Top.Mail.Ru
0

У Мінску стартавала агульнарэспубліканская акцыя для старшакласнікаў

Патрыятычныя канікулы

«Адзінства пакаленняў: маршрут памяці» — такую назву атрымала маштабнае пяцідзённае мерапрыемства, якое па ініцыятыве Савета Рэспублікі арганізавала Міністэрства адукацыі. Сімвалічна, што яго адпраўным пунктам стала плошча Перамогі ў Мінску.

У пазнавальнае падарожжа адправіліся 49 фіналістаў рэспубліканскага конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны» з усіх куткоў Беларусі. Гэта тыя школьнікі, якім не хапіла крыху балаў, каб увайсці ў асноўны склад удзельнікаў беларуска-расійскага патрыятычнага культурна-асветніцкага праекта «Цягнік Памяці».

— Менавіта для іх і была арганізавана гэтая ўнікальная патрыятычная акцыя, — адзначыў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ. — Сувязь пакаленняў пачынаецца менавіта з такіх важных момантаў, калі юнакі і дзяўчаты збіраюцца ра-зам, аб’яднаныя адной ідэяй, адзінай гісторыяй сваёй краіны і сваёй сям’і. І мы ганарымся імі, ганарымся ўстановамі адукацыі, якія рыхтуюць такіх патрыётаў, і, вядома, сем’ямі, у якіх сапраўды захоўваюцца добрыя традыцыі памяці, у якіх ведаюць пра подзвігі бацькоў, дзядоў і прадзедаў.

Важная задача гэтых маладых людзей, на думку Аляксандра Сяргеевіча, — заставацца пасламі праектаў «Цягнік памяці» і «Сувязь пакаленняў», для таго каб натхніць іншых школьнікаў на ўдзел у конкурсе Міністэрства адукацыі «Я патрыёт сваёй краіны». Многія з удзельнікаў конкурсу з’яўляюцца пераможцамі рэспубліканскіх праектаў, акцый, а таксама алімпіяд, якія накіраваны на захаванне гістарычнай памяці.

— Упэўнены, што яны запомняць гэтыя дні і перададуць эстафету памяці сваім дзецям, — падкрэсліў Аляксандр Лук’янаў.

Марыя Быль родам са Скідзеля, што на Гарадзеншчыне. Дзяўчына ганарыцца тым, што стала ўдзельніцай праекта.

— Настрой выдатны, — сказала яна. — Наперадзе столькі цікавага, столькі новага! Гэты праект і іншыя такія — вельмі патрэбныя і для нас, і для малодшых школьнікаў. Яны дапамагаюць нам успомніць вялікі подзвіг, які здзейснілі нашы продкі, дапамагаюць не забываць, якой цаною было здабыта для нас мірнае неба.

Прадзед Марыі прайшоў праз усю вайну і вярнуўся дадому жывым.

— У яго вельмі шмат узнагарод, і я з гонарам пра гэта расказваю сваім аднагодкам. Наш музей пастаянна просіць якія-небудзь звесткі з ваеннай біяграфіі майго продка, і мая сям’я, дзе памяць пра яго свята шануецца, заўсёды гэтымі звесткамі дапамагае.

Валерыя Паўлоўская прыехала ў Мінск з Мёраў Віцебскай вобласці. «Я вучуся ў СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. А. Тамко. Мне было важна расказаць гісторыю свайго прадзеда, Яўгена Паўлоўскага, — падзялілася яна. —Яго падчас Вялікай Айчыннай вайны аб’явілі без вестак прапаўшым. Мая сям’я амаль страціла надзею, але вельмі чакала, і ён вярнуўся. Калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у акцыі, я ў той самы дзень пачала збіраць матэрыялы, каб напісаць эсэ. У пошуку інфармацыі мне дапамагла бабуля. Для ўсёй нашай сям’і вельмі важна памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Гэтая памяць павінна жыць у сэрцах людзей».

Наперадзе ў юнакоў і дзяўчат пяць насычаных дзён, больш за тысячу кіламетраў дарогі і ўражанні, якія застануцца з імі назаўжды. У першы дзень падарожжа ўдзельнікам акцыі прапанавалі пазнаёміцца са сталіцай: наведаць Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Нацыянальную бібліятэку і адукацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці МНС. Затым пачнецца падарожжа старшакласнікаў па роднай краіне. Яны пабываюць ва ўсіх абласных гарадах Беларусі, а таксама ў аграгарадку Чырвоны Бераг. Далучацца да маладзёжнай акцыі «Моладзь памятае!» у мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле», пабываюць і ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».

Завершыцца акцыя 6 лістапада ў Брэсце. Пасля агляднай экскурсіі па горадзе ўдзельнікі збяруцца ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», каб ушанаваць памяць яе абаронцаў і ўскласці кветкі да Вечнага агню.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота БЕЛТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю