць амаль прыпынілася, на вучылішчы хімікаў ледзь не паставілі крыж. Амаль 90 % яго выпускнікоў апынуліся на біржы працы. Малады амбіцыйны кіраўнік Алег Бахановіч, які не пабаяўся ўзначаліць бесперспектыўную ўстанову, зрабіў стаўку на шматпрофільнасць — і справы пайшлі ўгору. На 1 верасня 2025 года ў каледжы налічвалася аж 1440 навучэнцаў па 29 спецыяльнасцях — рэкордная колькасць у параўнанні з іншымі аналагічнымі ўстановамі Магілёўскай вобласці.

Моладзь атрымлівае тут прафесіі па двух узроўнях адукацыі — прафесійна-тэхнічным і сярэднім спецыяльным. На першым узроўні, напрыклад, рыхтуюць цырульнікаў, швачак, слесараў па рамонце аўтамабіляў, вадзіцеляў, манціроўшчыкаў, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, а таксама ахоўна-пажарнай сігналізацыі. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі вучацца будучыя спецыялісты па фінансавых паслугах, бухгалтары, тэхнікі-механікі, дызайн-мультымедыйшчыкі, аперацыйныя лагісты і гэтак далей.
З 1997 года ў каледжы працуе Цэнтр прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі для навучэнцаў з псіха-фізічнымі асаблівасцямі. Сёння на ўсіх узроўнях і ў самім цэнтры навучаецца каля 170 чалавек з рознымі ступенямі інваліднасці — інтэлектуальнай недастатковасцю, парушэннем слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату. Інваліды-калясачнікі, напрыклад, спасцігаюць у каледжы азы прафесіі аператара ЭВМ або тэхніка-праграміста.
Штогод каледж выпускае каля 600 маладых спецыялістаў. І ўсе яны забяспечваюцца першым працоўным месцам.
Сярод заказчыкаў кадраў — «Белдзяржстрах», які мае попыт на тутэйшых страхавых агентаў, а таксама «Беларусбанк», магілёўскія вядучыя прадпрыемствы «Ольса», «Магатэкс» і іншыя. Дэпартамент «Ахова» Магілёўскай вобласці і Мінска прымае выпускнікоў установы электраманцёрамі і спецыялістамі па рамонце і абслугоўванні ахоўнай сігналізацыі. Магілёўскі аўтапарк № 1 папаўняе кадравы састаў слесарамі па рамонце аўтамабіляў, у тым ліку і за кошт мэтавага набору. Установа шчыльна супрацоўнічае з «Магілёўзелянбудам», які бярэ маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця рабочымі зялёнага будаўніцтва. Агра-гандлёвая фірма «Кадзіна» прымае падрыхтаваных тут агароднікаў.
— Навучэнцы з ліку «асаблівых» застаюцца ў нас на ўліку нават пасля заканчэння каледжа, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Таццяна КРАСУЦКАЯ. — Шмат хто з нашых навучэнцаў мае статус сірот, інвалідаў. І каледж удзельнічае ў іх жыцці, дапамагае ім.
Цэнтр кампетэнцый
Адны з найбольш запатрабаваных сярод юнакоў прафесій, якія можна атрымаць у каледжы, — слесар па рамонту аўтамабіляў, кіроўца катэгорыі С, манціроўшчык шын і муфт. На хвілінку заглядваем у кабінет, дзе вывучаюць прадмет «тэхнічная механіка». Аўдыторыя цалкам аснашчаная электроннымі стэндамі, якія дапамагаюць убачыць, як паасобку працуюць розныя механізмы аўтамабіля. Напрыклад, можна імітаваць націсканне педалі і паглядзець, як на гэта рэагуе электронны блок кіравання. Загадчыца Цэнтра кампетэнцый тэхналогій аўтасэрвіса Кацярына КРУПЯНЬКО ўдакладняе, што ён спецыялізуецца на электрамабілях і мае на ўзбраенні ўсё самае перадавое.

Навучэнец Яраслаў ПУХОЎСКІ падзяліўся, што паступаў сюды пасля 9 класа на спецыяльнасць «тэхнік-праграміст», але не хапіла балаў, і ён пераарыентаваўся на аўтамабілі. Цяпер ніколькі не шкадуе.
Заглянулі мы і ў аўдыторыю, дзе рыхтуюць рабочых «зялёнага будаўніцтва» і кветкаводаў. На вокнах і сталах — расада. Бачна, што навучэнцы без справы не сумуюць. Адзін з іх — выхаванец Каменскай школы-інтэрната Ягор ДУШЭЎСКІ.
— Мне падабаецца вырошчваць расліны, назіраць, як яны вырастаюць з семечка. Буду працаваць у «Магілёўзелянбудзе», — дзеліцца ён сваімі планамі.
Тэрыторыя каледжа — сапраўдны музей пад адкрытым небам. І да ўсяго прыкладзены рукі навучэнцаў. Малыя архітэктурныя формы, напрыклад, зрабілі сталяры і цесляры. Гэтым спецыяльнасцям тут вучацца і маладыя людзі з псіхафізічнымі асаблівасцямі.
З улікам попыту
Установа тонка рэагуе на запыт кадраў звонку. Летась тут адкрылася новая спецыяльнасць «дызайн мультымедыя».
— Такія работнікі сёння вельмі запатрабаваныя прадпрыемствамі, — адзначае Таццяна Красуцкая. — Яны змогуць здымаць рылсы для сацсетак, рабіць буклеты, улёткі як у электронным варыянце, так і ў мастацкім. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі таксама з’явілася новая спецыяльнасць «аператар камп’ютарнай графікі», дзе навучэнцы вучацца рабіць мультымедыйныя рэчы з дапамогай камп’ютарных тэхналогій.
На прафесійна-тэхнічным узроўні адукацыі ёсць спецыяльнасць «аператар электронна-вылічальных машын» з магчымасцю атрымаць дыплом дыстанцыйна. Штогод у групу набіраецца 15 чалавек, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Сёлета па запыту шэрагу банкаў будзе адноўлены прыём моладзі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на спецыяльнасць «банкаўская справа».

Творчасць без меж
Нядаўна каледж віншаваў з прызавымі месцамі ў прэстыжным міжнародным конкурсе «Майстар Шоўкавага шляху» дзвюх сваіх навучэнак — Ульяну Ачыновіч і Варвару Сідараву, выхаванак тутэйшай студыі дызайну. Па ўмовах конкурсу трэба было пад пільным прыцэлам відэакамер зрабіць арт-аб’ект у духу традыцыйных народных рамёстваў. За дзеяннямі дзяўчат назіралі эксперты з Кітая, Расіі, Казахстана. Варвара прадэманстравала свае таленты ў лозапляценні, а Ульяна — у стварэнні старадаўняга жаночага ўпрыгожвання з медзі. Як вынік — кожная з дзяўчат атрымала другое месца ў сваёй намінацыі прэстыжнага конкурсу.
Дарэчы, каб ацаніць таленты тутэйшых майстроў, трэба пабываць у музеі каледжа «Спадчына роднага краю». Ён быў створаны ў мэтах духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі ў 2022 годзе. На сёння тут налічваецца 30 залаў. А ў канцы чэрвеня, калі каледж будзе адзначаць сваё 95-годдзе, з’явіцца яшчэ 14.
— Мы — адзіная ў краіне навучальная установа, чый музей унесены ў рэестр Міністэрства культуры, — з гонарам канстатуе Алег Бахановіч. — Усе дыярамы і макеты музея зроблены рукамі нашых навучэнцаў пад кіраўніцтвам таленавітых выкладчыкаў.
Сёння ў музейным комплексе творчая мітусня, пахне фарбай і свежаспілаваным дрэвам. Рэканструююцца ўжо існуючыя залы, афармляюцца новыя. Для навучэнцаў творчых прафесій гэта шырокае поле дзейнасці. Тут свае веды на практыцы прымяняюць будучыя дызайнеры-мультымедыйшчыкі, мастакі-афарміцелі. Уражвае ўзровень майстэрства. Навучэнцы першага курса напісалі рэплікі акварэляў Напалеона Орды з такой дакладнасцю, што і не адрозніш. Захапленне выклікаюць створаныя таленавітай вучнёўскай рукой фрэскі і нават іконы. На рэлігійную творчасць, дарэчы, бласлаўляюць магілёўскія клірыкі.
У творчай камандзе, якая кіруе працэсам, — малады спецыяліст, майстар вытворчага навучання Аліна СЕРМЯЖКА, удзельніца, прызёр і пераможца шматлікіх конкурсаў. Тут яна атрымала прафесію мастака-афарміцеля і вось ужо трэці год рыхтуе сваіх вучняў. На ёй трымаецца вельмі шмат абавязкаў, бо яна вельмі творчая, крэатыўная і адказная.
Майстэрства загартоўваецца ў конкурсах. Напэўна, няма такога, дзе б не ўдзельнічалі навучэнцы і выкладчыкі гэтай установы адукацыі. Пяць калекцый адзення ад каледжа выйшла ў фінал прэстыжнага рэспубліканскага фестывалю-конкурсу «Млын моды», вынікі якога будуць падведзены ў канцы мая. Дарэчы, там ёсць і калекцыя Аліны Сермяжка, на стварэнне якой яе натхніў абрад «Гуканне вясны».
Нэлі ЗІГУЛЯ,
фота аўтара