Top.Mail.Ru
0

Пабывалі ў Негарэлым і на свае вочы ўбачылі, як студэнты вучацца прафесіянальна гаспадарыць у лесе

Дзе даспяваюць «зялёныя» кадры

У Негарэльскім вучэбна-доследным лясгасе з сакавіка па лістапад практыку праходзяць каля тысячы студэнтаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. 

Прыязджаючы сюды ўпершыню, моладзь знаёміцца з гісторыяй пасёлка, які на некалькі гадоў навучання становіцца іх другім домам. Спачатку здзіўляюцца, што калісьці, у 1921–1939 гадах, менавіта тут праходзіла граніца паміж БССР і Польшчай, да якой, згодна з Рыжскай мірнай дамовай, адышлі заходнебеларускія землі. А потым ужо самі расказваюць аб тым, якія магчымасці з’явіліся ў беларусаў пасля вызвалення ад польскага прыгнёту, і з задавальненнем пагаджаюцца з тым, што новую гісторыю гэтага знакамітага месца пішуць у тым ліку і яны — маладыя, дзёрзкія, мэтанакіраваныя.

Пад запыты часу

Першы прарэктар тэхналагічнага ўніверсітэта Андрэй САКОВІЧ таксама пачаў з гісторыі:

— Спецыяльнасць «Лясная гаспадарка» мае найглыбейшыя традыцыі, якія ўзыходзяць да Горыгорацкай земляробчай школы, і гэта значыць, што ёй ужо больш за дзвесце гадоў! А родапачынальнікамі сённяшняга тэхналагічнага ўніверсітэта былі менавіта лесагаспадарчы факультэт і факультэт лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну.


Ён таксама адзначыў, што выпускнікі БДТУ вельмі запатрабаваныя на рынку працы.

— Мы атрымалі сёлета 300 заявак ад работадаўцаў, а выпусцілі крыху больш за 80 маладых спецыялістаў. Нашы выпускнікі запатрабаваныя ва ўсіх лясгасах краіны, нацыянальных парках, лесагаспадарчых арганізацыях Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, іншых профільных прадпрыемствах.

І пра галоўнае — ні на адной іншай спецыяльнасці няма такога аб’ёму практыкі, як у будучых спецыялістаў лясной гаспадаркі: за час навучання студэнты праходзяць 34 тыдні практычнай падрыхтоўкі, якая ахоплівае 26–28 відаў заняткаў — ад батанікі і дэндралогіі да лесаўпарадкавання і механізацыі. А базай, дзякуючы якой магчыма якаснае практыка-арыентаванае навучанне будучых спецыялістаў, якраз і з’яўляецца Негарэльскі вучэбна-вопытны лясгас.

Знаёмцеся: прырода

Дырэктар Негарэльскага вучэбна-вопытнага лясгаса Казімір КАЖУШКА, абапіраючыся на свой шматгадовы вопыт, растлумачыў, што першыя дні ў гаспадарцы для студэнтаў, якія выраслі ў гарадскім асяроддзі, становяцца сур’ёзным выпрабаваннем. Але тут імкнуцца стварыць для іх умовы, максімальна набліжаныя да хатніх.

Базісны лясны гадавальнік — першы аб’ект, які сустракае студэнтаў у лясгасе і з якога пачынаецца практычнае знаёмства маладых людзей з будучай прафесіяй. Калі казаць эмацыянальна, то перад вачыма паўстае велізарная прастора больш за 32 гектары, ад якой захоплівае дух, — гэта буянства фарбаў, форм, парод дрэў, кустоў і іншай зеляніны. Нядзіўна, што менавіта адсюль стартуе практычны шлях у прафесію маладых людзей.


— Мы вырошчваем як лесаўтваральныя пароды — сасну, елку еўрапейскую, лістоўніцу, вольху, — так і шырокі асартымент дэкаратыўнага пасадачнага матэрыялу — каля 120 відаў, форм і сартоў, — паведаміў начальнік гадавальніка Максім ЯРАШУК. — У нас студэнты першага курса праходзяць увесь цыкл лесааднаўлення — ад пасеву насення і пікіроўкі да выкопкі і догляду за раслінамі.

Практыка ў інтэр’еры прыгажосці

Яшчэ адзін аб’ект, дзе студэнты вучацца даглядаць, падстрыгаць і апрацоўваць расліны, — батанічны сад лясгаса.

— Нашаму саду ўжо 72 гады, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-доследнай рабоце лясгаса Кацярына ХРЫСЦІНА. — Гэта 14 гектараў, на якіх расце больш за 700 відаў драўняна-хмызняковых, хмызняковых і кветкавых раслін з Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі. У 2015 годзе з дапамогай профільных кафедр БДТУ тут была створана 980-метровая экалагічная сцежка з 11 тэматычнымі прыпынкамі.

У негарэльскім батанічным садзе ёсць уласны яблыневы сад, пчальнік і сажалка. Гэта вотчына будучых ландшафтных архітэктараў і спецыялістаў па турызме.


Дэкан лесагаспадарчага факультэта Мікалай ЮШКЕВІЧ звярнуў увагу, што БДТУ — адзіны ўніверсітэт у Беларусі, які рыхтуе спецыялістаў паляўнічай гаспадаркі. 

Студэнты не толькі вывучаюць матэрыялы, прадстаўленыя ў «Доме прыроды». Ноччу яны адпраўляюцца з цеплавізарамі і біноклямі, каб паназіраць за жывёламі, якім «не спіцца». Акрамя гэтага, маладыя людзі працуюць над інфраструктурай паляўнічай гаспадаркі, напрыклад, майструюць падкормачныя пляцоўкі і кармавыя палі.

Тэхніка і тэхнары

На базе тэхнапарка кафедры лясных машын, дарог і тэхналогій лесапрамысловых вытворчасцяў студэнты з першага курса вывучаюць канструкцыю, абслугоўванне, рамонт і тэхналогію прымянення сучаснай лесанарыхтоўчай тэхнікі. 

Пры кафедры створаны філіялы на такіх гігантах айчыннага машынабудавання, як РУП «МТЗ» і ААТ «Амкадор».

— Наша тэхніка абсталявана сучаснымі датчыкамі і вымяральнымі сістэмамі. Студэнты не проста асвойваюць машыны, але і выконваюць навукова-даследчыя работы, з якімі затым выступаюць на навуковых канферэнцыях, — растлумачыў дэкан факультэта лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну Уладзімір ЛОЙ.




З адным з будучых інжынераў, чацвёртакурснікам Ільёй МАКОВІЧАМ, мы пазнаёміліся на навучальным складзе Негарэльскага вучэбна-вопытнага лясгаса, дзе ён практыкуецца ў абслугоўванні лясной і іншай тэхнікі.

— У мяне тата інжынер, дзядзька таксама інжынер, я з малых гадоў круціўся вакол іх у гаражы, калі яны займаліся рамонтам тэхнікі. Гайкі, балты, інструменты і запчасткі былі маімі любімымі «цацкамі». З гадамі дзіцячае захапленне перарасло ў сур’ёзны занятак, таму пытанне па выбары прафесіі ў мяне не стаяла.

У тэму

Рэспубліканская акцыя «Дай лесу новае жыццё!» пройдзе ў Беларусі з 17 па 24 кастрычніка. Кампанія накіравана на аднаўленне лясоў, якія пацярпелі ад ураганных вятроў і ўсыхання насаджэнняў, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

Каб узяць удзел у акцыі, трэба звярнуцца ў лясгас ці лясніцтва. Лесагаспадарчыя ўстановы падкажуць участкі, дзе патрабуецца дапамога валанцёраў, забяспечаць неабходным пасадачным матэрыялам і інвентаром. Ад добраахвотнікаў патрабуецца толькі прыбыць на месца работы.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю