Top.Mail.Ru

Як фестываль у Александрыі ўплывае на развіццё Прыдняпроўскага краю

«Галоўны рэсурс, які не закладзены ні ў адзін бюджэт, — дух яднання»


Купальскі фестываль у Александрыі — яркая візітоўка Шклоўскага раёна. Дзякуючы фестывалю яго ведаюць далёка за межамі. На Купаллі людзі не толькі адпачываюць душой, але і знаёмяцца, знаходзяць кропкі сутыкнення, дамаўляюцца наконт будучых сустрэч, якія вельмі часта потым пераўтвараюцца ў значныя эканамічныя і культурныя праекты. Хутка рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») запросіць на гасцінную пляцоўку каля Дняпра. Сёння нашы суразмоўцы — народныя выбраннікі — гавораць пра тое, наколькі гэта ўплывовы, карысны і важны для ўсёй краіны праект.

«Мы зрабілі народнае свята больш маштабным і ўплывовым»

Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка лічыць, што гэта свята мае сакральны характар для Беларусі.

— Яно адзначалася на нашай зямлі спрадвеку, нават у савецкія часы на берагах рэк і азёр збіраліся маладыя людзі — плялі вянкі, распальвалі вогнішчы, спявалі, тым самым дэманструючы любоў да роднай зямлі, сваёй культуры, традыцый, — кажа ён. — Мы зрабілі гэта народнае свята больш маштабным і ўплывовым, каб паказаць усяму свету нашу беларускую культуру. Той вялікі кірмаш, які ладзіцца на беразе Дняпра, уражвае сваёй разнастайнасцю і багаццем. Ён дэманструе ўсё тое, чым ганарацца беларусы, — народныя рамёствы, багатую на розныя стравы беларускую кухню, песенную творчасць. Тое, што калісьці было звычайным побытам, захавана і дэманструецца як грамадскі здабытак. За гады існавання фестывалю на ім пабывала шмат гасцей з розных краін. Тут наглядна можна было ўбачыць, наколькі беларуская культура пераплятаецца з культурамі нашых суседзяў. Шмат у чым мы падобныя, але і шмат чаму вучымся адзін у аднаго.

Сёлета больш чым 20 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі прыедзе на купальскае свята. Гэта добрая магчымасць убачыць усю паўнату культурнага багацця шматнацыянальнай братэрскай краіны. Менавіта тут ёсць магчымасць пачуць самабытныя песні розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі, убачыць унікальную беларускую спадчыну ў выглядзе ручнікоў, абрусаў, строяў з арнаментамі і вышыўкай, коды якіх мы нават цалкам яшчэ і не расшыфравалі. Ад той глыбіні, якая раскрываецца праз гэтыя нацыянальныя коды, ажно дух захоплівае. А падвядзенне вынікаў Рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла» сярод маладых сем’яў, якія праз іспыты дэманструюць культуру беларускай вёскі, сведчыць, што традыцыі працягваюцца.

— Гэта свята без меж — у ім ёсць усё, што ўласціва для беларусаў, — і хлебасольныя гандлёвыя рады, і гульні, і выставы, і дасягненні розных вытворцаў, — канстатуе Валерый Малашка.— Гэта ўсё вызначае наш народ як людзей гасцінных. Мы і наша эканоміка праз гэта свята сталі больш вядомымі ў свеце. Пляцоўка ў Александрыі з’яўляецца месцам прыцягнення губернатараў цэлага шэрагу расійскіх рэгіёнаў, на свята прыязджаюць кіраўнікі дыпламатычных місій розных краін. Яны наведваюць розныя мерапрыемствы, ацэньваюць выставачную прастору. Тут шырока прадстаўлены навінкі беларускага аўтапрама, іншых суб’ектаў гаспадарання. Усе сем рэгіёнаў нашай краіны дэманструюць, наколькі мы багатыя і наколькі якасную прадукцыю ствараем. Гэта, безумоўна, уплывае на развіццё беларускай эканомікі, экспарт. Прадукцыя пад знакам «Зроблена ў Беларусі» стала сімвалам якасці, захавання традыцый густу, а таксама ўсяго таго новага, што мы ўносім у нашы тавары.

