Генеральны дырэктар ААТ «Віцебскі мясакамбінат» Андрэй БАРЫСЕНКА адзначыў, што прадукцыя прадпрыемства перш за ўсё прызначана для жыхароў Беларусі:
— Менавіта яны — яе галоўныя спажыўцы і крытыкі. Тым не менш экспарт вырабаў мясакамбіната для нас таксама з’яўляецца важнай сферай дзейнасці.
Асноўным партнёрам прадпрыемства была і застаецца Расійская Федэрацыя. Эфектыўнае супрацоўніцтва наладжана і з Паднябеснай.

— Для пастаўкі ў Кітай мы штомесяц адгружаем прадукцыі на 300 тысяч долараў, — канстатуе Андрэй Канстанцінавіч. — І далей будзем паглыбляць і развіваць гэты кірунак.
Цікавыя прапановы Віцебскаму мясакамбінату паступаюць ад прадстаўнікоў гандлёвых сетак Казахстана, Грузіі, Узбекістана, Азербайджана. Гаворыць гендырэктар:
— Для нас гэта азначае далейшае развіццё экспарту і, адпаведна, прадпрыемства, таму рэагуем на прапановы аператыўна. У студзені атрымалі сертыфікат «Халяль». Ёсць дамоўленасці з казахскімі партнёрамі па пастаўцы ялавічнай каўбасы. Зацікаўленасць выказвае і грузінскі бок. Гэты кірунак мы пакуль толькі прапрацоўваем, але ўжо ёсць усе дакументы і дазволы.
Дарэчы, да навінак на камбінаце ставяцца з асцярогай.
— Мы спрабуем захаваць тую класіку, якая была, — тлумачыць Андрэй Барысенка. — І да навінак дзеля навінак не імкнёмся — хочам вырабляць тое, да чаго наш чалавек прывык — гэта добры савецкі стандарт.
Генеральны дырэктар ААТ «Агракамбінат Дзяржынскі» Уладзімір ЛУК’ЯНАЎ лічыць дзелавую пляцоўку Беларускага аграпрамысловага тыдня вельмі карыснай:
— Сёлета ўсё асабліва добра прапрацавана. Паказаць свае навінкі могуць усе беларускія прадпрыемствы. А паказаць ёсць каму — у тыдні бяруць удзел вялікія і аўтарытэтныя дэлегацыі, якія прыехалі не толькі з краін СНД, але і з далёкага замежжа. Тут завязваюцца рэальныя кантакты, якія мы будзем далей прапрацоўваць і дапрацоўваць. Да таго ж асабістыя сустрэчы і дыялог «вочы ў вочы» значна больш эфектыўны, чым аддаленая праца.
Па словах Уладзіміра Міхайлавіча, пытанняў з рэалізацыяй прадукцыі камбіната няма — трэцяя яе частка ідзе на экспарт, астатняе застаецца для ўнутранага спажывання. А ці гатова прадпрыемства ўкараняць больш навінак?
— Мы паціху пераходзім у іншы сегмент — працуем з рытэйламі, буйнымі расійскімі, і не толькі, сеткамі. І тут падыход «чым больш — тым лепш» не зусім прымальны, — тлумачыць гендырэктар. — Неабходныя аб’ёмы прагаворваюцца загадзя і не на адзін год, як правіла, пасля таго як партнёры азнаёмяцца з вытворчасцю і яе магчымасцямі.
На пытанне, наколькі цікава прадпрыемству супрацоўніцтва з краінамі далёкага замежжа, і якія перспектывы яго наладжвання, Уладзімір Лук’янаў адказаў:
— Наш тавар спецыфічны — паступае ў гандлёвую сетку ў ахалоджаным выглядзе, гэта значыць, практычна свежым, таму і цэніцца, і запатрабаваны. Але ёсць пытанні дастаўкі — гаворка ідзе аб захаванасці, таму сёння адпраўляем сваю прадукцыю ў краіны блізкага замежжа. Тым не менш мы адправілі пробную партыю на Урал. Спадзяёмся, што ўсё пройдзе добра. Новыя рынкі збыту, якія можна знайсці ў іншых краінах, мы таксама разглядаем.
Алена ВІНАГРАДАВА