Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, каментуючы трагедыю, якая адбылася сёлета з нашымі дзецьмі ў Бранскай вобласці, даручыў на дзяржаўным узроўні забараніць любыя паездкі дзіцячых груп за мяжу без спецыяльнага нагляду і дазволу. 20 жніўня Пастановай Савета Міністраў № 423 было зацверджана Палажэнне аб парадку арганізацыі выезду непаўналетніх грамадзян за межы Рэспублікі Беларусь.
Дакумент датычыцца выезду дзяцей у складзе арганізаваных груп. Ключавым змяненнем тут стала юрыдычнае замацаванне адказнасці за бяспеку юных грамадзян. Згодна з новымі патрабаваннямі, арганізатары выезду і суправаджаючыя асобы цалкам адказваюць за жыццё і здароўе непаўналетніх. Гэта норма дзейнічае на працягу ўсёй паездкі і непасрэднага знаходжання групы за мяжой.
Арганізаваць і ўзгадніць
Безумоўна, ніхто не збіраецца зусім адмяняць такія паездкі. У нас вельмі шмат адораных і таленавітых дзяцей, якія паспяхова ўдзельнічаюць у прэстыжных міжнародных спаборніцтвах — інтэлектуальных, творчых, спартыўных. Такім чынам яны дэманструюць і свае персанальныя дасягненні, і дасягненні беларускай сістэмы адукацыі ў цэлым. І адбываецца гэта часцей за ўсё ў замежных краінах.
— У тым ліку і такіх груп дзяцей датычацца асноўныя правілы Палажэння аб парадку арганізацыі выезду непаўналетніх грамадзян за межы Беларусі, — падкрэсліў начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар ДОЎНАР. — Пры гэтым арганізаванай лічыцца група грамадзян, якая мае ў складзе трох і больш непаўналетніх і якая выязджае за межы нашай краіны па ініцыятыве арганізатараў — юрыдычных ці фізічных асоб.
Па яго словах, для паездак на міжнародныя мерапрыемствы цяпер трэба папярэдне ўзгадняць выезд з упаўнаважанымі органамі:
— У залежнасці ад мэты — аздараўленне, адукацыя, спорт, культура — гэта могуць быць Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту, Міністэрства культуры, аблвыканкамы або Мінгарвыканкам. Заява падаецца мінімум за 30 дзён да выезду — выключэнні робяць толькі для асаблівых выпадкаў. Стандартны тэрмін узгаднення — 5 рабочых дзён.
Аднак ва ўзгадненні могуць і адмовіць, калі ў краіне ўезду або краіне маршруту руху маецца неспрыяльная эпідэміялагічная ці іншая абстаноўка. Падставай для адмовы можа паслужыць невыкананне тэрміну ўзгаднення выезду, адсутнасць якога-небудзь дакумента, а яшчэ — калі ўпаўнаважаныя органы зробяць выснову, што падчас паездкі няма магчымасці на якасным узроўні асвоіць змест адукацыйных праграм, растлумачыў Віктар Паўлавіч.
Пастанова ўступіць у сілу праз месяц пасля яе апублікавання.
А дома лепей!
Закрануўшы тэму арганізацыі паездак дзіцячых груп за мяжу, Аляксандр Лукашэнка справядліва заўважыў, што для адпачынку і заняткаў спортам у нашай краіне створаны ўсе неабходныя ўмовы для ўсіх узростаў. І сапраўды, у беларускіх дзяцей шмат магчымасцяў для паўнавартаснага адпачынку, заняткаў спортам, турызмам, творчасцю.
— У сёлетнюю летнюю аздараўленчую кампанію школьнікаў прымалі каля 6 тысяч аздараўленчых лагераў — кругласутачных і стацыянарных. У іх адпачывалі і набіраліся здароўя амаль 400 тысяч дзяцей, — прывёў статыстыку Віктар Доўнар.
Папулярнымі сёлета былі палатачныя лагеры, у тым ліку ваенна-патрыятычнага профілю, паведаміў прадстаўнік Мінадукацыі:
— Як ніколі раней, такіх лагераў было адкрыта каля 650, і яны на час сталі ўтульным домам для амаль 25 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак.
Яшчэ адна з яркіх прыкмет маладзёжнага лета — лагеры працы і адпачынку. Адпачыць, папрацаваць і зарабіць свае першыя грошы ў іх змаглі 18 тысяч дзяцей. А адчуць непаўторную студатрадаўскую рамантыку з пачатку года змаглі 66 тысяч маладых людзей, з іх 22 тысячы — непаўналетнія беларусы. Больш як 4,5 тысячы такіх атрадаў ужо завяршылі сваю работу, праінфармаваў Віктар Доўнар.
Алена ВІНАГРАДАВА