З надвор’ем ваенным археолагам крыху не пашчасціла — некалькі дзён ішлі дажджы. Старт пошукавай экспедыцыі «Сожскі рубеж — 2026» якраз прыйшоўся на неспрыяльны па надвор’і пачатак верасня. Але пошукавікі ставілі тэнт над раскопам або нацягвалі поліэтылен і «ўгрызаліся» ў зямлю. Спрактыкаванае вока імгненна выхоплівала з шэрай масы рэчы, якія былі здольныя нешта расказаць пра сваіх уладальнікаў. І кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай БАРЫСЕНКА з удзячнасцю канстатуе: хлопцы папрацавалі на славу.
Гарачы плацдарм
З канца жніўня Магілёўшчына адзначае дні вызвалення раёнаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І вельмі знамянальна, што менавіта ў гэты час праходзіла пошукавая экспедыцыя «Сожскі рубеж — 2026». У слаўгарадскай зямлі ўсё яшчэ ляжаць неперапахаваныя абаронцы, жыццё якіх трагічна абарвалася ў першы год вайны. Пошукавыя работы вяліліся на месцы баёў каля вёсак Аляксандраўка 1, Ходарава, Прудок, Пацяраеўка, Папоўка.
— Кожны год мы выязджаем на палі каля вёскі Папоўка, — кажа Мікалай Барысенка. — Там загінулі байцы 219-й матарызаванай дывізіі генерал-маёра Паўла Корзуна, якая з сярэдзіны ліпеня 1941 года на працягу месяца спрабавала адбіць у немцаў Прапойск (з 1946 года — Слаўгарад). Немцы захапілі населены пункт і забяспечвалі праз яго прасоўванне бранятанкавых часцей на ўсход у бок Чэрыкава, Крычава і далей на Маскву. І чырвонаармейцы імкнуліся захапіць Прапойск і перакрыць «варшаўскую шашу» — найбольш кароткі шлях на Маскву. Ім супрацьстаялі 10-я матарызаваная дывізія з групы генерала Гударыяна, а таксама 17-я і 34-я пяхотныя нямецкія дывізіі 13-га армейскага корпуса.

Па словах Мікалая Барысенкі, удзельнікі тых баёў дагэтуль ляжаць на палях каля Папоўкі на глыбіні ад паўметра да метра. Так блізка ад паверхні, што некаторых з іх закранулі нават плугі.
Цяжкае вяртанне
Падчас экспедыцыі пошукавікі клуба «Віккру» разам з прадстаўнікамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь паднялі астанкі 40 байцоў і камандзіраў, 13 мірных жыхароў, знайшлі 16 смяротных медальёнаў і ордэн. Два дні яны працавалі ў раёне Пацяраеўкі на месцы генацыду.
Падчас Боўкінскай блакады ў верасні 1943 года жыхароў, якія схаваліся ў лесе, знайшлі немцы і забілі. Пошукавікі паднялі астанкі 13 чалавек, сярод якіх апазналі па самаробным грэбені і некалькіх пацерках жанчыну і па маленькіх боціках — дзіця.
А вось медальёны і большасць астанкаў — з таго самага крывавага плацдарма каля Папоўкі.
У экспертаў атрымалася прачытаць шэсць медальёнаў. Сярод іх уладальнікаў — 20-гадовыя Васіль Дрэеў, Міхаіл Усціменка і Якаў Вінакураў, 22-гадовы Дзмітрый Рыбалка, 27-гадовы Мікіта Апанасенка, якіх прызвалі ў армію ва Украіне. А 26-гадовы Павел Андоськін — з Мардовіі, 20-гадовы Іван Гусакоў — ураджэнец горада Пачэп, што на Браншчыне.
— Па архіўных базах усе яны да нядаўняга часу праходзілі як зніклыя без вестак, — удакладняе Мікалай Барысенка. — Зараз мы актыўна працуем над тым, каб знайсці іх нашчадкаў і паведаміць, што іх родныя нарэшце «вярнуліся» з вайны.
Імя Паўла Андоськіна атрымалася ўстанавіць дзякуючы ордэну Баявога Чырвонага Сцяга, які ён атрымаў за год да пачатку вайны за ахову дзяржаўнай граніцы. Героя адшукалі па нумары ордэна, які добра захаваўся.
Родныя Якава Вінакурава сёння жывуць у Маскве і Іжэўску, але пошукавіку Аляксею Міроненку, які знайшоў іх каардынаты, яшчэ не атрымалася нікога апавясціць. Пакуль ён толькі ўстанавіў кантакт з траюраднай пляменніцай Івана Гусакова.
— Як высветлілася, яна жыве па тым жа адрасе, адкуль Якаў Вінакураў пайшоў на вайну, і збіраецца прыехаць да нас на перапахаванне, — расказвае Аляксей. — Яна нават не ведала пра яго. Яе бацька памёр рана, а маці нічога не расказвала. Дарэчы, знайсці яе адрас дапамагла наша памочніца Алена Маньшына з Тальяці.
«Навучыся помніць»
У разведку на палі ў Аляксандраўку і Папоўку пошукавікі выязджалі не менш чым 30 разоў за палявы сезон. І дзякуючы дасканалым разведкам падрыхтаваліся добра. Месцы былых баёў актыўна вывучалі групы «Дняпроўскі рубеж» Паўла Кончыкава, «Сірыус» Ягора Шчанава, «Спадчына» Аляксандра Халеева, «Звязда» Аляксандра Пяскоўскага. Яны ж, не шкадуючы сіл і цярпення, працавалі непасрэдна ў момант падняцця астанкаў.
— У экспедыцыі ўдзельнічала амаль 50 чалавек, — адзначае Мікалай Барысенка. — Нават у праліўны восеньскі дождж усе працавалі на поўную сілу. Машыны захрасалі ў гразі, але хлопцы іх выцягвалі і працягвалі сваю справу. Каб вада не трапляла ў раскопы, нацягвалі плёнку ці тэнты. Найбольш цяжка было ў раёне Аляксандраўкі, дзе асобныя раскопы даходзілі да 1,5 метра ў глыбіню. Каля Пацяраеўкі наогул капалі да двух метраў у глыбіню. І зямля там была вельмі цяжкая. Да вечара знемагалі так, што ледзь дабіраліся да сваіх палатак. Сіл зусім не заставалася.

У рамках праекта «Навучыся помніць», які «Віккру» рэалізуе разам з Магілёўскім абласным Цэнтрам творчасці, месцы раскопаў наведала навучэнская моладзь — школьнікі Васькавіцкай сярэдняй школы і 1-й і 2-й школ Слаўгарада. Пошукавікі лічаць, што гэта ўзаемадзеянне вельмі важнае. Бо школьнікі вывучаюць ваенную гісторыю не толькі па старонках падручнікаў, але і ўжывую.
Экспедыцыя завершаная, наперадзе новыя разведкі і пошукі родных чырвонаармейцаў, якіх атрымалася «вярнуць» з вайны. Пошукавікі не страчваюць надзеі, што медальёны, якія яшчэ не прачытаныя, усё ж такі атрымаецца расшыфраваць.
— Эксперты з Мінска, на жаль, не змаглі дапамагчы прачытаць усе медальёны (з 16 — толькі 6), у іх слабаватыя сканеры, — тлумачыць Мікалай Барысенка. — Бачна толькі, што паперкі запоўненыя, але разабраць напісанае немагчыма. Патрэбна больш магутная тэхніка. Будзем шукаць у Магілёве спонсараў, каб дапамаглі нам набыць добры сканер. Бо кожны год паўстае адна і тая ж праблема. А кожнае імя для нас вельмі важнае — гэта перамога над забыццём.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва клуба «Віккру»
P.S.
Пошукавікі ўдзячныя за падтрымку экспедыцыі «Сожскі рубеж — 2026» Магілёўскаму аблвыканкаму, абласному Цэнтру творчасці і Слаўгарадскаму райвыканкаму.