Top.Mail.Ru

Калі жывёлы сытыя і дагледжаныя, дык і вынікі ўражваюць

У Глыбоцкім аграпрамысловым аб’яднанні — шэсць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Кожнае з іх выконвае функцыю дзяржаўнай важнасці, забяспечваючы харчовую бяспеку Беларусі і яе жыхароў. Але ўсё ж аб адным з іх — СУП «Мярэцкія» — варта расказаць асобна. Яно па праве лічыцца адным з перадавых і найбольш буйных у рэгіёне і адыгрывае важную ролю ў эканоміцы Глыбоччыны.


На новым узроўні

У ліку асноўных спецыялізацый гаспадаркі — жывёлагадоўля мяса-малочнага напрамку. Не так даўно тут быў уведзены ў строй новы малочнатаварны комплекс «Мярэцкія». Пабываўшы на ім, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый ГОРЛАЎ адзначыў, што гэты МТК стаў прыкладам новага ўзроўню арганізацыі вытворчасці — з сучаснымі тэхналогіямі, высокай культурай утрымання жывёл і бездакорным парадкам.

У гаспадарцы — 4 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Пагалоўе вялікае, і, каб забяспечыць яму сытую зіму, неабходна нарыхтаваць 17 тысяч тон корму, на галаву — па 30 кармавых адзінак. Выконваючая абавязкі галоўнага агранома Аксана КАЛІЦКАЯ адзначае, што пасля пасяўной асноўным клопатам работнікаў прадпрыемства становіцца нарыхтоўка кармоў.


— І працуем мы ў гэтым кірунку да «белых мух». Да нормы, вядома, яшчэ далёка, але і корманарыхтоўчыя работы сёння ў самым разгары. Займаемся і хімічнай праполкай кукурузы. Сёлета плануем сабраць 17 тысяч тон гэтай культуры. Усё ідзе па плане, а калі яшчэ і надвор’е будзе дапамагаць, то кармамі нашы кароўкі будуць забяспечаны спаўна і нават больш, — упэўнена Аксана Каліцкая.

Захаванасць маладняку — стапрацэнтная

На малочнатаварны комплекс «Мярэцкія» едзем з намеснікам дырэктара СУП Юрыем НАРОВІЧАМ. Дарогай ён расказвае:

— У нашай гаспадарцы два малочнатаварныя комплексы — новы, здадзены ў эксплуатацыю ў 2024 годзе, і 40-гадовы «ветэран», які мае патрэбу ў мадэрнізацыі. На новым МТК памяшканні разлічаны на 1200 галоў буйной рагатай жывёлы. Пакуль на бяспрывязным утрыманні там знаходзяцца 890 кароў, з іх больш за 770 галоў — дойны статак.


Па словах Юрыя Вячаслававіча, магчымасці для пашырэння ёсць. Прадпрыемства плануе ўзнавіць пагалоўе на 40 %, прычым зыходзячы з уласных магчымасцяў.

Першы аб’ект, на які мы трапляем на комплексе, — арачнік для дагадоўвання і прафілакторый для цялят. Чыстыя, светлыя, з добрай вентыляцыяй памяшканні, у кожнага цяляці — свой домік з сухім і цёплым подсцілам. За харчаваннем і гігіенай падапечных сочыць жывёлавод Марыя РАМАШКА:

— Аб здароўі цялят клапоцімся літаральна з першых хвілін іх з’яўлення на свет. Ветэрынар у радзільнай зале дзяжурыць кругласутачна. Каб на выпадак начнога цялення хутка размарозіць малодзіва і спаіць яго цяляці. Гэта вельмі важна — разам з малодзівам яно атрымлівае імунітэт, які неабходны для здаровага развіцця. Яшчэ мы абаграваем цялят інфрачырвонымі лямпамі.

Вынік уражвае: захаванасць маладняку — стапрацэнтная.


Догляд 24/7

Наступны аб’ект — кароўнікі на новым комплексе. Тут таксама светла і ёсць адчуванне вялікай прасторы. Каровы — на бяспрывязным утрыманні, у іх ёсць мяккія подсцілы, а ўборка ажыццяўляецца кожныя дзве гадзіны. Сачыць кругласутачна за тым, што адбываецца вакол памяшкання, дапамагаюць камеры відэаназірання, устаноўленыя па перыметры аб’екта.

— Тут створаны ўсе ўмовы, каб атрымліваць высокія надоі і прыбаўленні ў вазе, — канстатуе Юрый Наровіч. — Плюс правільна складзеныя рацыёны і ўзнаўленне статка.


Дарэчы, штат прадпрыемства цалкам укамплектаваны заатэхнікамі і ветурачамі. Як у любой іншай гаспадарцы, ёсць некаторыя праблемы з жывёлаводамі і аператарамі машыннага даення. Часткова яны вырашаюцца за кошт жыхароў далучаных да «Мярэцкага» вёсак Івесь і Азярцы.

— Мы забяспечылі людзей працоўнымі месцамі, — тлумачыць намеснік дырэктара. — А паколькі жывуць яны за 50 кіламетраў ад МТК, арганізавалі падвоз іх на комплекс і дадому.

Ад фермы да прылаўка

Сёння СУП «Мярэцкія» смела можна назваць прадпрыемствам з замкнёным цыклам вытворчасці — у 1996-м тут вырашылі пайсці на эксперымент і адкрылі цэх па перапрацоўцы малака. Эксперымент даў добры вынік, і сёлета цэх адмераў ужо трэці дзясятак сваёй дзейнасці.


— Перапрацоўка стала для нашага прадпрыемства свайго роду падмуркам эканомікі. У 2025 годзе аб’ёмы вытворчасці склалі 211 тон сырнай прадукцыі, мы зарабілі амаль 6 мільёнаў рублёў, — дзеліцца лічбамі Юрый Вячаслававіч.

Штомесяц цэх выпускае каля 20 тон сырнай прадукцыі, якая пастаўляецца ва ўсе рэгіёны Беларусі. У гаспадаркі ёсць фірменны магазін у вёсцы Марцыбыліна, але ўсё ж галоўны ўпор — на прамое супрацоўніцтва з буйнымі гандлёвымі сеткамі.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю