Top.Mail.Ru

ЗАТ «Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання» было створана 28 снежня 2016 года і сёлета адзначыць свой 10-гадовы юбілей

Каб вяртаўся пакупнік, а не прадукцыя


У імкненні да поспеху сёння мала проста рухацца, трэба бегчы наперад — гэта добра ведаюць на Асіповіцкім заводзе транспартнага машынабудавання

Адзіным акцыянерам таварыства з’яўляецца Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі. У 2018-м завод стаў рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў». Разам з вытворчымі задачамі прадпрыемства выконвае важную сацыяльную функцыю, забяспечваючы працоўнымі месцамі жыхароў раённага цэнтра.

Дзе раней трацілі, сёння зарабляюць

За сваю невялікую гісторыю Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання і яго калектыў атрымалі прызнанне ў спажыўцоў сваёй прадукцыі. Не заставілі сябе доўга чакаць і заслужаныя ўзнагароды. Па выніках работы за 2024 год завод занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару. Акрамя таго, ён стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Лідары прамысловасці Рэспублікі Беларусь — 2025» у намінацыі «Прадукт года» ў катэгорыі «Рост экспартных паставак».

Дарэчы, мінулы год для прадпрыемства прайшоў пад знакам выпуску новых вырабаў. Адзін з іх — вагон-платформа з драўлянай падлогай, падоўжнымі і кантавымі бартамі і адкіднымі фітынгавымі ўпорамі, з восевай нагрузкай 23,5 т на вось. Ён прызначаны для перавозкі грузаў, якія не патрабуюць аховы ад атмасферных ападкаў.

Яшчэ адна навінка — крыты вагон з суцэльнаметалічным кузавам аб’ёмам 152 куб. м і грузападымальнасцю больш за 69 т, які прызначаны для перавозкі адзінкавых, тарных, пакетаваных, сыпкіх і іншых грузаў, што патрабуюць аховы ад атмасферных ападкаў.

Засвоены таксама выпуск вагона-цыстэрны для перавозкі спірту этылавага рэктыфікаванага і чыгуначнай каляскі, якая выкарыстоўваецца для падкаткі пад грузавыя вагоны з восевай нагрузкай 23,5 т на вось. Раней гэтыя пазіцыі набываліся за мяжой, сёння яны ўжо дапамагаюць прадпрыемству зарабляць.

— Усё дзякуючы планамернай і мэтанакіраванай рабоце па імпартазамяшчэнні, — рэзюмуе дырэктар Асіповіцкага завода транспартнага машынабудавання Мірза ЧАЛАЯН.

Сённяшні рынак прадукцыі транспартнага машынабудавання няпросты, адзначае ён:

— Ёсць глабальныя прадпрыемствы, у якіх 70 % вытворчасці лакалізавана. У гэтай тэме яны дзясяткі гадоў, таму вельмі хутка рухаюцца наперад. Нам жа рухацца мала, нам трэба бегчы наперад. І чым хутчэй мы будзем асвойваць новыя віды прадукцыі, тым больш устойлівым і грунтоўным будзе наша месца пад сонцам. Дарэчы, у 2027 годзе разглядаем магчымасць пастаноўкі на вытворчасць вагона-цыстэрны для перавозкі і часовага захоўвання звадкаваных вугляродных газаў.

Інвестыцыі і здаровыя амбіцыі

Галоўным фактарам для асіповіцкіх машынабудаўнікоў была і застаецца якасць прадукцыі. Нездарма ў адным з цэхаў прадпрыемства на бачным месцы размешчаны слоган «Якасць — гэта калі вяртаецца пакупнік, а не прадукцыя».

— Мы штогод інвестуем сродкі ў закупку абсталявання, — расказвае кіраўнік завода. — Дзякуючы чаму ў нас сёння вытворчасць з высокатэхналагічным абсталяваннем, якое дазваляе выпускаць прадукцыю высокай якасці. Нядаўна набылі два такарных станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, дзякуючы якім аптымізуем некаторыя аперацыі па апрацоўцы дэталяў.

У планах прадпрыемства — засваенне новай тэхналогіі лазернай рэзкі. Лабараторыя неразбуральнага кантролю, якая працуе на заводзе, дазваляе ажыццяўляць ультрагукавы кантроль зварных злучэнняў, радыёграфічны кантроль, вымярэнне таўшчыні матэрыялаў і іншыя віды кантролю. На спецыялізаваным стэндзе праводзяцца статычныя выпрабаванні кантэйнераў-цыстэрн і сухагрузных кантэйнераў.

Размешчанае ў райцэнтры прадпрыемства выпускае буйнагабарытную і ў сваім родзе ўнікальную прадукцыю. Дастаткова адзін раз пабываць у цэхах і на вытворчых участках АЗТМ, каб на свае вочы ўбачыць усю гэтую моц.

— У лінейцы вытворчасці — грузавы рухомы састаў: крыты вагон, вагоны-платформы розных мадэляў — 40-футавыя фітынгавыя і ўніверсальныя, 80-футавыя фітынгавыя, вагоны-цыстэрны нафтабензінавыя, для расліннага алею, для перавозкі і часовага захоўвання спірту, — пералічвае Мірза Чалаян. — Вырабляем таксама кантэйнеры-цыстэрны, у тым ліку для хімічна агрэсіўных наліўных грузаў і звадкаваных вуглевадародных газаў, універсальныя сухагрузныя кантэйнеры ў выкананні HіghCube 20 і 40 футаў.

Новыя кірункі

Асноўнымі спажыўцамі прадукцыі завода з’яўляюцца кампаніі-рэзідэнты краін ЕАЭС, якія займаюцца перавозкамі грузаў: аператары чыгуначнага рухомага саставу, танк-кантэйнераў, універсальных кантэйнераў, прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу і іншых галін, дзе патрабуюцца грузавыя вагоны і кантэйнеры. 90 % вырабленай прадукцыі экспартуецца. Вытворчыя магутнасці завода дазваляюць выпускаць да 2 тысяч грузавых вагонаў у год і здольныя закрыць любыя патрэбы.

— Беларускай чыгунцы да канца гэтага года мы паставім 100 грузавых вагонаў, — знаёміць з перспектывамі збыту прадукцыі дырэктар прадпрыемства. — Заключаны дагавор на пастаўку 43 універсальных платформ мадэлі 13-9572, і ўжо адгружана 13 вагонаў. Акрамя таго, плануем вырабіць яшчэ 57 адзінак чыгуначнага рухомага саставу.

Важным рынкам збыту прадукцыі Асіповіцкага машынабудаўнічага завода з’яўляецца Расійская Федэрацыя. Аднак у геаграфіі паставак у перспектыве з’явяцца і іншыя кірункі.

— Мы прэзентуем сваю прадукцыю на розных міжнародных спецыялізаваных выстаўках, — гаворыць Мірза Чалаян. — Нядаўна тэхнічныя магчымасці прадпрыемства былі прадстаўлены ва Узбекістане.

Па словах дырэктара, цікавасць да выпускаемай у Беларусі прадукцыі чыгуначнага прызначэння праявіла і Грузінская чыгунка. Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання гатовы да розных варыянтаў узаемадзеяння, у тым ліку і па прамысловай кааперацыі. Менавіта такія магчымасці разглядаюцца ў супрацоўніцтве з краінамі Афрыкі, падкрэслівае Мірза Чалаян:

— Нядаўна дэлегацыя нашага прадпрыемства вярнулася з Танзаніі. Праект, які там разглядаем, датычыцца пастаўкі грузавых вагонаў і кантэйнераў, дапамогі і сумеснай работы ў арганізацыі вытворчасці. І я лічу яго перспектыўным.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю