Top.Mail.Ru
0

Вось-вось па ўсёй краіне разгорнецца ўборачная кампанія — тэхніка не павінна падвесці

На лінейцы гатоўнасці

Масавая ўборка збожжавых і зернебабовых культур у краіне яшчэ не пачалася. Але паведамленні з палёў ужо ёсць: на Брэстчыне прыступілі да жніва азімага ячменю, а на Міншчыне, у прыватнасці ў Бярэзінскім раёне, убіраюць на зерне азімую свірэпіцу. 

Да ранняга старту з-за паскоранага паспявання збожжавых рыхтуюцца ў Магілёўскай і Гродзенскай абласцях. У астатніх рэгіёнах Беларусі падрыхтоўка да масавага жніва ідзе поўным ходам, асаблівая ўвага — тэхніцы.

— Ужо праз тыдзень — дзесяць дзён пачнецца ўборка не толькі рапсу, у нас жа яшчэ азімы ячмень — тое, на што мы разлічвалі. Трэба, каб усе камбайны былі ў рабоце. Гэта злачынства, калі не адрамантуюць камбайны.

Аляксандр Лукашэнка падчас даклада Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына кіраўніку дзяржавы, 23 чэрвеня 2026 года

Выразная сістэма каардынацыі

— Тэмпы зніжаць нельга, таму сёння пытанні падрыхтоўкі тэхнікі і абсталявання да ўборачнай знаходзяцца на пастаянным кантролі, — канстатуе намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання Мінсельгасхарча Аляксандр МАТВЕЙЧУК.

Сістэма каардынацыі выбудаваная на рэспубліканскім і абласным узроўнях. У штабе сельскагаспадарчай галіны штодня ў рэжыме відэаканферэнцыі праходзяць селектарныя нарады. Варта адзначыць, што ў іх прымаюць удзел прадстаўнікі не толькі Мінсельгасхарча, профільных упраўленняў аблвыканкамаў, але і Міністэрства прамысловасці, заводаў-вытворцаў сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі.

— Такі фармат дазваляе выяўляць і ліквідаваць любыя тэхнічныя праблемы ў рэжыме рэальнага часу, — тлумачыць спецыяліст.

Прастоі — выключыць

Па словах Аляксандра Матвейчука, матэрыяльна-тэхнічная база беларускіх аграрыяў пастаянна абнаўляецца і дазваляе правесці ўборку збожжавых і зернебабовых культур у поўным аб’ёме і ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны:

— Да жніва на палях Беларусі прыступяць 6,9 тысячы збожжаўборачных камбайнаў. На сённяшні дзень іх тэхнічная гатоўнасць наблізілася да 70 %. Што датычыцца падрыхтоўкі спецыялізаванага абсталявання, то больш за 90 % рапсавых жняярак (а іх каля 4,4 тысячы) ужо прайшлі праверку. Таксама праверана вялікая частка з 1,7 тысячы зернеачышчальна-сушыльных комплексаў.

Прадмет пільнай увагі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання — бесперабойнае забеспячэнне аграрыяў запаснымі часткамі.

— Мы не павінны дапусціць прастою тэхнікі ў напружаную ўборачную пару з-за недахопу камплектуючых, — перакананы Аляксандр Матвейчук. — З гэтай мэтай на сайце нашага ведамства размешчана інфармацыйна-пошукавая сістэма «Тэхсэрвіс», якая ў рэжыме анлайн паказвае наяўнасць неабходных дэталяў на складах арганізацый Белаграсэрвісу і базах забеспячэння прамысловых прадпрыемстваў.

На яго думку, такі сэрвіс не толькі дапамагае хутка прымаць рашэнні, але і значна спрашчае лагістыку паставак неабходных запчастак і камплектуючых.

Кантрольныя лічбы

Перад пачаткам масавых палявых работ тэхнічная гатоўнасць усяго парка машын павінна дасягнуць нарматыўнага паказчыка не ніжэй за 95 %, паведамілі ў Мінсельгасхарчы. І да гэтай лічбы імкнуцца ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Як адзначалася, жніво ўжо пачалося ў Брэсцкай і Мінскай абласцях. Аграрыі цэнтральнага рэгіёна задзейнічаюць на ўборачнай больш за 1500 камбайнаў. На Брэстчыне сёлета ў жніве будуць удзельнічаць 1320 адзінак збожжаўборачнай тэхнікі, 

у тым ліку 100 новых машын. Таксама аграрыі першага рэгіёна, акрамя ўжо наяўных, плануюць задзейнічаць на ўборцы 7 новых зернесушыльных комплексаў, будаўніцтва якіх пачалі ў 2025 годзе.

На Гомельшчыне гатоўнасць камбайнаў да жніва плануюць давесці да 90 % ужо да 1 ліпеня. Вобласць разлічвае на ўраджай у аб’ёме каля 1,1 млн т збожжавых каласавых і каля 100 тысяч т рапсу.

Гродзенскія аграрыі плануюць задзейнічаць на ўборачнай каля 4,5 тысячы механізатараў. У дапамогу аграрыям накіруюць яшчэ каля 370 механізатараў і іншых работнікаў прамысловых прадпрыемстваў, а таксама прыцягнуць 170 адзінак аўтатрактарнай тэхнікі з розных арганізацый і прадпрыемстваў рэгіёна.

На Магілёўшчыне кіпіць праца не толькі ў майстэрнях мехдвароў, але і на зернесушыльных комплексах, у полі зроку — транспарціровачныя механізмы, стужкі, ланцугі, электраабсталяванне. Слесары і зваршчыкі ліквідуюць усе непаладкі, каб збожжа новага ўраджаю бесперабойна праходзіла сушку і ачыстку.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю