Top.Mail.Ru
0

Як, дзе і хто прыводзіць нашу моладзь да разумення, што сельская гаспадарка сёння — адна з самых навукаёмістых і «разумных» сфер эканомікі

Быць аграрыем — гэта крута!

Конкурс на некаторыя спецыяльнасці ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт пачаў складацца яшчэ летась. Менавіта з таго часу на асобныя інжынерныя спецыяльнасці стала фарміравацца чарга з абітурыентаў. Падзеі гэтага лета развіваліся яшчэ больш дынамічна. 

«Мы ўбачылі галоўнае — да нас прыйшлі паступаць глыбока ўсвядомленыя матываваныя маладыя людзі з разуменнем таго, што сучасны аграбізнес — гэта не цяжкая ручная праца, а высокія тэхналогіі, лічбавыя экасістэмы і вельмі годны ўзровень жыцця», — так ахарактарызаваў вынікі цяперашняй уступнай кампаніі рэктар БДАТУ Мікалай РАМАНЮК. Мы папрасілі яго падзяліцца з чытачамі «Звязды», як удалося павярнуць моладзь у бок аграрных спецыяльнасцяў, за кошт чаго расце конкурс ва ўніверсітэт і якім чынам гэта вышэйшая навучальная ўстанова дэманструе, што сёння быць аграрыем — гэта сучасна, прэстыжна і перспектыўна.

Наперад, у рэальную будучыню

— Пытанне, чаму моладзь усё ж такі павярнулася да работы ў аграрным сектары, задаюць мне вельмі часта. І ў ім да гэтага часу прысутнічае лёгкае здзіўленне: маўляў, няўжо сучасныя юнакі і дзяўчаты, якія выраслі са смартфонамі ў руках, сапраўды хочуць звязаць сваё жыццё з зямлёй? — разважае Мікалай Мікалаевіч. — Адказ вельмі просты: сучасная моладзь — прагматычная і разумная. Яна не ідзе за прыгожымі лозунгамі, яна ідзе туды, дзе бачыць рэальную будучыню, тэхналогіі, павагу да сваёй працы, годную заработную плату.


На погляд рэктара, на рашэнне моладзі ўплывае некалькі фактараў. Па-першае, гэта лічбавізацыя сельскагаспадарчай галіны. Сучасны інжынер у АПК — гэта не чалавек з гаечным ключом у замасленым камбінезоне. Сёння ён — высакакласны спецыяліст, які здольны кіраваць працэсамі праз планшэт, аналізаваць спадарожнікавыя здымкі палёў, каардынаваць беспілотную тэхніку, планаваць і арганізоўваць работу структурных падраздзяленняў.

Па-другое, усе выдатна бачаць, што адбываецца ў свеце. А аграрны сектар стабільны пры любых крызісах, бо забяспечвае харчовую бяспеку краіны.

Трэцім фактарам Мікалай Раманюк назваў пастаянную і мэтанакіраваную работу ўніверсітэта з будучымі абітурыентамі — гэта і наведванне школьнікамі БДАТУ, і экскурсіі ў перадавыя гаспадаркі, дзе яны бачаць рэальнасць на свае вочы, а не праз прызму стэрэатыпаў трыццацігадовай даўніны.

«Да нас пайшоў больш моцны абітурыент»

— Калі абапірацца на канкрэтныя факты, якія датычацца прыёмнай кампаніі гэтага года, то сітуацыя развівалася наступным чынам. Некалькі гадоў запар маючы стабільны конкурс на бюджэтныя месцы, сёлета мы свядома пайшлі на павелічэнне лічбаў прыёму адразу на 95 месцаў. Крок быў пралічаны, і статыстыка пацвердзіла правільнасць гэтага рашэння, — дзеліцца падрабязнасцямі рэктар. — У цэлым па ўніверсітэце конкурс склаў 2,3 чалавека на месца. Па профільных аграінжынерных спецыяльнасцях паказчык вырас да 2 чалавек на месца, хоць яшчэ летась складаў 1,4. Адпаведна адрэагаваў і прахадны бал — у параўнанні з мінулым годам ён узрос у сярэднім на 27 адзінак. І гэта наглядны доказ таго, што да нас пайшоў больш моцны, падрыхтаваны абітурыент.

Мікалай Раманюк адзначае яшчэ адзін прынцыповы маркер мінулай кампаніі — якасны зрух маладых людзей да мэтавай падрыхтоўкі. З 560 бюджэтных месцаў, вызначаных БДАТУ планам прыёму, больш за палову, а менавіта 299 месцаў, былі адведзены мэтавікам.

Акцэнт — на скразныя тэхналогіі

Калі казаць пра новыя спецыяльнасці, то ва ўніверсітэце, са слоў рэктара, абітурыентам прапанавалі кірункі, якія прадыктавала само жыццё:

— Галіна імкліва аўтаматызуецца, таму ў гэтым сезоне зрабілі акцэнт на скразных тэхналогіях. Мы сур’ёзна мадэрнізавалі нашу падрыхтоўку ў галіне рабатызацыі аграрнай вытворчасці і ІТ-аналітыкі вялікіх даных. Зараз гэта не проста сухая тэорыя: студэнты вучацца працаваць з сістэмамі дакладнага земляробства, беспілотным транспартам, аўтаматызаванымі і робататэхнічнымі комплексамі, лічбавымі картамі палёў. Яшчэ адным найважнейшым і вельмі папулярным кірункам стала абноўленая праграма па энергетычным забеспячэнні і энергаэфектыўнасці АПК. Сучасны аграгарадок і перадавы жывёлагадоўчы комплекс — гэта вельмі складаныя інжынерныя сістэмы. І мы далі моладзі магчымасць стаць спецыялістамі, якія ўмеюць гэтымі сістэмамі кіраваць, укараняючы ў тым ліку і «зялёныя», зберагальныя тэхналогіі.


З нябёсаў — на зямлю

Што новага з’явілася ў праграме падрыхтоўкі спецыялістаў у навучальным годзе, які пачаўся, і як у гэтым працэсе плануецца задзейнічаць штучны інтэлект?

— Гэта пытанне зараз гучыць з усіх трыбун: штучны інтэлект, нейрасеткі, лічбавізацыя... Ведаеце, калі пра гэта кажуць у тэорыі, усё здаецца нейкім далёкім фільмам пра будучыню. Але ў БДАТУ мы спускаем гэтыя тэхналогіі з нябёсаў на зямлю ў самым прамым сэнсе гэтага слова, — адказвае кіраўнік універсітэта. — Укараняючы скразныя модулі па штучным інтэлекце і аналізе вялікіх даных, мы зыходзім з таго, што лічбавая сельская гаспадарка — гэта ўжо не далёкая перспектыва, а надыходзячая паўсядзённая рэальнасць. Сёння ўсе разумеюць, як ШІ водзіць трактары па полі з дакладнасцю да сантыметра, як нейрасеткі і камп’ютарны зрок з дронаў кропкава лечаць расліны, а лічбавыя двайнікі дазваляюць пралічыць эканоміку фермы яшчэ да яе будаўніцтва.

Аднак у той жа час Мікалай Раманюк упэўнены, што ніякі, нават самы геніяльны, штучны інтэлект ніколі не заменіць жывога чалавека, які любіць сваю зямлю:

— ШІ — гэта інструмент, і ён будзе эфектыўным толькі ў руках сапраўднага прафесіянала.

Практычная філасофія

Адзін з моцных бакоў універсітэта — практыка-арыентаванасць. Як будзе развівацца гэты кірунак далей?

— Скажу больш, практыка-арыентаванасць — гэта філасофія нашага ўніверсітэта, гэта наш адукацыйны закон, — канстатуе рэктар. — Наш галоўны козыр — паслядоўнае нарошчванне ўласных унікальных магутнасцяў. У БДАТУ цалкам адышлі ад плакатнай формы навучання. А вось практычнае навучанне — ад лабараторных заняткаў да курсавога і дыпломнага праектавання — займае больш за 70 % усяго навучальнага часу. Падмуркам гэтай сістэмы з’яўляецца практыка агульнай працягласцю ад 

28 тыдняў і больш. І тут прынцыпова важна, што мы даём нашым студэнтам не проста тэорыю: толькі за мінулы навучальны год больш за 500 нашых студэнтаў прама ў сценах універсітэта атрымалі запатрабаваныя рабочыя прафесіі, сярод якіх — трактарыст-машыніст катэгорый «C», «D», «F», слесар па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі і электраманцёр.

Лагічным працягам гэтых унутраных магчымасцяў сталі маштабныя выязныя заняткі, якія праводзяцца непасрэдна на вытворчасці.

«Сваіх не кідаем!»

Колькі маладых спецыялістаў пакінула сцены БДАТУ сёлета і ці падтрымліваецца з імі сувязь, як ім дапамагаюць?

У гэтым годзе сцены ўніверсітэта пакінуў 1341 дыпламаваны спецыяліст, з іх 344 выпускнікі адправіліся па размеркаванні на свае першыя рабочыя месцы. Усе яны ўжо прыступілі да сваіх абавязкаў у гаспадарках, на прадпрыемствах і ў сэрвісных цэнтрах.

— Сувязь з выпускнікамі мы падтрымліваем бесперапынна, асабліва ў першыя, самыя складаныя, два гады іх самастойнай работы. Ці звяртаюцца яны па дапамогу? Пастаянна! Разумееце, якая б моцная база ні была ў маладога чалавека, рэальная вытворчасць заўсёды падкідвае нестандартныя задачы. Бывае, тэлефануюць прама з поля або з рамонтнай майстэрні выкладчыкам, дэканам: «Прыйшла новая мадыфікацыя тэхнікі, у праграме збой, падкажыце нюансы наладкі...» Ці эканамісты раяцца па складаных разліках бізнес-планаў, — дзеліцца Мікалай Мікалаевіч.


Якраз у гэты перыяд пачынае працаваць яшчэ адна ключавая перавага БДАТУ — поўны цыкл дадатковай адукацыі дарослых. Тут не чакаюць, пакуль у кагосьці назапасяцца прабелы ў ведах.

— Праз павышэнне кваліфікацыі, стажыроўкі давучваем іх пад канкрэтныя новыя тэхналогіі, якія ўкараняюцца ў гаспадарках, — кажа рэктар. — І калі мы прыязджаем да іх і бачым, як учорашні нясмелы выпускнік сёння ўпэўнена кіруе інжынернай службай, як яго паважаюць у калектыве — вось у гэтыя хвіліны адчуваеш самы сапраўдны велізарны гонар і за БДАТУ, і за нашых выпускнікоў.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД і БДАТУ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю