Top.Mail.Ru
0

Перасоўны музей «Цягнік Перамогі» зноў прыбывае ў Беларусь

Па вагонах памяці

Многія жыхары Беларусі раней ужо пабывалі ў незвычайным музеі на колах, і ён пакінуў у іх вельмі моцнае ўпражанне. Гэта больш чым экскурсія. Гэта як апынуцца ў машыне часу і раптам аказацца ў цэнтры падзей, аб якіх моладзь ведае толькі па расказах відавочцаў, фільмах, апавяданнях, падручніках. Ёсць і іншыя музеі, аднак тут, у абмежаванай прасторы, час нібыта сціскаецца і горыч страт разам з радасцю і гонарам за тых, хто падарыў нам Вялікую Перамогу, прымушае мацней біцца сэрца ва ўнісон з перастукам колаў гісторыі.

Сачыце за маршрутам

Як паведамілі ў прэс-цэнтры Беларускай чыгункі, грамадска-патрыятычны праект «Цягнік Перамогі» быў запушчаны БЧ сумесна з ААТ «РЖД» пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе. Ён выклікаў вялікую цікавасць і атрымаў высокую ацэнку ў жыхароў Беларусі, таму працягнуўся ў 2022, 2024 і 2025 гадах. 2026-ты не стаў выключэннем.

Сёлета перасоўны музей «Цягнік Перамогі» будзе курсіраваць па Беларусі з 21 чэрвеня да 5 ліпеня. Пачатковы пункт прыпынку — Брэст, канчатковы — Мінск. Цягнік будзе спыняцца не толькі ў гэтых пунктах прызначэння, але і ў іншых абласных цэнтрах, а таксама ў Баранавічах. Пры складанні маршруту руху цягніка ўлічваліся знамянальныя і памятныя даты ў гісторыі нашай краіны.

Брэст, зразумела, стаў першым пунктам прыпынку «Цягніка Перамогі» невыпадкова. Менавіта тут 22 чэрвеня 1941 года пачалася самая жорсткая і кровапралітная вайна ў сусветнай гісторыі, якая забрала жыцці дзясяткаў мільёнаў савецкіх людзей і перамалола ў сваём бязлітасным жарале кожнага трэцяга жыхара Беларусі. Але менавіта тут, на заходнім рубяжы Савецкага Саюза, абаронцы Брэсцкай крэпасці далі такі адпор фашысцкім агрэсарам, паказалі такія беспрэцэдэнтныя прыклады мужнасці і гераізму, што ворагі зразумелі: лёгкай перамогі, як яны планавалі, не будзе. І менавіта тут, у Брэсце, былі зроблены першыя крокі да тады яшчэ далёкай, але відавочнай і непазбежнай Перамогі.

Дзе і калі

Як правіла, цягнік-музей спыняецца не на некалькі гадзін, а на адзін-два дні: 

• у Брэсце экспазіцыя будзе прадстаўлена 21–22 чэрвеня; 

• у Баранавічах — 23 чэрвеня; 

• у Гродне — 24–25 чэрвеня; 

• у Гомелі — 26–27 чэрвеня; 

• у Магілёве — 28–29 чэрвеня; 

• у Віцебску — з 30 чэрвеня да 1 ліпеня; 

• у Мінск «Цягнік Перамогі» прыбудзе 2 ліпеня, і з яго экспазіцыяй у сталіцы можна будзе азнаёміцца да 5 ліпеня.

Эфект прысутнасці

«Цягнік Перамогі» — першая ў свеце інтэрактыўная выстаўка з максімальным эфектам прысутнасці, размешчаная ў цягніку, які рухаецца. 10 тэматычных вагонаў прысвечаны асобным падзеям або вехам Вялікай Айчыннай вайны.

Стварыць эфект прысутнасці дапамагаюць сучасныя тэхналогіі, тут задзейнічаны відэапраектары, мультымедыйныя экраны, аб’ёмны гук, так званая дапоўненая рэальнасць, макеты ў натуральную велічыню. Дапаўняюць атмасферу спецыяльнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы і панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці.

Перадваенныя гады — Вялікая Айчынная — Перамога. Па гэтым гістарычным маршруце наведвальнікаў вядзе дзяўчына Лідзія. Язык не паварочваецца назваць яе выдуманым персанажам і казаць аб ёй як аб функцыі. Лідзія — не проста аўдыягід, гэта зборная выява пакалення, юная савецкая дзяўчына. Яе лёс — гэта лёс краіны. Лідзія дзеліцца ўспамінамі, сямейнай гісторыяй, вопытам пераадолення, вопытам Перамогі. У 1941-м ёй дзевятнаццаць: яна пайшла па слядах бацькі і стала машыністам паравоза. Разам з Лідзіяй, разам з яе прататыпамі — нашымі продкамі — наведвальнікі музея на колах праходзяць шлях ад Гомеля да Масквы, ад Сталінграда да Берліна. І бачаць вайну вачыма сведкаў тых страшных і гераічных падзей.

У 2023 годзе музей папоўніўся новым вагонам аб ваенных трыбуналах над нацыстамі. І гэта вельмі важны дадатак, асабліва сёння, калі аднавілася расследаванне спраў аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ніхто не забыты. Нішто не забыта. Не маем права забыць!

Доўгія вёрсты вайны можна прайсці ў перасоўным музеі «Цягнік Перамогі» за 45 хвілін. Роўна столькі доўжыцца і школьны ўрок. Але гэты ўрок, згадзіцеся, зусім іншага кшталту. І дарагога варты, хоць сама экскурсія абсалютна бясплатная.

У сувязі з абмежаванай прапускной здольнасцю перасоўнага музея яго наведванне будзе ажыццяўляцца толькі арганізаванымі групамі жыхароў рэгіёнаў па бясплатных запрашальных білетах, што размяркоўваюцца абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.

Выстаўка мае ўзроставыя абмежаванні 12+. Усе жадаючыя могуць здзейсніць віртуальны тур па экспазіцыі музея на сайце праекта поездпобеды.рф.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю