Ад рэгіянальнага да міжнароднага
Першапачаткова форум зарадзіўся на Мсціслаўшчыне, але хутка выйшаў за межы раёна. Магілёў прыняў эстафету ўжо пасля Крычава. Разам з прадстаўнікамі актыўнай і прагрэсіўнай моладзі, якая не баіцца прапаноўваць нешта новае і перадавое, ўдзельнічалі ў мерапрыемстве кіраўнікі раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў.
— Форум стаў добрай пляцоўкай для абмену вопытам паміж маладымі людзьмі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, — кажа старшыня праўлення Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыня Мсціслаўскага райсавета Алена Клеянкова. — У іх ёсць магчымасць сустрэцца не па відэасувязі ў рэжыме анлайн, а непасрэдна на месцы. Паціснуць адно аднаму руку, пазнаёміцца, пасябраваць — гэта вельмі каштоўна.
Легендарнае месца ў Магілёве, якое яднае адзіных духам людзей, — Буйніцкае поле. Сёлета спаўняецца 85 гадоў са дня гераічнай абароны Магілёва і мерапрыемства пачалося менавіта адсюль. Удзельнікі ўсклалі кветкі да капліцы, ушанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых воінаў.
Ад слоў да справы
Убачыць, наколькі крэатыўныя і перспектыўныя ідэі прапануе моладзь, можна было на спецыяльна арганізаванай выстаўцы праектаў. Шмат хто зацікавіўся настольнымі гульнямі, якія распрацавалі члены Маладзёжнага Савета пры Мсціслаўскім райсавеце. Праект перамог на абласным узроўні і цяпер удзельнічае ў рэспубліканскім этапе. Цікавыя праекты рознай тэматыкі распрацавалі студэнты Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, МДУ імя А. Куляшова і іншыя. Адным словам, талентамі Магілёўшчына не абдзеленая. Моладзь прапануе перспектыўныя і прагрэсіўныя ідэі як грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, так і сацыяльна-эканамічнай.
Прадстаўнікамі маладзёжных саветаў пры мясцовых Саветах дэпутатаў і іх аднадумцаў з Расіі было прадстаўлена больш чым 50 праектаў. Адначасова працавалі тры секцыі, на кожнай з якіх прэзентавана па 15 і больш праектаў.
Старшыня Маладзёжнага савета пры Чавускім райсавеце Аляксандра Цімашэнка падзялілася вопытам работы іх каманды за мінулы год. Найбольш яркімі сталі праекты «Сустрэча без гальштукаў» — размова з прадстаўнікамі мясцовай улады і парламентарыямі ў нефармальнай абстаноўцы — і сумесны з ветэранскай арганізацыяй «Дыялог пакаленняў».
— Сэнс праектаў у тым, каб даведацца ў дасведчаных людзей, як яны спраўляліся са сваімі цяжкасцямі, рабілі выбар, якія мэты ставілі перад сабой, — расказвае яна. — Нашы суразмоўнікі дзяліліся жыццёвым вопытам, мы ж для сябе адзначылі, што хацелі б узяць на ўзбраенне.
Моладзь прапанавала правесці дыялог-прэзентацыю ў фармаце «Печа-куча», што з японскага перакладаецца як «балбатня», — на кожны слайд адводзіцца 20 секунд.
— Мы падрыхтавалі прэзентацыю на тыя тэмы, што нас хвалююць. Напрыклад, чаму мы актыўныя, а іншыя — не; як хутка асвоіцца ў лічбавай прасторы даросламу; мара, дзеля якой трэба жыць, і гэтак далей, — дзеліцца дзяўчына.
Да сустрэчы ў Горках
Форум сказаў «бывай», але яго ўдзельнікі з нецярпеннем чакаюць працягу. У наступным годзе яго цэнтрам правядзення стане маладзёжная сталіца Магілёўшчыны — Горкі. Там знаходзіцца Беларуская дзяржаўная сельгасакадэмія, дзе вучыцца моладзь з усіх рэгіёнаў.
— Я рада, што наша пачынанне мае такі працяг, — кажа Алена Клеянкова. — Такой форме маладзёжнага супрацоўніцтва і актыўнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны быць! Дарэчы, назва форуму нарадзілася з песні, якая стала своеасаблівым гімнам мерапрыемства.
Нэлі ЗІГУЛЯ