Top.Mail.Ru
0

Танцавальны флэшмоб напярэдадні Дня народнага адзінства арганізавалі на галоўным чыгуначным вакзале Мінска

Эстафета пакаленняў — з пачуццём гонару за сваю краіну

Дзень народнага адзінства аб’ядноўвае не толькі ўсіх жыхароў Беларусі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, прафесій і захапленняў. Ён аб’ядноўвае цэлыя пакаленні — старэйшыя перадаюць малодшым гераічную гісторыю краіны. 

І гэта ярка прадэманстраваў танцавальны флэшмоб, які напярэдадні свята арганізавалі на чыгуначным вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі выхаванцы Дзіцячай чыгункі і творчыя калектывы БЧ.


Для акампанементу харэаграфічнай пастаноўкі, якую выканалі ўзорны ансамбль танца «Ві-за-ві» Дома культуры чыгуначнікаў Оршы і культурна-спартыўнага цэнтра Мінскага аддзялення БЧ, выбралі кампазіцыю «Час новых перамог», якая адпавядала тэматыцы свята. На імправізаванай сцэне да юных артыстаў далучыліся выхаванцы Дзіцячай чыгункі імя К.С. Заслонава, моладзь, якая працуе на беларускай магістралі, ветэраны і кіраўніцтва БЧ. А шматлікія пасажыры вакзала, жыхары і госці сталіцы нечакана для сябе сталі гледачамі і ўдзельнікамі цікавай яркай акцыі.

— Стала добрай традыцыяй праводзіць такія мерапрыемствы на Беларускай чыгунцы, — адзначыла начальнік аддзела ідэалогіі і сацыяльна-культурнай работы ўпраўлення БЧ Ілона ПАЛАВІНКІНА. — Дзень народнага адзінства — свята досыць маладое, але для нас, чыгуначнікаў, гэта нагода яшчэ раз гучна заявіць усёй краіне: мы разам, мы адзіныя і гатовыя працаваць на карысць роднай Беларусі, захоўваючы і перадаючы нашу культуру, традыцыі і гістарычную памяць з пакалення ў пакаленне!

Старшыня Савета ветэранаў Мінскага аддзялення БЧ Ігар ЛАПЯНОК сам вырас на ўспамінах бацькі — Васіля Кірылавіча, які ўдзельнічаў у вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў 1939 годзе:

— Гэты паход быў вельмі важным і неабходным. Бацька расказваў, як радасна сустракалі чырвонаармейцаў вызваленыя ад польскага прыгнёту сяляне, як прывячалі ў вёсках, як ад душы прапаноўвалі сціплыя пачастункі.


У тым паходзе Лапянок-старэйшы атрымаў раненне. Ачуняў ад яго, але пажыць шчаслівым мірным жыццём давялося нядоўга — пачалася Вялікая Айчынная, і Васіль Лапянок апынуўся на фронце. Прайшоў усімі дарогамі вайны, жывым вярнуўся дадому.

Іван Уладзіміравіч ЛУПЕЕЎ — чалавек хоць і вельмі малады (яму крыху больш за дзесяць гадоў), але вельмі сур’ёзны. Па-першае, ён ужо «працуе» — на Дзіцячай чыгунцы. Па-другое, лічыць:

— Дзень Народнага адзінства — вельмі важнае для нас свята, таму што калі мы разам, мы — сіла. Цяжка рабіць нешта сур’ёзнае, калі ты адзін, а калі нас шмат, то любая справа па плячы!

А яшчэ Ваня Лупееў упэўнены, што калі людзі аб’яднаныя адзінай мэтай і справай, то ў агульным доме пануе парадак. А яго наш юны суайчыннік шануе больш за ўсё.


Флэшмоб выйшаў за рамкі проста творчага нумара. На БЧ падкрэслілі, што падобныя мерапрыемствы, якія, дарэчы, арганізоўваюцца на беларускай магістралі да кожнага важнага свята, — гэта перш за ўсё магчымасць яшчэ раз падкрэсліць галоўнае: Беларуская чыгунка моцная менавіта пераемнасцю пакаленняў.

— Ветэраны, якія стаялі каля вытокаў традыцый Беларускай чыгункі, моладзь, якая прымае ў іх эстафету, і юныя выхаванцы Дзіцячай чыгункі, якія робяць першыя крокі ў прафесіі, — усе яны сёння сталі часткай адной харэаграфічнай кампазіцыі, напоўненай пачуццём гонару за сваю краіну і родную магістраль, — падкрэсліла Ілона Палавінкіна.




Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю