Мы адправіліся ў дзяржаўную ўстанову адукацыі «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска» не толькі для таго, каб убачыць новы комплекс у справе, але і пазнаёміцца з выдатнымі людзьмі, якія дапамагаюць асаблівым дзецям адаптавацца ў сучасным свеце і набыць максімальна магчымую незалежнасць і самастойнасць у жыцці.
Важная і своечасовая ініцыятыва
Мы трапляем у залу па адаптыўнай фізічнай культуры, дзе новае абсталяванне не толькі ўжо ўстаноўлена, але і актыўна задзейнічана ў навучальным працэсе. Яго, па словах намесніка дырэктара цэнтра па асноўнай дзейнасці Вольгі МІХАЛЬКЕВІЧ, можна выкарыстоўваць для ўсіх катэгорый навучэнцаў. На ім займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з цяжкімі множнымі парушэннямі ў развіцці, дзеці дашкольнага і школьнага ўзросту з парушэннямі мовы і функцый апорна-рухальнага апарата, з гіперактыўнасцю, з растройствамі аўтыстычнага спектру. Яны вучацца ўтрымліваць раўнавагу, стаяць на двух або адной назе, каардынаваць рух і адначасова выконваць заданні, якія патрабуюць разумовага напружання.
На думку намесніка дырэктара, гэта вельмі важная і своечасовая ініцыятыва Міністэрства адукацыі, якая абавязкова дапаможа ў рабоце настаўнікаў, педагогаў-псіхолагаў, настаўнікаў-дэфектолагаў і, вядома, самім дзецям.
Без лішніх стрэсаў
Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі знаходзіцца на праспекце Пераможцаў. Ён «схаваўся» ў гушчы шматпавярховак, далей ад шумнай сталічнай магістралі, акружаны зелянінай і цішынёй.
— У нас так і павінна быць, бо тут навучаюцца дзеці з цяжкімі множнымі парушэннямі ў развіцці, — расказвае Вольга Міхайлаўна. — Для іх шум, мітусня, гучныя крыкі — лішні стрэс. Менавіта ад яго іх і абараняем.
Сёння ў шасці класах карэкцыйнага цэнтра займаюцца 46 дзяцей, 36 з іх прыводзяць сюды бацькі кожную раніцу па буднях, як у школу. 10 дзетак з асабліва цяжкімі парушэннямі вучацца дома.
— У першую змену ў нас працуюць настаўнік і выхавальнік, — працягвае знаёміць з распарадкам дня ўстановы намеснік дырэктара. — Калі ёсць дзеткі з растройствам аўтыстычнага спектру, то дадаецца выхавальнік па суправаджэнні, які дапамагае дзіцяці на ўроках і на працягу ўсяго дня.
У другой палове дня, калі заканчваюцца заняткі, з дзецьмі працуе выхавальнік.
Па закліку сэрца
Тыя, хто прыходзяць сюды працаваць, ведаюць, якая работа іх чакае. Яны ведаюць і тое, што іх кваліфікацыя, адукацыя, характар могуць дапамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу. У цэнтр такіх спецыялістаў, як правіла, кліча сэрца.
— І гэта не проста гучныя словы, — адзначае Вольга Міхайлаўна. — Сюды прыходзяць і застаюцца на гады людзі, якія зрабілі свой выбар свядома. Яны вельмі прафесійныя, творчыя і, што важна, добразычлівыя, душэўныя. Хіба такое асяроддзе, атмасферу ў класах маглі б стварыць хай і высокакваліфікаваныя, але абыякавыя спецыялісты?
Дзеці з цяжкімі, множнымі парушэннямі — не звычайныя школьнікі. Ім нельга сказаць «адкрыйце падручнікі», «сядзьце роўна» і іншыя падобныя рэчы. Слова «дысцыпліна» таксама не пра іх. Падчас урока яны спакойна могуць устаць з-за парты і пайсці ў іншы пакой.
— Мы не перашкаджаем, — дзеліцца дэталямі працы з асаблівымі дзецьмі наша суразмоўніца. — Наадварот, навучальныя класы і гульнявыя пакоі абсталяваныя мяккімі канапамі, крэсламі, ёсць мяккія маты, што дазваляе навучэнцам пераключыцца, супакоіцца, змяніць позу.
— Для такіх навучэнцаў няма падручнікаў, — працягвае Вольга Міхалькевіч. — Ёсць метадычныя дапаможнікі, але ўся падрыхтоўка, усе матэрыялы цалкам ляжаць на настаўніках. Малюнкі, цацкі, іншыя неабходныя для заняткаў навучальныя рэчы падбіраем пад кожнае дзіця. Нягледзячы на тое, што ў класе шэсць чалавек, на ўроку ўвага ўдзяляецца кожнаму — такім чынам забяспечваецца індывідуальны падыход.
Для цэнтра гэта звычайныя працоўныя моманты. Гэта жыццё, якое пражываюць педагогі разам са сваімі навучэнцамі і ў якім ёсць як узлёты, так і падзенні, узроставыя крызісы і асаблівасці характару кожнага з асаблівых дзяцей.
— Мы перастаём заўважаць іх асаблівасці, мы навучыліся чытаць іх жаданні па поглядзе, па жэсце, а яны з гадамі пачынаюць разумець нас. Гэта як у добрай дружнай сям’і, дзе ўсё ладзіцца таму, што ўсе адзін аднаго разумеюць, — дзеліцца Вольга Міхайлаўна.
Калі ў душы гучаць авацыі
На жаль, цудаў вылячэння тут не адбываецца. Галоўная мэта педагогаў цэнтра — максімальна, наколькі гэта магчыма ў кожнай канкрэтнай сітуацыі, сацыялізаваць дзяцей, навучыць іх неабходным бытавым рэчам: апранацца-распранацца, здымаць абутак і акуратна ставіць яго на месца, самастойна есці і, калі спатрэбіцца, прасіць аб дапамозе. Для гэтага іх трэба як мінімум навучыць не баяцца кантактаў з людзьмі.
У карэкцыйным цэнтры з дзецьмі займаюцца вельмі шмат. Многія з выхаванцаў пасля заканчэння навучання дома не сядзяць — працягваюць заняткі ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання.
— Гэта гурткі ці майстэрні, — тлумачыць Вольга Міхалькевіч. — Працай іх наведванне, вядома, не назавеш, але гэта цудоўнае месца, дзе дзеці могуць замацоўваць свае навыкі.
Вольга Міхайлаўна з цеплынёй успамінае Мікіту — юнака, які выпусціўся з цэнтра тры гады таму:
— Ён знайшоў сваё захапленне — фатаграфуе расліны, жывёл, пейзажы. Мама Мікіты перасылае гэтыя фатаграфіі нам, мы захапляемся імі і ўспамінаем шлях, які прайшлі разам з гэтым дзіцём, іншымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. І ў душы гучаць апладысменты ім, іх педагогам, іх бацькам...
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД