Top.Mail.Ru
0

З 1 верасня ў беларускіх школах уведзены абноўлены парадак надгляду навучэнцаў і наведвальнікаў

Стой! Што нясеш?

Праверка ручной паклажы, асабліва буйнагабарытнай, даўно стала нормай пры наведванні масавых мерапрыемстваў, на ўваходзе ў метро. Ажыццяўляецца яна і ў навучальных установах. На жаль, жахлівых прыкладаў у сучасным свеце хапае, таму бяспека — перш за ўсё, тым больш, калі гаворка ідзе пра дзяцей. Аднак заўсёды знойдуцца «добразычліўцы», у якіх язык свярбіць з любой нагоды. Вось і ў пачатку навучальнага года «балота» сацыяльных сетак «заквакала» на новы лад, падняўшы чарговую буру ў бруднай шклянцы. Трыгерам на гэты раз паслужыў абноўлены парадак надгляду навучэнцаў і наведвальнікаў, уведзены ў беларускіх школах.

Хто б навучаў...

Як звычайна, найбольш істэрычна дбаюць пра «парушаную дзіцячую свабоду і дэмакратыю» дамарослыя закардонныя спікеры. І, як павялося, не заўважаюць таго, што адбываецца ў іх пад носам. А факты самі кідаюцца ў вочы.

Напрыклад, у Англіі дырэктары школ і ўпаўнаважаныя імі супрацоўнікі маюць законнае права абшукваць сумкі, шафкі, парты вучняў без іх згоды, калі ёсць падставы падазраваць наяўнасць забароненых прадметаў.

У Латвіі летась набыў моц закон, які дазваляе кіраўніцтву навучальных устаноў надглядаць асабістыя рэчы вучняў пры наяўнасці абгрунтаваных падазрэнняў у пагрозе бяспецы. Аналагічны закон дзейнічае ў Эстоніі.

У Швецыі ў 2025 годзе ўрад пашырыў паўнамоцтвы кіраўнікоў навучальных устаноў — цяпер яны маюць права арганізоўваць праверку сумак школьнікаў без папярэдняга паведамлення, калі ёсць абгрунтаваныя асцярогі адносна бяспекі або падазрэнні ў наяўнасці небяспечных прадметаў. У Польшчы таксама супрацоўнікі аховы і адміністрацыя маюць права на выбарачны надгляд рукзакоў і сумак навучэнцаў і наведвальнікаў.

Дзеля справядлівасці адзначым, што ў незразумелым і неабгрунтаваным шуме гучаць і цвярозыя галасы прыхільнікаў такіх праверак. Па словах маёй знаёмай настаўніцы, дзеці ў сваіх сумках часам могуць прынесці такое, што валасы ўстаюць дыбам ад адной думкі, што магло б здарыцца, калі б гэта не выявілі! Дарэчы, супрацоўнікі аховы і раней мелі права надглядаць асабістыя рэчы, калі былі абгрунтаваныя падазрэнні, што ў вучня ці наведвальніка знаходзяцца небяспечныя прадметы, здольныя зрабіць шкоду здароўю людзей або маёмасці.

Ключавое змяненне датычыцца працэдуры праверкі непаўналетніх. Дагэтуль для надгляду дзіцяці патрабавалася абавязковая прысутнасць яго бацькоў ці законных прадстаўнікоў. Цяпер, згодна з пастановай Савета Міністраў ад 19 чэрвеня 2026 года № 307 «Аб ажыццяўленні ахоўнай дзейнасці», надгляд можна праводзіць у прысутнасці педагога.

Панікаваць прычын няма. Масавага надгляду на ўваходзе не прадугледжваецца. Праверкі застаюцца выбарачнымі. Асаблівая ўвага будзе надавацца буйнагабарытнай ручной паклажы.

Надгляд — не мера пакарання

Па словах начальніка Дэпартамента аховы МУС генерал-маёра міліцыі Аляксандра ШЭПЕЛЕВА, важна разумець, што надгляд — гэта не мера пакарання, а прафілактычная працэдура, якая дазваляе своечасова выявіць патэнцыйна небяспечныя прадметы і прадухіліць пагрозу:

— Толькі за тры першыя дні гэтага навучальнага года пры надглядзе мы выявілі 18 фактаў праносу ва ўстановы адукацыі забароненых прадметаў. І гэта сведчыць пра тое, што ўведзеная сёлета мера — правільная і своечасовая. А яшчэ пра тое, што яна дазваляе падтрымліваць у нашых школах яшчэ больш высокі ўзровень бяспекі. Дзеці нярэдка кладуць у рукзак патэнцыйна небяспечныя рэчы «проста так», «на памяць» або каб паказаць сябрам, не ўсведамляючы магчымых наступстваў.

