Поўны тэхналагічны цыкл — ад канструявання, выпуску асноўных вузлоў і агрэгатаў да зборкі і кіравання гатовым прадуктам. Найшырэйшы мадэльны рад тэхнікі магутнасцю ад 9 да 360 конскіх сіл рознай камплектацыі. Дарожныя, лясныя і спецыяльныя машыны, тэхніка для зімовых відаў спорту, плугі, станкі, інструмент. Усё гэта — пра Мінскі трактарны завод, які ў маі адзначыў сваё 80-годдзе. А яшчэ на прадпрыемстве ёсць уладальнік Дзяржаўнага знака якасці — трактар BELARUS-1222.З.
Невыпадковы выбар
Чаму менавіта гэтую мадэль удастоілі прэстыжнай дзяржаўнай узнагароды?
— Выбралі яе невыпадкова, — расказвае генеральны канструктар ААТ «МТЗ» Ігар ЗЯМЦОЎ. — А калі выбралі, пачалі сур’ёзную работу па распрацоўцы, канструяванні і непасрэдным вырабе мадэлі. Па сутнасці, яна стала мадэрнізаваным працягам мадэлі 1221 — самага папулярнага ў спажыўцоў трактара, які даволі добра сябе зарэкамендаваў на ўсіх рынках і ў першую чаргу дзякуючы сваёй надзейнасці і якасці.
BELARUS 1222.3 сёння ўпэўнена працуе ў розных кліматычных зонах — ад Беларусі і Расіі да краін Афрыкі і Цэнтральнай Азіі. Гэта вельмі ўніверсальная машына. Завод ужо выпусціў каля тысячы такіх трактароў, і попыт на іх працягвае расці.
— Мы ўвесь час рухаемся наперад, канкурэнты не даюць нам іншага шляху, — канстатуе Ігар Зямцоў. — Цяпер актыўна працуем над мадэллю магутнасцю 542 конскія сілы, паралельна развіваем 82.4, у 12-й серыі працягваем працу над 1523. Работы зводзяцца да павелічэння магутнасці, аб’ёму гідраўлікі, змяншэння колькасці дэфектаў, павышэння камфорту аператара.

Дарэчы, пытанні камфорту, зручнасці і бяспекі аператара таксама былі прыярытэтнымі ў распрацоўцы і стварэнні «знакавай» мадэлі трактара.
Сёння 1222.З — гэта хоць і тытулаваная, папулярная, прызнаная мадэль, але яна паволі сыходзіць у найноўшую гісторыю прадпрыемства. На слыху і навідавоку — новая мадэль магутнага, у 542 конскія сілы трактара. Хто ведае, можа, яна прынясе прадпрыемству другі Дзяржаўны знак якасці? Аднак генеральны канструктар да такой перспектывы ставіцца вельмі асцярожна:
— Мадэль у стадыі распрацоўкі і выпрабаванняў. Машыне трэба папрацаваць у рэальных умовах і ў рэальнага спажыўца, які дасць па выніках ёй ацэнку. Але наша прадукцыя ўжо атрымала Дзяржаўны знак якасці, значыць і астатнюю трэба падцягваць пад гэты стандарт. Будзем працаваць.

Пяць складнікаў поспеху
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі Алена МАРГУНОВА нагадала, што кожны прамень пяцівугольніка Дзяржаўнага знака якасці мае свой сэнс і значэнне. Гэта тыя крытэрыі, па якіх ацэньваюцца яго суіскальнікі: бяспека, экалагічнасць, тэхналагічнасць, інавацыйнасць і эстэтычнасць. Яна таксама паведаміла, што кампанія па прысваенні Дзяржаўнага знака якасці ў гэтым годзе ўжо выйшла на свой ключавы этап:
— Заяўкі на ацэнку звыш 260 найменняў прадукцыі даслалі больш чым 150 прадпрыемстваў. У галіновай структуры суіскальнікаў лідзіруюць харчовыя тавары, далей ідзе прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння, замыкаюць спіс прамысловыя тавары для насельніцтва.

Па словах Алены Міхайлаўны, цяпер дакументы вытворцаў праходзяць усебаковую і строгую праверку па ўсіх пяці паказчыках. Паралельна ідзе галасаванне спажыўцоў, якое працягнецца па 26 ліпеня ўключна і падчас якога людзі змогуць ацаніць візуальны складнік — эстэтычнасць.
Галоўнай навіной кампаніі па прысваенні Дзяржаўнага знака якасці 2026 года стала ўзмацненне жорсткасці правілаў адбору:
— Дзяржаўны знак якасці не можа быць прысвоены прадукцыі, у назве якой выкарыстоўваюцца замежныя геаграфічныя найменні, не звязаныя з тэрыторыяй Рэспублікі Беларусь, — канстатуе Алена Маргунова.
На яе думку, паколькі Дзяржаўны знак якасці з’яўляецца вышэйшай формай прызнання, усталяванне жорсткіх патрабаванняў да геаграфічнай прывязкі ў назве з’яўляецца абсалютна правамерным фільтрам.
Беражлівы менеджмент
Мінскі трактарны завод першым у Беларусі атрымаў сертыфікат беражлівай вытворчасці. Цікавімся ў Алены Маргуновай, што гэта за дакумент, наколькі ён важны і як дапаможа развівацца прадпрыемству далей?
— Распрацаваны адпаведны стандарт, які кантралюе ўсе крытэрыі беражлівай вытворчасці. Іх 14, і прадпрыемства само выбірае, на якія яно акрэдытоўваецца. Сістэма беражлівай вытворчасці — гэта павышэнне прадукцыйнасці працы, зніжэнне выдаткаў, даследаванне тых рэзерваў, якія могуць дазволіць знізіць гэтыя выдаткі. Гэта і паляпшэнне падыходаў да аховы працы, і многае іншае.

На МТЗ трансфармацыя стартавала ў 2022 годзе. Укараняць сістэму было складана, прызнаецца Ігар Зямцоў:
— За доўгія гады выстаяліся пэўныя рэчы. Даводзіцца ўсё перабудоўваць, ламаць, рабіць нанова. Але большасць работнікаў ставяцца да перамен з энтузіязмам, разумеючы, што гэта вядзе да развіцця прадпрыемства. Што тычыцца вытворчага працэсу, то галоўнай мэтай беражлівага менеджменту з’яўляецца скарачэнне часу ад закупкі матэрыялаў да выпуску гатовай прадукцыі. Матэрыялы і камплектуючыя не павінны залежвацца на прадпрыемстве, а працаваць з колаў: паступілі — усталявалі — рэалізавалі.
Кантроль — шматступенны
Са зборачнай вытворчасцю нас знаёміць начальнік корпуса зборкі трактароў Аляксей ПАРТНОЙ:
— У змену мы збіраем 20 і больш трактароў мадэлі 1222.3. Працуем не на склад — толькі пад заказ. Попыт на гэтыя трактары добры, таму канвеер працуе практычна без перабояў.
На думку начальніка КЗТ, пакупнікоў, акрамя добрай якасці, у гэтай мадэлі прыцягвае высокатэхналагічнае «начынне» — кабіна з кандыцыянерам, сучасныя прыборныя панэлі з GPS-экранамі, эрганоміка органаў кіравання.
— Кожны трактар праходзіць шматступенны кантроль якасці, — падкрэслівае ён.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