Top.Mail.Ru
0

Якія рэчы знаходзяць у школьнікаў супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС

Што ў заплечніку?

Дадатковыя гарантыі

Праверка таго, што знаходзіцца ў нашых сумках, заплечніках і нават кішэнях, даўно стала нормай пры праходжанні надгляду ў аэрапортах. Ажыццяўляецца ўзмоцнены кантроль пры ўваходзе ў метро і пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. І гэта, зразумела, зусім не дзеля таго, каб стварыць нейкія дадатковыя перашкоды, наступіць на горла нашым жаданням, патрэбам і свабодзе, звузіць асабістую прастору, як любяць гарлапаніць у сеціве хранічныя хейтэры. Гэта не лішнія нязручнасці, а дадатковыя гарантыі нашай бяспекі. Меры, на жаль, вымушаныя.

Не проста так з’явіліся агароджы вакол навучальных устаноў. Да гэтага ў свой час падштурхнулі непрыемныя здарэнні на прышкольных тэрыторыях. Не абыходзілася без іх і ў саміх школах. Ды і ці трэба чакаць сваіх надзвычайных здарэнняў, у дадзеным выпадку лепш, як кажуць, вучыцца на чужых памылках. А за трагічнымі прыкладамі хадзіць далёка не трэба — у пачатку кастрычніка ў суседняй Польшчы адбылася серыя рэзанансных нападаў з выкарыстаннем халоднай зброі ў навучальных установах.

Таму і ў беларускіх школах з новага навучальнага года абноўлены парадак прапускнога рэжыму — зноў жа дзеля таго, каб у поўнай меры забяспечыць бяспеку дзяцей і настаўнікаў. Тым больш што ў нас стаўку зрабілі не на татальны кантроль, а на выбарачнасць і тактоўнасць.

Далёка не дзіцячы набор

Ці не перамудрылі, не перастрахаваліся? Што знайшлі і канфіскавалі ў школьнікаў за мінулыя паўтара месяца супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС? Шмат чаго: нажы, колючыя і іншыя небяспечныя прадметы, нават гільзы і патроны. Найбольш часта спрабавалі пранесці ва ўстановы адукацыі электронныя прылады для курэння, вэйпы і вадкасць для іх запраўкі.

Прывялі ў ахоўным ведамстве і канкрэтныя прыклады. Так, у Жлобіне вучань спрабаваў пранесці нож. У Глыбокім у рукзаку школьніка знайшлі пустыя патроны да пісталета Макарава, у Лідзе — дзве гільзы, у Наваполацку — балончык з пярцовым газам...

Строга па правілах

Падрабязнасці пра тое, як усё праходзіць, як ставяцца да надгляду вучні школ, іх бацькі і настаўнікі, мы даведаліся ў начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы палкоўніка міліцыі Сяргея ЕРМАЛОВІЧА:

— Для пачатку нагадаю, якія прадметы лічацца забароненымі для праносу ў школу. Гэта зброя любога віду або яго імітацыя, боепрыпасы, колюча-рэжучыя прадметы, піратэхніка, гаручыя і лёгкаўзгаральныя вадкасці, запалкі, запальніцы, сродкі самаабароны, уключаючы газавыя балончыкі, хімічныя, атрутныя і небяспечныя рэчывы, а таксама алкаголь, наркотыкі і вэйпы.

Па словах прадстаўніка дэпартамента, дзеці ўспрымаюць выбарачныя праверкі спакойна. А адгаворка «Я не ведаў, што нельга» не праходзіць. Таму што ў кожнай школе з першага да пятага класа ўключна ў раскладзе ёсць «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», дзе выразна прагаворваецца спіс забароненых рэчаў. Інфармацыю дубліруюць на класных гадзінах і бацькоўскіх сходах. Так што ўсім усё добра вядома.

— Надгляд праводзіцца строга па правілах, толькі ў прысутнасці педагога, з захаваннем правоў і годнасці дзіцяці і выключна ў мэтах бяспекі, — падкрэслівае Сяргей Васільевіч. — Гэта ўзгодненае мерапрыемства, пры якім дзіця ці падлетак самі прад’яўляюць змесціва свайго рукзака для візуальнага і ручнога кантактнага абследавання. Школьнік не застаецца сам-насам з прадстаўнікамі аховы, такім чынам яму гарантаваны абарона яго правоў і псіхалагічны камфорт. На жаль, расслабляцца не варта. Выпадкі, калі дзеці прыносяць у школу забароненыя прадметы, далёка не адзінкавыя.

Сяргей Ермаловіч яшчэ раз акцэнтаваў увагу на тым, што надгляд — не татальная праверка, ён застаецца выбарачным і ажыццяўляецца толькі пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных правіламі:

— Мэты зазіраць у кожны заплечнік пры ўваходзе навучэнца ў школу няма. Падставай для надгляду можа паслужыць наяўнасць буйной ручной паклажы, сумкі вялікага памеру альбо сітуацыі, калі з рукзака вытыркаюцца рэчы. Увесь «канфіскат» вяртаюць бацькам навучэнцаў. Пры гэтым не прапускаецца магчымасць яшчэ раз правесці з імі прафілактычную гутарку аб тым, што кожны дзень перад выхадам дзіцяці ў школу неабходна аглядаць яго рукзак, рэгулярна размаўляць з ім пра бяспеку, спакойна тлумачыць, чаму нельга праносіць ва ўстанову адукацыі небяспечныя прадметы і да якіх наступстваў гэта можа прывесці.

  • З пачатку навучальнага года толькі ў Мінску супрацоўнікі гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы выявілі і спынілі амаль 600 спроб пранесці ва ўстанову адукацыі забароненыя прадметы і рэчывы, у тым ліку нажы, электронныя прылады для курэння, колючыя і іншыя небяспечныя прадметы.

У тэму

Правілы існуюць для ўсіх

Навучэнцы Мінскага каледжа і тэхналогій будаўніцтва сур’ёзнасць моманту разумеюць і прымаюць яго настолькі, што з дому выязджаюць з запасам часу — каб паспець і надгляд прайсці, і на заняткі не спазніцца.

Перш чым прайсці ва ўстанову адукацыі, навучэнцаў правярае пазаведамасная ахова — на прадмет знешняга выгляду і наяўнасці студэнцкага білета. Затым сваю дзейнасць ажыццяўляюць супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС.

— Ніхто не абураецца і не наракае, — сведчыць дырэктар каледжа Андрэй ЯРМОЛІК. — Нашы хлопцы і дзяўчаты хоць і непаўналетнія, але ўжо дастаткова дарослыя, каб аналізаваць убачанае, пачутае, прачытанае ў СМІ ці ў сацыяльных сетках і зрабіць выснову: калі і адбываецца надгляд, то робіцца гэта выключна для іх жа бяспекі. Бацькоўская грамадскасць да такіх працэдур таксама ставіцца з разуменнем.

Дырэктар падкрэсліў, што супрацоўнікі сілавога ведамства ведаюць і ўмеюць працаваць з дзецьмі тактоўна.

Ці знаходзяць што-небудзь забароненае ў навучэнцаў каледжа?

— Калі і здараецца, то гэта ў асноўным электронныя цыгарэты. Часам у рукзаках знаходзяць таблеткі, тады мы высвятляем у медработніка, што гэта за лекі, ці не адносяцца яны да забароненых рэчываў і гэтак далей, — гаворыць Андрэй Уладзіміравіч. — Найпрасцейшыя лекі, напрыклад, аспірын або актываваны вугаль, праносіць у школу дазваляюць без праблем.

Падзяліўся дырэктар і радасным фактам: спроб пранесці ў каледж колючыя, рэжучыя ці іншыя небяспечныя прадметы зафіксавана не было. Што датычыцца дысцыпліны ў цэлым, тут распрацаваны памяткі і лакальныя ўнутраныя дакументы.

— Гэта і ёсць правілы паводзін, свайго роду статут нашай установы адукацыі, — канстатуе Андрэй Ярмолік. — Пад імі ставіць подпіс кожны навучэнец, пра іх інфармаваныя і бацькі.

Агульная справа

Дырэктар сталічнай школы № 180 імя Уладзіміра Іванавіча Ермакова Наталля НАРБУНТОВІЧ падзялілася з нагоды надгляду школьнай ручной паклажы думкамі ўсяго свайго калектыву:

— Ніякіх хваляванняў або бурных і супярэчлівых абмеркаванняў па гэтым пытанні не было — ні сярод дзяцей і іх бацькоў, ні сярод педагогаў. Якія могуць быць абмеркаванні, калі гаворка ідзе пра бяспеку дзяцей?!

Наталля Уладзіміраўна лічыць, што асноўнай задачай настаўнікаў, акрамя навучання дзяцей, з’яўляецца забеспячэнне іх бяспекі:

— Яны павінны прыходзіць у школу здаровымі і шчаслівымі і такімі пакідаць яе сцены ў канцы навучальнага дня. Новаўвядзенне якраз гэтаму спрыяе.

Па словах дырэктара, прадстаўнікі Дэпартамента аховы МУС працуюць вельмі карэктна, у абавязковым парадку паказваюць дзецям службовае пасведчанне, тлумачаць, якія дзеянні яны будуць ажыццяўляць і што неабходна зрабіць школьніку. І вучні на гэта рэагуюць пазітыўна:

— Спакойна адкрываюць свае рукзакі, паказваюць, што ў іх знаходзіцца. У гэты ж час на ўваходзе ў школу, у холе бацькі могуць назіраць за ўсёй працэдурай. І ведаеце, ніякіх зваротаў, скаргаў ад іх з гэтай нагоды не паступала.

Алёна ВІНГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю