Бітва за ўраджай ідзе не толькі на палях краіны. Каб каравай 2026 года быў паўнаважкім, 130 рабочых груп Міністэрства ўнутраных спраў праводзяць праверкі па захаванні ўраджаю і супрацьдзеянні карупцыі.

Няма нічога даражэй
Начальнік аддзела аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання Мінсельгасхарча Сяргей ЖЭШКА падкрэсліў, што няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё. Таму не толькі ў гарачую сельскагаспадарчую пару пасяўной і ўборачнай кампаній асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням аховы працы — гэта работа вядзецца круглы год.
— Што датычыцца ўборачнай, то да эксплуатацыі збожжаўборачнай тэхнікі дапускаюцца механізатары, якія маюць пасведчанне адпаведнай катэгорыі, прайшлі інструктажы па ахове працы і медыцынскі агляд, — пералічвае Сяргей Анатольевіч. — Камбайны і трактары перад выхадам у поле павінны быць тэхнічна спраўныя, асабліва сістэмы тармажэння, рулявога кіравання, а таксама ахоўныя агароджы рухомых вузлоў.

Уся ўборачная тэхніка, па яго словах, павінна быць укамплектавана першаснымі сродкамі пажаратушэння, а кіроўцы і камбайнеры — цвярозыя. На выяўленне такіх парушэнняў накіраваны рэйды сілавікоў і супрацоўнікаў МУС.
У кругласутачным рэжыме
Прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў практычна ўвесь час знаходзяцца ў палях падчас гарачай уборачнай пары не толькі каб спыніць такія парушэнні, як знаходжанне ў нецвярозым стане за рулём грузавіка або штурвалам камбайна. Хоць з пачатку ўборачнай ужо ўстаноўлена пяць такіх фактаў. На жаль, ёсць рэчы куды больш сур’ёзныя.
— Кожны дзень у рэгіёнах арганізаваны выезды ў гаспадаркі. У выніку праверак выяўлены правапарушэнні па раскраданні матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, — паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю МУС Сяргей АЎСІЕВІЧ.
Ён расказаў, што на ўзроўні кожнага раённага аддзела або ўпраўлення ўнутраных спраў створаны рабочыя групы, якія ўключаюць прадстаўнікоў розных службаў.

У кругласутачным рэжыме яны ажыццяўляюць маніторынг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў па двух асноўных кірунках: прафілактыка правапарушэнняў і выяўленне злачынстваў.
— Асноўная задача на сённяшні дзень — прадухіленне крадзяжоў, — падкрэслівае Сяргей Аляксандравіч. — З 60 выяўленых за апошні месяц злачынстваў у сферы сельскай гаспадаркі 90 % складаюць менавіта крадзяжы.
Крадуць, паводле інфармацыі прадстаўніка МУС, усё — ад гаруча-змазачных матэрыялаў да ўгнаенняў. Яшчэ адзін біч — хабар.
— Маюць месца факты атрымання хабару службовымі асобамі сельгаспрадпрыемстваў за спрыяльнае вырашэнне пытанняў пры арганізацыі працэдур закупак, заключэнні дагавораў на рамонт тэхнікі або яе арэнду, — адзначае Сяргей Аўсіевіч. — Паказальны прыклад: супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Віцебскага аблвыканкама задакументавалі факт атрымання хабару адным з дырэктараў сельскагаспадарчага прадпрыемства на суму больш за 50 тысяч рублёў. Гаворка ішла аб заключэнні дагавора арэнды на карысць камерцыйнай арганізацыі.

Адміністратыўным парушэнням супрацоўнікі МУС таксама ўдзяляюць асаблівую ўвагу.
— Адно з самых распаўсюджаных правапарушэнняў — незаконны абарот паліва, — канстатуе прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў. — Паліва, прызначанае выключна для працы сельгаспрадпрыемстваў, мае адмысловую афарбоўку, і фізічныя асобы не маюць права выкарыстоўваць ці прадаваць яго ў асабістых інтарэсах. Іх лёгка выявіць, і мы іх выяўляем — 8 тысяч літраў скрадзенага паліва ў поўным аб’ёмы вярнулі ў гаспадаркі.
Праваахоўнікі, як і супрацоўнікі МНС, настроены на прафілактыку, але не на ўсіх яна дзейнічае належным чынам.
— Мэта нашай дзейнасці ў напружаны перыяд уборачнай кампаніі — захаваць таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, — кажа Сяргей Аўсіевіч. — І па ўсіх выяўленых фактах супрацьпраўнай дзейнасці мы даём прынцыповую ацэнку. А калі ёсць склад злачынства — дзеянні вінаватых асоб кваліфікуем з узбуджэннем крымінальнай справы.

Чалавечы фактар
900 выездаў у сельгаспрадпрыемствы краіны з пачатку ўборачнай кампаніі здзейснілі 1800 работнікаў МНС.
Нягледзячы на шматлікія прафілактычныя мерапрыемствы, гутаркі і праверкі, бяду не заўсёды атрымліваецца прадухіліць. У большасці выпадкаў прычынамі пажараў становіцца чалавечы фактар — курэнне, якое ў полі катэгарычна забаронена, развядзенне вогнішчаў і іншае. Часам падводзіць і тэхніка.

У цяперашнюю ўборачную ўжо гарэў камбайн замежнай вытворчасці, 2006 года выпуску. Тэхніка пашкоджана, у прычынах узгарання разбіраюцца. У іншым раёне, па словах намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Дзяніса ЖУКОЎСКАГА, агнём знішчаны 1 гектар азімай пшаніцы. Добра, што пажарныя хутка адрэагавалі і выратавалі 14 гектараў збожжавых.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА