Заслужаныя віншаванні
Бялыніцкі раён зрабіў свой важкі ўнёсак у агульны мільён вобласці. На раніцу 20 жніўня тут было ўбрана ўжо больш за 80 % плошчаў збожжавых і ўвесь рапс. Як адзначыла раённае кіраўніцтва, сярэдняя ўраджайнасць не горш, чым летась, — 38 цэнтнераў з гектара. У «Радзіме» сярэдняя ўраджайнасць зерневых — 51,6 цэнтнера з гектара.
Віншаванні, якія гучалі ў гэты дзень над бялыніцкім полем, адрасаваліся ўсім аграрыям Магілёўскай вобласці.
— Мы пераадолелі планку — мільён тон збожжа, гэта нядрэнна, але наперадзе ў нас яшчэ шмат працы, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА. — Але самае галоўнае, што мы ўсе разам дружна з ёй спраўляемся, і ў нас усё атрымліваецца. Дзякуй камбайнерам, якія намалацілі гэты мільён. Дзякуй вадзіцелям, якія яго перавезлі. Дзякуй тым, хто працуе на збожжатаку — сушыць, сартуе, здае дзяржзаказ. Дзякуй нашым кіраўнікам, спецыялістам усіх узроўняў. Талакой мы можам атрымліваць добрыя вынікі. Асаблівыя словы падзякі — нашаму Прэзідэнту, ураду за вялізную дапамогу ва ўборцы ўраджаю. Гэта і паліва, і іншыя матэрыяльныя рэсурсы. Але самае галоўнае — гэта мірнае спакойнае неба, пад якім мы працуем, вырошчваем хлеб, выхоўваем дзяцей.

Працаваць без збояў
Віталь і Дар’я КЛІМОВІЧЫ прыйшлі на знакавую падзею разам з малым сынам Аляксандрам. Дар’я знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, а Віталь непасрэдны ўдзельнік жніва — галоўны энергетык СВК «Калгас «Радзіма». У прыватнасці, у сферы яго адказнасці — чатыры зернесушыльныя комплексы гаспадаркі. А гэта і іх матэрыяльнае забеспячэнне, і бесперапынная работа. Уся аўтаматыка павінна працаваць без збояў.
— Усё збожжа з палёў, як вядома, ідзе праз нас, усё дасушваем, — кажа Віталь. — Працуем на харчовую бяспеку нашай краіны, а гэта вельмі важна.
Віталь Клімовіч — выпускнік прэстыжнай сталічнай ВНУ, але гарадское жыццё яму не падабаецца. Пасля арміі прыйшоў у калгас і вось ужо сем гадоў працуе ў ім:
— Мяне тут усё задавальняе — і работа, і гаспадарка. Як маладая сям’я мы атрымалі вялікі дом. І зарплата годная — хапае на ўсё. Жадання нешта змяніць у жыцці няма.
За кожную тысячу — прэмія
Непасрэдна на жніве ў калгасе задзейнічана дзевяць экіпажаў, плюс адзін прыбірае траву. У ліку перадавікоў — экіпажы Мікалая Дарэчкіна і Міхаіла Фурсава, Юрыя Зайцава і Арцёма Юмашава. Па некалькі тысяч тон збожжа на рахунку яшчэ шасці экіпажаў.
— За кожную тысячу прэміруем, — адзначае галоўны эканаміст СВК «Калгас «Радзіма» Алена АЎРАМЁНАК. — Раніцай на планёрцы на мехдвары ўручаем канверты, віншавальныя паштоўкі, зоркі. Да нас далучаюцца раён, БРСМ, прафсаюз.

Механізатар Іван АЎТУШЭНКА на сваім «Палессі» намалаціў больш за дзве з паловай тысячы тон збожжа. Прызнаецца, што яго работа вельмі адказная:
— Трэба, каб у нас ва ўсіх на стале хлеб быў, гэта — наша багацце. Працуем старанна, каб нашы дзеці раслі здаровыя, прыгожыя і багатыя. І самае галоўнае — каб не было вайны!
— Сёння ўсе ў раёне задзейнічаныя на вынік, — удакладняе старшыня Бялыніцкага райвыканкама Вольга ПРЫСТРОМСКАЯ. — Упершыню ва ўборачнай прымае ўдзел экіпаж МУС. Хлопцы працуюць на ўзроўні з нашымі камбайнерамі, нічым не ўступаюць ім па намаганнях, упартасці. А нашы дзяўчаты, якія кормяць хлебаробаў, укладваюць часцінку душы ў свае стравы. Таму і вынік добры. Сёння праблемных пытанняў няма — збожжа адгружаецца, дзяржзаказ выконваецца.
— Наколькі напружанай была сёлетняя ўборачная, цікаўлюся ў старшыні гаспадаркі Алега ЛАПАЦЕНТАВА.
— Уборачная была звычайная, нічога асаблівага, усё тое самае, — паціскае ён плячыма. — Кожны год імкнёмся максімальна выразна арганізаваць увесь працэс уборкі, і мне падаецца, што ў нас атрымліваецца. Гэты год не выключэнне. Надвор’е спрыяла, былі паўзы, але гэта звычайная справа.

Бесперапынны працэс
Сельская гаспадарка — асаблівае паняцце. Бо тут усё ідзе праз душу, лічыць памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея КАТКАВЕЦ:
— Я заўсёды з вялікай павагай стаўлюся да работнікаў сельскай гаспадаркі і вельмі радуюся іх поспехам. Мільён тон збожжа — гэта магутна. Пры ўсіх тых праблемах, якія могуць узнікаць, бо гэта сельская гаспадарка — яна пад адкрытым небам. І сонейка бывае не своечасова, і дождж, і камбайн прыпыніўся... Таму так важна, што ёсць вынік, і гэта — поспех! Наша Магілёўская вобласць заслугоўвае таго, каб краіна ёй ганарылася.
Земляробчыя работы на палетках Магілёўшчыны ні на хвіліну не прыпыняюцца.
— Сёння мы ўжо закладваем ураджай 2027 года, — паведаміў Анатоль Ісачанка. — На працягу 4-5 дзён скончым сяўбу азімага рапсу. Далей пойдуць іншыя азімыя культуры. Трэба займацца ўзворваннем, прыбраць кукурузу, у тым ліку на насенне, сабраць грэчку, проса. Добра ўрадзіў лён. Але мы ўжо думаем пра будучы ўраджай. Сёння ўсё ёсць, каб ён атрымаўся яшчэ больш важкім.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Бялыніцкі раён