Сёння беларуская грамадзянская авіяцыя — гэта сетка авіякампаній, аэрапортаў, сістэма арганізацыі паветранага руху, авіярамонтныя прадпрыемствы і ўстановы адукацыі. Яны забяспечваюць функцыянаванне і ўстойлівае развіццё паветранага транспарту краіны. Рост пасажырскіх і грузавых перавозак, аб’ём аэранавігацыйнага абслугоўвання, пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва і паветраных маршрутаў — такі сённяшні дзень авіятараў Беларусі.
Дынаміка росту
Дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Ігар ГОЛУБ адзначае, што грамадзянская авіяцыя займае асаблівае месца ў жыцці суверэннай Беларусі.
— Яна з’яўляецца адной з візітак краіны і адным з паказчыкаў развіцця яе эканомікі. Самы пераканаўчы паказчык дасягненняў — гэта лічбы. За дзевяць месяцаў бягучага года авіяцыйныя арганізацыі Беларусі павялічылі аб’ёмы работы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га.
Колькасць перавезеных пасажыраў павялічылася на 114 %.
У параўнанні з мінулым годам пасажыраабарот у 2026-м дасягнуў амаль 137 %, грузаабарот — 160 %. Аб’ём аэранавігацыйнага абслугоўвання вырас амаль на 120 %. У паветранай прасторы краіны адпаведныя паслугі прадастаўляюцца 149 авіякампаніям з 34 краін.

Нягледзячы на абмежаванні, нацыянальная авіякампанія «Белавія» працягвае пашыраць маршрутную сетку, уключаючы ў яе геаграфію новыя краіны.
— У студзені гэтага года быў адкрыты рэгулярны рэйс у Тэль-Авіў, у сакавіку — у в’етнамскі Нячанг. У чэрвені аднавіліся рэгулярныя палёты з Мінска ва Уфу. Гэты маршрут стаў дзявятым рэгулярным напрамкам «Белавія» ў Расійскай Федэрацыі, — канстатуе Ігар Уладзіміравіч. — Акрамя таго, нацыянальная авіякампанія адкрыла новыя чартарныя напрамкі з Мінска ў Тайланд і Туніс. З Брэста адкрыліся палёты на егіпецкі курорт Эль-Аламейн. З 25 кастрычніка дабавіўся рэгулярны рэйс у Бангкок.
Развіццё маршрутнай сеткі працягваецца ў тым ліку дзякуючы папаўненню лётнага парка «Белавія», у склад якога ўвайшлі далёкамагістральныя паветраныя судны Aіrbus A330—200 і сярэднемагістральныя Boeіng 737–800.
Пілоты «айчыннай вытворчасці»
Асаблівую ўвагу ў галіне ўдзяляюць падрыхтоўцы кадраў. Летась Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі ўпершыню выпусціла лётчыкаў, якія прайшлі навучанне ў нашай краіне.
— Выпускнікі, якія прыйшлі працаваць у нацыянальную авіякампанію, ужо выконваюць палёты ў якасці памочнікаў камандзіра карабля на паветраных суднах тыпаў Boeіng і Embraer, — падзяліўся добрай навіной Ігар Голуб. — Неўзабаве і наступны выпуск пілотаў.
Галоўны прыярытэт
Найважнейшым дасягненнем беларускай авіяцыі дырэктар дэпартамента назваў забеспячэнне бяспекі палётаў.
— На працягу дзевяці месяцаў 2026 года Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) правяла ў Беларусі два аўдыты. Іх вынікі ў далейшым будуць садзейнічаць пашырэнню міжнародных авіязносін і ўмацаванню іміджу нашай краіны як надзейнага авіяцыйнага партнёра.
Ці паляцім з Брэста ў Віцебск?
У нас выдатныя транспартныя зносіны, але сітуацыі, калі па службовых ці сямейных справах трэба хутка дабрацца, скажам, з Віцебска ў Брэст, а гэта больш за 600 кіламетраў, бываюць невырашальнымі. Таму ў жыхароў Беларусі ўсё часцей узнікае пытанне: «Ці аднавяцца ўнутрырэспубліканскія авіяцыйныя перавозкі, на якія ў свой час быў добры попыт?» Яго мы пераадрасавалі Ігару Голубу.
— Пытанне аднаўлення ўнутрырэспубліканскіх авіяцыйных перавозак звязана з магчымасцю папаўнення авіяпарка лёгкімі транспартна-пасажырскімі самалётамі тыпу «Асвей», — адказаў ён. — Сёння вядзецца актыўная работа над стварэннем такога паветранага судна. І як толькі гэтыя паветраныя перавозчыкі з’явяцца у нашым авіяпарку, мы вернемся да пытання аднаўлення ўнутраных авіяперавозак.
Вяртанне праз шэсць гадоў
30 кастрычніка нацыянальная авіякампанія «Белавія» аднавіла рэгулярныя палёты паміж Мінскам і міжнародным аэрапортам Жукоўскі ў Маскоўскім рэгіёне. Маршрут стаў дванаццатым расійскім аэрапортам у сетцы беларускага перавозчыка.
Рэйсы выконваюцца штодня на самалётах Embraer-195. Вылет з Мінска запланаваны на 13.15 з прыбыццём у Жукоўскі ў 14.45. Зваротны рэйс адпраўляецца ў 15.35 і прыбывае ў беларускую сталіцу ў 17.05. Час у дарозе — 1 гадзіна 30 хвілін.
Як адзначыла начальнік службы маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці авіякампаніі «Белавія» Кацярына РАДЗІШЭЎСКАЯ, Масква — адзін з самых запатрабаваных напрамкаў, і аднаўленне маршруту пашырае магчымасці пасажыраў для планавання паездак і транзітных падарожжаў.
— Аэрапорт Жукоўскі істотна пашырыў сваю маршрутную сетку, таму пасажыры «Белавія» могуць працягваць адтуль падарожжы па іншых напрамках. Авіякампанія таксама працуе над камерцыйнымі пагадненнямі з перавозчыкамі і партнёрамі, каб зрабіць такія маршруты больш зручнымі.
Першы рэйс з Мінска адправіўся са 100-працэнтнай загрузкай — 107 пасажыраў на борце. На зваротны рэйс на гэты момант чакалі 101 пасажыра, пры гэтым продаж білетаў яшчэ працягваўся. Прадугледжаны і паўнавартасны бізнес-клас.
Аднаўленне гэтага маршруту мае і сімвалічнае значэнне: у 2016 годзе менавіта палёт самалёта «Белавія» з Мінска ў Маскву стаў першым рэгулярным рэйсам у найноўшай гісторыі аэрапорта Жукоўскі. Палёты выконваліся штодня да вясны 2020-га, пасля чаго праграма была прыпынена. Цяпер беларускі перавозчык зноў злучыў Мінск з гэтым аэрапортам. Такім чынам, рэгулярныя рэйсы «Белавія» з беларускай сталіцы выконваюцца ўжо ў чатыры маскоўскія аэрапорты: Дамадзедава, Шарамецьева, Унукава і Жукоўскі.
Бяспеку паветраных лайнераў і іх пасажыраў у небе забяспечваюць на зямлі авіядыспетчары
Аб прафесіі авіядыспетчара вядома не так шмат. У параўнанні з пілотамі і бортправаднікамі іх праца цалкам схаваная ад позірку звычайнага пасажыра. Разам з тым дыспетчар — галоўная асоба ў любым палёце, нават рухавік камандзір паветранага судна не мае права запусціць без яго дазволу. Так коратка, адным сказам, абмалявалі ролю дыспетчара па кіраванні паветраным рухам у агульнай сістэме грамадзянскай авіяцыі спецыялісты ДП «Белаэранавігацыя» — адзінага ў нашай краіне правайдара аэранавігацыйнага абслугоўвання. Прадпрыемства прызнана адным з лідараў сярод арганізацый Беларусі, якія ажыццяўляюць транспартную дзейнасць, і ў 2026 годзе было занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару.
Лаканічнасць, выразнасць і адназначнасць — галоўнае правіла радыёабмену для дыспетчараў, але не для журналістаў. Таму мы вырашылі даведацца пра людзей гэтай дзіўнай прафесіі як мага больш, каб, зразумела, расказаць самае цікавае вам, нашы паважаныя чытачы. А заадно высветліць, хто і як можа стаць дырыжорам паветранага руху, якімі якасцямі павінен валодаць дыспетчар і якія правілы дакладна выконваць. Карацей кажучы — якія яны, дыспетчарскія будні. Дзеля гэтага мы адправіліся ў Мінскі цэнтр кіравання паветраным рухам (МЦКПР) — галоўную структурную адзінку дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя».
Рэжым — кругласутачны, умовы — камфортныя
І вось мы ў пасёлку Сокал, у сучасным будынку цэнтра, які адпавядае ўсім стандартам Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі ІКАО. Нават пасля чыста візуальнага агляду зразумела: тут зроблена ўсё для камфортнай працы і такога ж
адпачынку прафесіяналаў, якія круглыя суткі забяспечваюць бяспечны, рэгулярны і спарадкаваны рух паветраных суднаў у небе і на зямлі.
— Спецыяліст, ад дзеянняў якога залежаць жыцці людзей, павінен заўсёды выконваць рэжым працы і адпачынку, каб падтрымліваць канцэнтрацыю ўвагі, — дзеліцца намеснік начальніка службы паветранага руху Мінскага дыспетчарскага цэнтра Яўген БЯЗРУЧКА. — У працэсе працоўнай змены дыспетчар абавязаны адпрацаваць не больш за дзве гадзіны, пасля якіх надыходзіць рэгламентаваны 20-хвілінны перапынак. І каб гэты невялікі кавалачак адпачынку быў максімальна эфектыўным, у МЦКПР ёсць пакоі адпачынку і псіхалагічнай разгрузкі, трэнажорная зала, а падыхаць свежым паветрам можна на добраўпарадкаванай тэрыторыі.
Рэзервы ёсць
Сёння ў цэнтры працуюць каля 500 чалавек, якія не толькі забяспечваюць аэранавігацыйнае абслугоўванне паветранага руху, але і арганізуюць узаемадзеянне з органамі і службамі, што ўдзельнічаюць у забеспячэнні палётаў, ажыццяўляюць каардынацыю з суседнімі дзяржавамі, падтрымліваюць жыццядзейнасць МЦКПР і тэхнічную прыдатнасць абсталявання. І гэта асабліва важна. У Мінскім цэнтры кіравання паветраным рухам — высокатэхналагічнае абсталяванне апошняга пакалення: перадавыя аўтаматызаваныя сістэмы, спецыялізаваныя апаратныя комплексы, унікальнае праграмнае забеспячэнне.

— Вялікая ўвага ўдзяляецца эрганоміцы працоўных месцаў авіядыспетчараў, — тлумачыць нюансы Яўген Аляксандравіч. — Спецыялізаваныя пульты і органы кіравання спраектаваны з улікам самых строгіх стандартаў, што зніжае нагрузку на людзей і забяспечвае высокую дакладнасць працы пры высокай інтэнсіўнасці паветранага руху. Для бесперапыннага маніторынгу паветранай абстаноўкі прымяняюцца найноўшыя радыёлакацыйныя комплексы. Усе каналы авіяцыйнай электрасувязі — ад радыёабмену «Дыспетчар — пілот» да абмену дадзенымі з сумежнымі цэнтрамі КПР — пабудаваныя на базе сучасных лічбавых пратаколаў і высоканадзейнага абсталявання. Тэхнічная база прадпрыемства не толькі адпавядае патрабаванням сённяшняга дня, але і мае рэзервы для развіцця, калі колькасць палётаў будзе расці і далей. І на такое развіццё падзей мы глядзім з аптымізмам.
Так воляй-няволяй мы закранулі пытанне санкцыйнага ціску. Каментуюць тут гэтую тэму стрымана: галоўнае — калектыў унікальных кадраў, якія прыйшлі ў авіяцыю па закліку сэрца, удалося захаваць.
— Спачатку трафік сапраўды значна знізіўся, — дзеліцца наш суразмоўца. — Але, калі пачалі адкрывацца новыя маршруты і напрамкі, пачалі мяняцца і вынікі. У 2025-м мы забяспечылі аэранавігацыйнае абслугоўванне для больш чым 50,5 тысячы паветраных суднаў. Сёння ў нас 63 маршруты абслугоўвання паветранага руху працягласцю каля 22 тысяч кіламетраў. Упэўнены, пройдзе яшчэ некаторы час, і рух у паветранай прасторы Беларусі не толькі адновіцца, але і вырасце.
Галоўная мэта калектыву прадпрыемства, на думку Яўгена Бязручкі, — быць гатовымі да гэтага:
— Таму прыкладаем максімальныя намаганні для падтрымання неабходнага і нават больш высокага ўзроўню аэранавігацыйнага абслугоўвання. Дыспетчары рэгулярна праходзяць трэнажорныя падрыхтоўкі, мы падбіраем і навучаем новыя кадры. Увогуле, робім усё, што дазволіць нам якасна справіцца з любой колькасцю паветраных суднаў.
Здароўе і веды
Маладыя людзі, якіх вабіць рамантыка неба, павінны ведаць: без профільнай адукацыі ў дыспетчары не бяруць. Галоўная кузня кадраў для «Белаэранавігацыі» — Беларуская дзяржаўная акадэмія грамадзянскай авіяцыі.
— Жыццё і праца дыспетчара мае свае асаблівасці, — адзначае наш суразмоўца. — Галоўных патрабаванняў да такіх спецыялістаў два: здароўе і веды.
Яшчэ адзін нюанс. Малады чалавек, які абраў гэтую прафесію, павінен быць гатовым да таго, што дыпламаваным спецыялістам ён таксама будзе працягваць вучыцца, пацвярджаць свае веды і кваліфікацыю, прычым рабіць гэта ўсё сваё прафесійнае жыццё.
— Перад тым, як прыступіць да самастойнай працы, моладзь праходзіць стажыроўку ў некалькі этапаў, — дзеліцца асаблівасцямі шляху ў прафесіяналы Яўген Аляксандравіч. — Першы — тэарэтычны, на якім прыйдзецца вывучыць усе нарматыўна-прававыя дакументы, службовыя інструкцыі, тэхналогіі, выпрацаваць неабходныя навыкі для працы. Пасля паспяховага завяршэння першага этапу дыспетчар-стажор пераходзіць да другога — трэнажорнай падрыхтоўкі, дзе ён навучаецца ўзаемадзеянню з паветраным суднам, вучыцца, якія каманды даваць экіпажу і што чакаць у адказ. На гэтым жа этапе малады спецыяліст «трапляе» ў складаныя, непрадбачаныя або аварыйныя сітуацыі і вучыцца, як у такіх сітуацыях дзейнічаць.
— Дыспетчар за ўсё сваё прафесійнае жыццё можа з падобнымі абставінамі і не сутыкнуцца, — кажа Яўген Бязручка. — Але ён павінен быць гатовы да іх, каб у патрэбны момант не разгубіцца і ўсімі магчымымі спосабамі дапамагчы экіпажу, паветранаму судну і пасажырам удала ўзляцець, правесці свой палёт і таксама ўдала прызямліцца.
Мы пацікавіліся, колькі ж трэба стажыравацца, каб пачаць працаваць самастойна.
— Веды, падрыхтоўка — гэта важна, але многае яшчэ залежыць і ад індывідуальных асаблівасцяў чалавека, — тлумачыць наш суразмоўца. — Камусьці дастаткова, напрыклад, 300–400 гадзін, а некаторым стажорам неабходны дадатковы час.
Пасля трэнажорнай падрыхтоўкі дыспетчар-стажор пераходзіць да трэніроўкі на працоўным месцы пад кантролем інструктара — там ён ужо сутыкаецца з рэальным становішчам у рэальным жыцці.
«Вучу любіць сваю прафесію»
Авіядыспетчар-інструктар Вераніка ВІЦЬКО з дзяцінства марыла звязаць сваё жыццё з авіяцыяй — і стала авіядыспетчарам.
— Ні разу не пашкадавала аб зробленым выбары, — сцвярджае яна. — Спачатку было складана: шмат інфармацыі, шмат ведаў — ад аэрадынамікі да замежнай мовы, безліч дакументаў. Але ў мяне былі выдатныя інструктары — мае настаўнікі, дзякуючы якім я стала атрымліваць ад працы задавальненне і заўважаць, што кожны дзень адбываецца нешта новае — новыя экіпажы, новыя рэйсы, пастаянна змяняюцца карцінка і абстаноўка.
Урокі, атрыманыя ад сваіх выдатных настаўнікаў, Вераніка засвоіла добра.
І цяпер вучыць моладзь не толькі тонкасцям дыспетчарскай працы, але і любові да абранай справы.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Алёна ВІНАГРАДАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