«Гэта экзамен, які Магілёўшчына здае на «выдатна»

— Для Магілёўскай вобласці «Александрыя» стала свайго роду акном у свет, — адзначае член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр ГАРОШКІН. — Я бачу, колькі ўзаемавыгадных сувязяў было наладжана менавіта падчас нефармальных сустрэч на беразе Дняпра. Фестываль стаў брэндавай асаблівасцю рэгіёна, ён павышае турыстычную прывабнасць не толькі Шклова, але і Магілёва, Горак, Быхава, іншых нашых населеных пунктаў. Пабываўшы аднойчы на «Александрыі», людзі не спяшаюцца з’язджаць хутчэй дадому, застаюцца тут яшчэ на пэўны час, на наступны год прыязджаюць ізноў.

На думку сенатара, свята спрыяе духу яднання, згуртоўвае людзей яшчэ на этапе падрыхтоўкі да яго.

— Галоўны рэсурс, які не закладзены ні ў адзін бюджэт, — дух яднання, — падкрэслівае суразмоўца. — Сёння органы мясцовага кіравання і самакіравання вырашаюць тысячы задач: ад рамонту дарог да добраўпарадкавання. Менавіта свята «Александрыя збірае сяброў» стала тым унікальным феноменам, які ператварае гэты калектыўны дух у канкрэтныя пункты росту. Без гэтага галоўнага складніка нельга сабе ўявіць развіццё Шклоўшчыны. Штогод дзякуючы намаганням выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, грамадскіх актывістаў і проста неабыякавых людзей мы бачым: Шклоўскі раён здольны стварыць умовы для прыёму сотні тысяч гасцей. Гэта не проста свята — гэта экзамен для нашай камунальнай інфраструктуры, лагістыкі і сэрвісу. І Магілёўшчына здае яго на «выдатна».

Вядома, што любая добрая справа пачынаецца з дыялогу. І фестываль дае магчымасць у нязмушанай атмасферы пабудаваць той дыялог, які потым перарасце ў канкрэтныя справы.

— На адной пляцоўцы сустракаюцца кіраўнікі рэгіёнаў Беларусі і нашых партнёраў з-за мяжы, прадпрыемстваў, дэпутаты і простыя сем’і з розных куткоў, — кажа Аляксандр Гарошкін. — Менавіта тут, у неафіцыйнай абстаноўцы, я часта чую рэальныя наказы, якія потым кладуцца ў аснову перспектыўных планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Мы павінны выкарыстоўваць гэты патэнцыял на ўсе сто. Фестываль ужо стаў брэндам Магілёўскай вобласці, наша задача — зрабіць так, каб пасля гэтых яркіх сустрэч у раёне заставаліся не толькі цёплыя ўспаміны, але і новыя працоўныя месцы, сумесныя праекты і моцныя сяброўскія сувязі.

Каб годна прымаць гасцей

Сёлета гэта свята праводзіцца ў Александрыі ў сямнаццаты раз. Нельга не звярнуць увагі на тое, наколькі за гэты час папрыгажэў раён, стаў больш зручным для пражывання. У навядзенні парадку ўдзельнічае і насельніцтва на чале з дэпутатамі.

— Жыхары непасрэдна задзейнічаныя ў падрыхтоўцы, акультурваюць тэрыторыю каля дамоў, каб годна прымаць гасцей, якія прыязджаюць на свята, — кажа старшыня Шклоўскага райсавета дэпутатаў Аляксандр ДАВЫДОВІЧ. — 

Арганізацыі, прадпрыемствы, установы — усе робяць свой унёсак у добраўпарадкаванне раёна. Прыводзяцца ў парадак населеныя пункты, дарогі, якія вядуць да Александрыі. Тыя задачы, якія раён ставіць перад усімі намі, выконваюцца. Мы зацікаўленыя ў тым, каб зрабіць гэты прыгожы куточак Беларусі яшчэ больш прывабным і ўтульным. А інакш і быць не павінна — гэта ж Радзіма Прэзідэнта. А купальскае свята наведвае штогод больш як 100 тысяч гасцей! І сярод іх прадстаўнікі іншых дзяржаў, паслы, гандлёвыя саветнікі, дыпламаты, бізнесмены... Трэба трымаць высокую планку, бо мы прадстаўляем не проста раён, а ўсю Беларусь.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю