Выбары 1994 года праходзілі ва ўмовах найвастрэйшага палітычнага, эканамічнага і сацыяльна-культурнага крызісу. З-за разрыву традыцыйных гаспадарчых сувязяў часоў СССР Беларусь перажывала глыбокі эканамічны спад: узровень ВУП у 1993 годзе знізіўся на 7,6 %, а ў 1994 годзе абваліўся яшчэ на 11,7 %!
Пасля дзесяцігоддзяў валютнай стабільнасці, калі рубель з 1961 года і да канца 1980-х не мяняў сваёй пакупніцкай здольнасці, беларусы нечакана сутыкнуліся з гіперінфляцыяй, якая ў 1994 годзе склала рэкордныя 2220 %! Прадаўцы ў крамах не паспявалі мяняць цэннікі на пакінутыя на паўпустых прылаўках нешматлікія тавары, якія, да таго ж, адпускаліся яшчэ і па талонах, лімітавана, а не толькі за «зайчыкі», што імкліва абясцэньваліся.
Прамысловая вытворчасць у 1994 годзе скарацілася адразу на 14, 6 %! Страшнай рэальнасцю стала масавае збядненне грамадзян: іх рэальныя даходы ўпалі амаль у два разы, а за рысай пражытачнага мінімуму апынулася больш за 60 % насельніцтва краіны. Глыбокая сацыяльная апатыя ахапіла грамадства, былі страчаныя ранейшыя ідэалагічныя арыенціры і духоўныя каштоўнасці, рэзка знізіўся прэстыж адукацыі, у якасці ўзораў для пераймання праз «апапселае» і залішне «дэмакратызаванае» тэлебачанне і кіно навязваліся крымінальныя аўтарытэты і жанчыны нялёгкага лёсу, але лёгкіх паводзін. Крымінал і карупцыя правілі баль на вуліцах і ў дзяржустановах, усё цясней перапляталіся паміж сабой і зрошчваліся злачынныя групоўкі, бізнес, які толькі нараджаўся, і некаторыя прадстаўнікі дзяржаўнай бюракратыі.
У гэтых умовах за пасаду Прэзідэнта, якая ўпершыню ўзнікла ў Беларусі дзякуючы прыняццю новай Канстытуцыі ў красавіку 1994 года, вырашылі пазмагацца тры асноўныя сілы. Па-першае, старая савецкая наменклатура (безыдэйныя прыстасаванцы, якія імкнуліся ўтрымаць свае пасады і сувязі, а таксама «палавіць рыбку» ў каламутнай вадзе «дэмакратычных рынкавых рэформаў»), якая вылучыла ў якасці свайго асноўнага прэтэндэнта дзейнага прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча. Па-другое, нацыянал-лібералы, арыентаваныя на Захад, якія выступалі за найхутчэйшы і найпаўнейшы разрыў з савецкім мінулым і заклікалі як у вір з галавой акунуцца ва ўсе «прыгажосці» лібералізму: алігархічна-кланавую палітычную сістэму «парламенцкай дэмакратыі», рынак, «які самарэгулюецца», агульную прыватызацыю, нацыяналістычны русафобскі чад. Іх прадстаўлялі два яскравыя персанажы: заўзяты нацыяналіст Зянон Пазняк і разбуральнік СССР Станіслаў Шушкевіч. Было і некалькі прахадных кандыдатур, якія ўступілі ў палітычную барацьбу для масоўкі і без асаблівай падтрымкі. А вось кандыдатам «ад народа», чалавекам, які адлюстроўваў сапраўдныя спадзяванні і імкненні грамадства, стаў малады дэпутат Вярхоўнага Савета Аляксандр Лукашэнка. Ён зрабіў стаўку на простыя і зразумелыя людзям мэты: барацьба з карупцыяй, аднаўленне эканамічных сувязяў з Расіяй, абарона рускамоўнага насельніцтва і сацыяльная справядлівасць. Лозунгам першай перадвыбарнай кампаніі будучага ўсенароднага лідара Беларусі, сапраўднага Бацькі беларусаў, стала максіма: «Адвесці краіну ад бездані». І ён не падвёў, здолеў яе рэалізаваць.
У другім туры выбараў, які адбыўся 10 ліпеня 1994 года, Аляксандр Лукашэнка атрымаў пераканаўчую перамогу з вынікам 80,3 % галасоў. Гэта быў рэкордны паказчык, які сведчыў аб каласальным даверы народа. Беларусы ўбачылі ў Аляксандры Лукашэнку не проста палітыка, а «свайго хлопца» — чалавека, які выйшаў з народа, які разумее праблемы простых людзей. Яго абяцанні «навесці парадак» і «пакараць зладзеяў» знайшлі водгук у сэрцах мільёнаў беларусаў, якія стаміліся ад хаосу і беззаконня. Узровень даверу быў настолькі высокім, што выбраны Прэзідэнт фактычна атрымаў карт-бланш на правядзенне любых рэформаў.
А рэформы патрабаваліся неадкладна! Адразу пасля інаўгурацыі пачалося жорсткае супрацьстаянне паміж маладым Прэзідэнтам і старым Вярхоўным Саветам, які быў сфарміраваны яшчэ ў савецкую эпоху. Парламент складаўся з 360 дэпутатаў, многія з якіх былі прадстаўнікамі старой наменклатуры, што не жадала страчваць уладу і кантроль над рэсурсамі. Аляксандр Лукашэнка настойваў на жорсткім дзяржаўным рэгуляванні, захаванні калгасаў і падтрымцы прамысловасці. Парламент наадварот патрабаваў лібералізацыі, прыватызацыі і скарачэння сацыяльных абавязацельстваў.
Разграбаючы аўгіевы стайні злачыннасці і карупцыі, Прэзідэнт пачаў крымінальныя справы супраць шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў, што выклікала лютае супраціўленне дэпутацкага корпуса, многія прадстаўнікі якога былі звязаны з гэтымі коламі.
Аляксандр Лукашэнка выступаў за цесную інтэграцыю з Расіяй, у той час як парламенцкая большасць глядзела ў бок Захаду, схілялася да амерыкана-еўрапейскай шматвектарнасці і дыстанцыіравання ад Масквы.
Парламент устаўляў палкі ў колы Прэзідэнту, блакіраваў яго ўказы, не зацвярджаў назначэнні міністраў, спрабаваў абмежаваць паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Каб пераадолець «парламенцкі сабатаж», навесці парадак у сістэме кіравання, выбудаваць узаемаадносіны органаў дзяржаўнай улады такім чынам, каб яны не перашкаджалі, а дапамагалі адзін аднаму дзеля эфектыўнай дзейнасці на карысць грамадства, Аляксандру Лукашэнку зноў спатрэбілася падтрымка народа. І ён звярнуўся да спосабу, які быў апісаны яшчэ класікам палітычнай думкі Максам Вэберам, — да плебісцытарнай дэмакратыі, сутнасць якой зводзіцца да таго, што народны лідар можа пераадолець супраціўленне закасцянелай дзяржаўнай бюракратыі шляхам прамога звароту да народных мас на рэферэндумах і плебісцытах. І спосаб аказаўся дзейсным!
Першы такі вопыт адбыўся ў 1995 годзе, калі на рэферэндум былі вынесены чатыры пытанні: аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай, аб новых дзяржаўных сімвалах, аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і аб праве Прэзідэнта датэрмінова распускаць парламент. Усе чатыры пытанні былі адобраны большасцю грамадзян.
Гэта стала важным прэцэдэнтам: Аляксандр Лукашэнка паказаў, што не баіцца пытаць меркаванне народа і што народ давярае яму больш за дэпутатаў. Пасля рэферэндумы сталі ключавым інструментам легітымацыі палітычных рашэнняў.
У 1996 годзе адбыўся рэферэндум, што ўнёс змены ў Канстытуцыю: аднапалатны парламент (Вярхоўны Савет) быў заменены прафесійным двухпалатным Нацыянальным сходам, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. У 2004 год народ даў права Аляксандру Лукашэнку вылучацца на чарговы тэрмін, паколькі іншых рэальных прэтэндэнтаў на лідарства проста не было, а рэформы ў краіне трэба было працягваць. У 2022 годзе Прэзідэнт звярнуўся да народа для ўнясення змяненняў у Асноўны закон на фоне выклікаў сур’ёзнага геапалітычнага крызісу, і зноў атрымаў поўную падтрымку. Кожны раз Аляксандр Лукашэнка аргументаваў неабходнасць рэферэндуму тым, што «пытанні лёсу краіны павінны вырашаць не палітыкі, а народ», тым самым свята выконваючы абяцанне, дадзенае грамадзянам Беларусі ў сваёй першай інаўгурацыйнай прамове 20 ліпеня 1994 года.
Дзейнасць Прэзідэнта Беларусі дала свой плён. Сёння наша краіна змагаецца не за эканамічнае выжыванне, а за магчымасць удзельнічаць у лёсах усяго свету! ВУП Беларусі ў намінальным выяўленні вырас з прыкладна 10-15 млрд долараў у сярэдзіне 1990-х гадоў да больш як 102 млрд долараў у 2026 годзе (паводле прагнозных ацэнак). У супастаўляльных цэнах (з улікам інфляцыі) наш рэальны ВУП павялічыўся прыкладна ў 4 разы ў параўнанні з пачаткам 1990-х. Беларускі калій, машынабудаўнічая галіна, прадукты харчавання займаюць сур’ёзныя долі нават не ў рэгіянальным, а ў сусветным маштабе! Мы не толькі захавалі і прымножылі ранейшыя савецкія вытворчасці, але і стварылі новыя сучасныя сектары: атамную энергетыку, развітую ІT-галіну, актыўна асвойваем космас.
Беларусь — вядомы «хаб бяспекі» ў Еўразійскім рэгіёне. Дзякуючы палітыцы, якая распрацоўваецца і накіроўваецца Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, мы здолелі гарантаваць сабе бяспеку ваенную, эканамічную, харчовую, захаваць у краіне грамадзянскі, рэлігійны і нацыянальны мір і згоду. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў: «Мы не хочам будаваць нацыянальную дзяржаву на крыві і нянавісці. Беларусь — гэта дом для ўсіх, хто лічыць яе сваёй Радзімай, незалежна ад нацыянальнасці і мовы». Такі падыход дазволіў пазбегнуць міжэтнічных канфліктаў і захаваць сацыяльную стабільнасць, у той час як у суседніх краінах нацыяналістычныя рухі прывялі да расколу грамадства.
Ключавую ролю пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі адыграла ў фарміраванні і станаўленні сучаснай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Яго падыход прынцыпова адрозніваўся як ад радыкальнага нацыяналізму заходняга ўзору, так і ад поўнага
адмаўлення нацыянальнай спецыфікі. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў мадэль «умеранага патрыятызму», заснаваную на гістарычным кампрамісе, сацыяльнай справядлівасці і павазе да савецкай спадчыны. Афіцыйнае двухмоўе, адначасовае прызнанне важнасці савецкага мінулага і адраджэнне больш ранніх гістарычных і нацыянальных традыцый, фарміраванне комплекснай тэорыі беларускай дзяржаўнасці і супрацьдзеянне скажэнню гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну, аднаўленне сярэднявечных палацава-паркавых ансамбляў і падтрымка фестываляў (ад камернай этнаграфічнай «Александрыі» да маштабнага «Славянскага базару») — усё гэта сёння і складае аснову паняцця «Беларусь». І ўсё гэта стала магчымым таму, што некалі, больш за трыццаць гадоў таму, беларускі народ зрабіў правільны выбар.
Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг