Выхавальніца дзіцячага садка № 13 Алена ДРУГАКОВА вось ужо 12 гадоў аддае сябе любімай справе. Па адукацыі яна не толькі педагог, але і псіхолаг. Умее знайсці падыход да любога дзіцяці. Напярэдадні прафесійнага свята яна расказала, за што любіць сваю работу і чаму лічыць яе адной з самых важных на зямлі.
Улюбёная ў прафесію
Нехта марыць быць касманаўтам, нехта — урачом, а Алена Другакова з дзяцінства марыла стаць выхавальніцай. Маці па роду заняткаў прыходзілася бываць у раз’ездах, і дзіцячы садок стаў для дзяўчынкі нечым накшталт другога дома. Яна была ў захапленні ад сваіх выхавальніц — Валянціны Фёдараўны і Валянціны Іванаўны. Садок быў кругласутачны, і некаторыя дзеці заставаліся там на ноч. Аднойчы і Алене прыйшлося заначаваць — маці не паспявала вярнуцца дадому. Страху не было, толькі цікавасць.
— А вось Валянціна Фёдараўна, наадварот, хвалявалася, — успамінае мая суразмоўніца. — Яна мяне ўгаворвала, што нічога страшнага няма, што яна будзе ўвесь час побач... Я жадала быць падобнай на яе. На жаль, Валянціна Фёдараўна ўжо пайшла з жыцця, але памяць пра яе засталася ў маім сэрцы назаўсёды.
Пасля школы Алена ўпэўнена падала дакументы ў МДУ імя А. Куляшова на факультэт «Педагогіка і дзіцячая псіхалогія». Тройчы праходзіла практыку менавіта ў дзіцячым садку № 13, а пасля заканчэння ВНУ прыйшла сюды працаваць.
Знайсці сцежку да сэрца дзіцяці
Алена Другакова, маці двух дачок — 12-гадовай Дашы і 6-гадовай Алёны. Дзяўчынкі наведвалі гэты садок, але займаліся ў іншых выхавальніц.
— Ад старэйшай я нават хавалася за дрэвамі, калі групы выводзілі на прагулку, — усміхаецца Алена. — Не дазваляецца браць сваіх родных дзяцей у групу, каб яны не сапсаваліся. Інакш дзеці будуць думаць, што калі яны побач з маці, значыць, ім усё можна. Такога быць не павінна. Для мяне дзеці ў групе ўсе роўныя.
Бываюць, вядома, сітуацыі, калі той ці іншы хлопчык або дзяўчынка спрабуе падпарадкаваць сабе іншых ці, наадварот, рвецца да маці і не жадае заставацца ў садку. Аднойчы ў групу прывялі дзяўчынку, якая ніяк не хацела мірыцца са сваім становішчам — плакала, прасілася дамоў. Алена Мікалаеўна прыдумала, як з ёй пасябраваць. Купіла прысмакаў, паклікала сваю малодшую дачку і пайшла да Машы. Бацькі былі загадзя папярэджаны, і дзяўчынка ўжо чакала гасцей. Вечар прайшоў удала, Маша нават не хацела расставацца з намі. А раніцай сама першая папрасілася хутчэй адвесці яе ў садок да Алены Мікалаеўны.
Прыходзілася шукаць падыход і да хлопчыка з цыганскай сям’і. З яго там рабілі культ, бо ўсе астатнія з дзяцей былі дзяўчынкі. Але ён хутка зразумеў, што дзіцячы садок і бацькоўскі дом — гэта не адно і тое ж.
Першыя ўрокі
Зразумела, што дзіцячы садок — не школа, але чытаць і лічыць вучацца менавіта тут.
— У мяне цяпер старшая група, вясной у нас выпускны, — кажа Алена Другакова. — Таму паціху рыхтуем малых да школы, вучым пісаць, займаемся матэматыкай. Сённяшнія рабяты больш прасунутыя, часам і дарослых могуць чамусьці навучыць. У прыватнасці, дзе і што шукаць у тых жа месенджарах.
У групе 20 чалавек — 11 дзяўчынак і 9 хлопчыкаў. Дзяўчынкі, па назіраннях выхавальніцы, больш упэўненыя, актыўныя, ініцыятыўныя. Трэба яшчэ ўмець накіроўваць іх энергію ў правільнае рэчышча. Алена гэта ўмее, і дзеці ёй удзячныя за цярпенне. Могуць потым у роспачы прызнацца: «Я цябе люблю» або «Ты — маё золата...»
— Гэта вельмі прыемна, — прызнаецца мая суразмоўніца. — Бо дзеці ўсё робяць ад сэрца, шчыра. У дзяцінстве я вельмі перажывала, што ў мяне няма сястры ці браціка. Цяпер адчуваю сябе шматдзетнай маці. Некаторыя сем’і — мае суседзі, з якімі сябрую. І самае складанае для іх дзяцей, калі яны прыходзяць у садок, навучыцца называць мяне Аленай Мікалаеўнай, бо я для іх проста Алена.
Восень — шчодрая на святы пара, і Дзень настаўніка — добры повад для абмену прыемнымі эмоцыямі. Алена Другакова гаворыць, што гэты дзень яны звычайна адзначаюць сваім прафесійным кругам. Віншаванні ад дзяцей часцей прымае на Дзень ведаў, але так прыемна бывае, калі нехта з былых выхаванцаў патэлефануе і радасна скажа: «Са святам, мая любімая выхавальніца!»
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з асабістага архіва Алены ДРУГАКОВАЙ