У цэлым бяспека дзяцей для Дэпартамента аховы заўсёды з’яўляецца задачай нумар адзін, падкрэслівае Аляксандр Шэпелеў:

— І для нас гэта не нейкая сезонная кампанія, а сістэмная праца, якая вядзецца круглы год. Але напярэдадні новага навучальнага года мы заўсёды правяраем кожную ўстанову адукацыі — ад вясковай школы да сталічнай ВНУ. Нашы спецыялісты выязджаюць на аб’екты, ацэньваюць стан запасных выхадаў, працаздольнасць камер відэаназірання, трывожных кнопак, сістэм кантролю і кіравання доступам. Кожны аб’ект павінен адпавядаць патрабаванням бяспекі, а ўсе недахопы — ліквідаваны.

Якія ёсць віды аховы ўстаноў адукацыі?

— Гэта фізічная ахова, а таксама забеспячэнне кантролю ручных сістэм трывожнай сігналізацыі, — тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч. — На сённяшні дзень рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на абсталяванне ўстаноў дашкольнай адукацыі тэхнічнымі сродкамі ахоўнай сігналізацыі і перадачу іх у непрацоўны час пад ахову Дэпартамента аховы з выкарыстаннем пультаў цэнтралізаванага назірання. Гэта адзін з ключавых кірункаў нашай працы. Калі казаць простымі словамі: мы пераводзім дзіцячыя сады на пультавую ахову — гэта сучасны стандарт бяспекі, які дазваляе кругласутачна кантраляваць аб’екты і імгненна рэагаваць на любыя няштатныя сітуацыі. Такія ж мерапрыемствы праводзяцца і ў іншых установах адукацыі.

Хто, акрамя школьнікаў, можа заходзіць на школьную тэрыторыю і ў будынак школы?

— У школу на законных падставах могуць трапляць педагагічныя і іншыя работнікі ўстановы — у рамках выканання працоўных абавязкаў, вучні — як асноўныя ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, бацькі і іншыя законныя прадстаўнікі непаўналетніх — у спецыяльна адведзеныя гадзіны і па ўстаноўленых працэдурах: на бацькоўскія сходы, індывідуальныя сустрэчы з педагогамі, дні адчыненых дзвярэй і іншыя мерапрыемствы, — пералічвае кіраўнік дэпартамента.

Пры гэтым, дадае ён, бацькі і законныя прадстаўнікі для допуску ва ўстановы адукацыі праходзяць належныя працэдуры, накіраваныя перш за ўсё на забеспячэнне бяспекі. Гэта ідэнтыфікацыя, якая заключаецца ў пасведчанні асобы, і рэгістрацыя наведвальніка ў журнале вызначанага ўзору.

— Затым ажыццяўляецца надгляд рэчаў у мэтах недапушчэння наяўнасці пры наведвальніку забароненых прадметаў і рэчываў. Пасля ўсіх гэтых працэдур перамяшчэнне па школе адбываецца ў абавязковым суправаджэнні прадстаўніка ўстановы адукацыі, — удакладняе Аляксандр Шэпелеў.

ДА ЎВАГІ БАЦЬКОЎ

Пра тое, каб дзіця не трапіла ў непрыемную сітуацыю і не прынесла выпадкова ці наўмысна ў школу забаронены прадмет, перш за ўсё павінны паклапаціцца бацькі. Правіл няшмат, і яны вельмі простыя:

• Штодня аглядайце рукзак дзіцяці, для гэтага дастаткова 1–2 хвілін, але эфект можа быць вырашальным.

• Рэгулярна размаўляйце з дзіцем пра бяспеку — спакойна растлумачце яму, чаму нельга праносіць небяспечныя прадметы і да якіх наступстваў гэта можа прывесці.

• Сфарміруйце ў дзіцяці правільнае стаўленне да паведамлення пра пагрозу. Важна, каб у яго было разуменне: расказаць даросламу аб чужым небяспечным прадмеце — гэта не данос, а дапамога і абарона сяброў.

• Калі дзіця паведаміла вам пра небяспечны прадмет у кагосьці з аднакласнікаў, неадкладна праінфармуйце класнага кіраўніка або адміністрацыю школы.

• Трымайце пад рукой кантакты экстранных службаў і адказных асоб ва ўстанове — класнага кіраўніка, завуча, аховы.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю