Сотні будучых дыпламаваных спецыялістаў-аграрыяў падчас канікул аддалі перавагу не летнім забавам і пляжнаму адпачынку, а працы ў полі, разам з хлебаробамі. Сваімі рукамі, сваімі ведамі, якія атрымалі ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, яны даказалі, што зроблены імі выбар будучай прафесіі — усвядомлены і сур’ёзны. Менавіта такіх спецыялістаў чакае сёння аграпрамысловы комплекс Беларусі.
Экзамен на сталасць
Па словах рэктара аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Мікалая РАМАНЮКА, для гэтай ВНУ ўборачная кампанія — самы важны, самы адказны экзамен на прафесійную і грамадзянскую сталасць:
— Як і ў мінулыя гады, гэты экзамен мы не правалілі, а здалі на «выдатна». У сёлетнім сезоне сфарміравалі больш за трыццаць студэнцкіх атрадаў. Акрамя таго, частка студэнтаў выкарыстала канікулы, каб па-сапраўднаму папрацаваць рукамі і зарабіць нядрэнныя грошы. Усяго на палях краіны разам з вопытнымі аграрыямі працавалі больш за 600 студэнтаў БДАТУ. Яны закрывалі самыя складаныя ўчасткі: каля 100 чалавек працавалі трактарыстамі, вадзіцелямі на адвозцы збожжа і памочнікамі камбайнераў, 15 — удзельнічалі ў кіраванні зернесушыльнымі комплексамі і іх абслугоўванні. Амаль дзве сотні чалавек працавалі слесарамі і электраманцёрамі, а каля трохсот прайшлі гэту практыку стажорамі.
Праца ў полі для студэнтаў універсітэта — паўнавартасная частка адукацыйнага працэсу, лічыць Мікалай Мікалаевіч:
— Калі яны самі ад світання дацямна праводзяць змену ў кабіне камбайна ці трактара, у іх цалкам змяняецца менталітэт, з’яўляецца разуменне каштоўнасці кожнага зерня і расце ўсведамленне сваёй асабістай ролі ў харчовай бяспецы краіны.
Немалаважным, на погляд рэктара, з’яўляецца і «зямны фактар» — заробак:
— Сучасная моладзь прагматычная, і гэта абсалютна нармальна. Праца падчас уборачнай кампаніі дазваляе зарабляць вельмі нядрэнныя грошы, і для многіх менавіта гэта становіцца магутным стартавым стымулам. Магчымасць прывезці з практыкі важкую, сумленна заробленую сваім розумам і рукамі суму — выдатная матывацыя для маладога чалавека. Да таго ж гэта — элемент выхавання: ён вяртаецца ў аўдыторыю ўжо не проста студэнтам, за плячыма якога стаяць бацькі і выкладчыкі, а працоўным чалавекам, які ведае цану кожнаму заробленаму рублю.
Формула поспеху
Яна, на думку Мікалая Раманюка, вельмі простая — гэта навыкі, ідэалогія, а таксама годны заробак:
— У гэтую ўборачную наш атрад «Зорка» традыцыйна дапамагаў агракамбінату «Сноў». Я наведваў хлопцаў у гаспадарцы ў сярэдзіне жніўня і пачуў ад іх вельмі прыемныя словы. Памочнікі камбайнера Дзяніс Русы і Яраслаў Наварыч сказалі мне, што толькі на практыцы веды ВНУ ўвасабляюцца — за рулём у полі, на дарозе і ў жыцці. І гэтая ўпэўненасць пацвярджаецца справай і добрымі вынікамі.

А вынікі студэнтаў-камбайнераў сапраўды ўражваюць. Напрыклад, Раман Паграбіцкі і Антон Жывалкоўскі намалацілі больш за 2000 тон збожжа кожны. Мяжу ў 1400 тон узяў Яўген Мяцельскі, а яго калегі па альма-матэр Даніла Курыловіч, Данііл Шчарбінін, Уладзіслаў Пятручык, Сцяпан Сабалеўскі, Уладзіслаў Бахур і Яўген Юхнеўскі перасягнулі знакавую адзнаку ў 1000 тон намалочанага збожжа.
Не меншы ўклад у агульны каравай унеслі будучыя спецыялісты-аграрыі, якія працавалі на зернесушыльных комплексах. Пра тое, наколькі добрасумленна яны забяспечвалі захаванасць ураджаю, красамоўна гавораць лічбы: у ААТ «Крутагор’е-Петкавічы» Дзяржынскага раёна студэнт Данііл Казачук забяспечыў дапрацоўку 4700 тон збожжа. Яго таварышы Мікіта Барташ і Дзмітрый Вашкевіч выдалі 2900 і 2800 тон адпаведна, а Раман Валахановіч — 2300 тон. Выдатныя вынікі паказалі Мікалай Талкач у ААТ «Жорнаўка-Агра» Магілёўскай вобласці —больш за 2000 тон, Арцём Ісайка — 1400 тон і Павел Лыфар у ААТ «Шчомысліца» Мінскага раёна — больш за 1150 тон збожжа.
Яшчэ адна дружына БДАТУ — атрад «Зубры» — дапамагала на нарыхтоўцы кармоў на жывёлагадоўчых аб’ектах.
Калі добры прыклад — побач
Добрым стымулам для студэнтаў было і тое, што разам з імі, змяніўшы дзелавыя касцюмы і гальштукі на «спяцоўкі», за штурваламі камбайнаў працавалі іх выкладчыкі і майстры вытворчага навучання.
Такі падыход, калі выкладчыкі і студэнты ў адзіным парыве вырашаюць агульную задачу, з’яўляецца свайго роду візітоўкай БДАТУ, яго асаблівым гонарам і, вядома, лепшым прыкладам для моладзі, канстатуе рэктар:
— Старшы выкладчык кафедры трактароў і аўтамабіляў Юрый Напорка ўвесь адпачынак адпрацаваў камбайнерам у СВК «Маяк-Заполле» Гродзенскай вобласці, намалаціўшы больш за 2700 тон збожжа. Майстар вытворчага навучання РУПЦ БДАТУ Іван Бункевіч ва УП «Эксперыментальная база імя Катоўскага» Уздзенскага раёна пераадолеў адзнаку ў 3000 тон. У Нясвіжскім раёне шчырыя падзяку і віншаванні за выдатныя вынікі на ўборачнай прымаў старшы выкладчык кафедры эксплуатацыі машынна-трактарнага парка і агратэхналогій Дзмітрый Пражэнік, які намалаціў у складзе экіпажа ЗАТ «Агракамбінат Нясвіжскі» больш за 3000 тон збожжа.
Менавіта ў такой сумеснай працы, сплаве вопыту і маладосці, нараджаюцца і растуць сапраўдныя прафесіяналы і патрыёты, — лічыць Мікалай Раманюк.
Алена ВІНАГРАДАВА