Вучыся і працуй
Першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Андрэй КАЛМЫКОЎ бачыць некалькі пераваг мэтавага дагавора:
— Перш за ўсё, гэта клопат гаспадарак пра сваё будучае. Яны думаюць пра бліжэйшую перспектыву, бо тэрмін навучання складае ў нас чатыры гады. Гаспадаркі фінансава стымулююць маладога чалавека штомесячнымі выплатамі. У сярэднім студэнт атрымлівае ад будучага працадаўцы да
10 базавых велічынь. Хаця ёсць прыклад, калі плацілі нават 20.
Выплаты прывязваюцца да паспяховасці студэнта. У дагаворы, напрыклад, прапісваецца, што сярэдні бал сесіі павінен быць не менш сямі. ВНУ адпраўляе заказчыку кадраў вынікі здачы сесіі, і той ужо арыентуецца, колькі студэнту плаціць.
— Гэта вітаецца, бо добра ўплывае на паспяховасць студэнта, — аргументуе Андрэй Калмыкоў.
Вялікі плюс і ў тым, што маладыя людзі вяртаюцца на малую радзіму, бо мэтавыя дагаворы заключаюцца, як правіла, з мясцовымі жыхарамі. Там яны працуюць, ствараюць сем’і і... застаюцца.
— А гэта вельмі важна для развіцця рэгіёнаў, сельскіх населеных пунктаў, — звяртае ўвагу першы прарэктар.
Таксама перавага ў тым, што малады чалавек атрымлівае магчымасць яшчэ на стадыі вучобы працаўладкавацца.
— У нас на 70 % практыкаарыентаваная падрыхтоўка, — кажа Андрэй Калмыкоў. — Практыку мэтавік праходзіць у арганізацыі, якая яго накіравала ў ВНУ. Як правіла, студэнтаў там бяруць не ў якасці практыкантаў, а афармляюць на працу ў адпаведнасці з дзяржпраграмай «Вучыся і працуй», якая заахвочвае маладых людзей працаваць падчас вучобы. Гэта вельмі добры падыход. Нашы студэнты ўдзельнічаюць у пасяўной і ўборачнай кампаніях, нарыхтоўцы зялёных кармоў.
Мэта — зацікавіць
Для мэтавіка лепш за ўсё заключыць дагавор з гаспадаркай яшчэ тады, калі ён вучыцца ў школе.
— Па заканадаўстве мы павінны паспець аформіць дзяржзаказ на спецыяліста ўжо ў верасні—кастрычніку, апошні тэрмін — сакавік, — тлумачыць спецыяліст па кадрах ААТ «Світанак» імя К. П. Арлоўскага" Ірына ШЧАРБЯЛЁВА. — На аснове гэтага і складаецца мэтавы дагавор.
«Пернікаў» для мэтавікоў у «Світанка» хапае. Штомесяц гаспадарка плаціць стыпендыі, у залежнасці ад паспяховасці. Першы семестр усе студэнты атрымліваюць па адной базавай велічыні, а ўжо з другога — у залежнасці ад сярэдняга бала. Максімальная сума з гэтага года — пяць базавых. Калі маладыя спецыялісты прыходзяць на адпрацоўку, ім даюць жыллё. У якасці аднаразовай дапамогі яны атрымліваюць пад’ёмныя. Выплаты прадугледжаны і тым, хто вяртаецца ў гаспадарку пасля арміі. Маладыя спецыялісты атрымліваюць штомесячныя даплаты да двух гадоў адпрацоўкі. Пасля двух гадоў знаходжання ў гаспадарцы, калі на працягу месяца не было бальнічных, адпачынкаў за свой кошт, штомесячная даплата можа скласці больш чым 200 рублёў. Па калектыўнаму дагавору прадугледжана матэрыяльная дапамога да аздараўлення, пры заключэнні шлюбу, нараджэнні дзіцяці.
Генеральны дырэктар ЗАТ «Агракамбінат „Зара“ Кацярына ЗАРОЎСКАЯ заўважае, што сёння малады чалавек сам зацікаўлены ў рабоце ў сельскай гаспадарцы, асабліва калі арганізацыя сучасная і там ёсць чаму павучыцца. Мэтавікам гаспадарка плаціць стыпендыі і стварае камфортныя ўмовы для работы.
— На працягу вучобы стымулюем студэнта рублём, — удакладняе гендырэктар. — Калі малады спецыяліст прыходзіць на работу ды яшчэ з сям’ёй, даём кватэру, адзінокім выдзяляем пакой у інтэрнаце або часцей за ўсё аднапакаёўку на час адпрацоўкі. Аграном-інжынер, калі мае пасведчанне кіроўцы, атрымлівае ў сваё карыстанне службовае аўто. Нядаўна ўвялі ў працоўны дагавор яшчэ адзін стымулюючы момант, калі спецыялістам сярэдняга звяна, начальнікам падраздзяленняў і намеснікам кіраўніка ў выпадку заключэння кантракта на тры гады выплачваем аднаразовую дапамогу ў суме 100 базавых, на 5 гадоў — 150. Калі чалавек звальняецца раней, ён павінен вярнуць гэтыя грошы.
Зрабілі свой выбар
Вядома, хтосьці адпрацаваў неабходны тэрмін і з’ехаў у горад, але працэнт замацавання мэтавікоў у гаспадарках таксама высокі. Галоўны аграном ААТ „Світанак“ імя К. П. Арлоўскага» Андрэй СКРАБЛЕВІЧ, напрыклад, затрымаўся пасля адпрацоўкі на 10 гадоў.
— Я ж вясковы жыхар, родам з Глушчыны, — гаворыць ён. — Мне падабаецца працаваць у сельскай гаспадарцы. Спачатку нам з жонкай далі пакой у гасцініцы, а калі нарадзілася першае дзіця, гаспадарка купіла нам у растэрміноўку трохпакаёўку ў Мышкавічах. Пры заключэнні новага кантракта выплачваецца дапамога. Зарплата зараз нармальная. Перспектывы для кар’ернага росту ёсць.
У гэтай жа гаспадарцы з 2014 года працуе аграномам Іван ФЯДОТАЎ, які таксама прыехаў сюды па мэтавым дагаворы.
— Пасля Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа адразу ж паступіў на трэці курс БДСГА, — кажа ён. — Падстрахаваўся, каб вярнуцца менавіта ў гэты раён, і трапіў у «Світанак». Адсюль пайшоў у армію і сюды ж вярнуўся. Атрымаў як малады спецыяліст даплату. Ажаніўся, выхоўваем з жонкай двух дзяцей. Усё падабаецца, на іншай рабоце сябе ўжо і не ўяўляю.
Нэлі ЗІГУЛЯ