Раз у два гады ў Беларусі праходзіць конкурс «Найлепшы кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы, гімназіі, ліцэя». Сёлета з’явілася яшчэ адна намінацыя — «Найлепшы кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні кадэцкага вучылішча». 13 лістапада ў Мінску адбыліся фінальныя спаборніцтвы.
Не проста словы
У Нацыянальным цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сабралася вялікая колькасць людзей у ваеннай форме: педагогі, зусім яшчэ юныя кадэты, за выставачнымі стэндамі ў камуфляжы — курсанты Ваеннай акадэміі. Падтрымаць сваіх кіраўнікоў прыехалі з розных куткоў Беларусі ўдзельнікі ваенна-патрыятычных клубаў і класаў.


Да пачатку фінальных спаборніцтваў заставаўся час, і нам удалося пагутарыць з некаторымі іх удзельнікамі пра тое, што для кожнага з нас з’яўляецца галоўным, — пра любоў: да блізкіх людзей, роднай прыроды, гісторыі сваёй краіны. Гэта значыць, пра ўсё тое, што і складваецца ў выдатнае слова і такое ж пачуццё — «патрыятызм».
Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 9 горада Мазыра Валерый КОШАЛЬ у прафесіі — з 2023 года:
— Да гэтага вучыў дзяцей гісторыі. Потым вырашыў паспрабаваць для сябе нешта новае і абраў гэты шлях. Чаму менавіта гэты? Абодва кірункі цесна пераплятаюцца — гэта і захаванне гістарычнай памяці, і пошукавая дзейнасць.
Па словах Валерыя Кошаля, дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у тэматычных мерапрыемствах, асабліва ім даспадобы ваенна-патрыятычныя гульні — «Зарніца», «Арляня».


Палкоўнік у адстаўцы Роберт ІСМАІЛАЎ кіруе патрыятычным выхаваннем у Полацкім кадэцкім вучылішчы. Галоўнай сваёй місіяй як выкладчыка лічыць рыхтаваць моладзь да таго, каб у цяжкі для Радзімы час без роздуму стаць на яе абарону. Аб патрыятызме Роберт Аслановіч гаворыць мала — яго ў юнаках і дзяўчынах ён выхоўвае праз прызму пошукавых работ:
— Пяць гадоў таму я стварыў пошукавы атрад. За гэты час мы з выхаванцамі каледжа паднялі з зямлі астанкі 670 байцоў Вялікай Айчыннай вайны, у 12 з іх устанавілі імёны. А апошняй нашай знаходкай стаў самалёт Героя Савецкага Саюза капітана Івана Міхайлавіча Астахава. Для мяне важна, што моладзь даведваецца пра вайну, армейскую доблесць, славу і адданасць Радзіме не толькі з кніг, але і з такіх вось страшных, але праўдзівых знаходак.
Яшчэ адзін фіналіст — кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Полацкай сярэдняй школы № 14 імя Міхаіла Сцяпанавіча Грыневіча Юрый ДУБОЎСКІ. Ён — дзеючы святар, таму разам з патрыятычным выхаваннем далучае моладзь да духоўных каштоўнасцяў:

— Патрыятызм — гэта не проста прыгожыя словы. Ён пачынаецца з малога — з любові да сваёй сям’і, павагі да старэйшых, цікавасці да гісторыі роднага горада ці вёскі, беражлівых адносін да прыроды і людзей вакол.
Сапраўдны патрыёт не застаецца абыякавым да таго, што адбываецца побач з ім, упэўнены Юрый Дубоўскі:
— Ён гатовы дапамагаць, браць на сябе адказнасць, удзельнічаць у жыцці свайго двара, школы, горада, рэгіёна. Ён разумее, што дабрабыт краіны складаецца з учынкаў мільёнаў людзей. Пры гэтым важна ведаць не толькі гераічныя старонкі гісторыі, але і разумець яе складанасць, умець рабіць высновы з мінулага. Любоў да Радзімы прадугледжвае павагу да людзей, якія жывуць у ёй, да яе шматнацыянальнай культуры і традыцый.
Аксана САЛЯНЮК — адзіная жанчына-кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, працуе ў Магілёўскім абласным кадэцкім вучылішчы імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі. Яна ўпэўнена, што патрыятызм нельга сфарміраваць прымусам або завучваннем правільных адказаў. Яго трэба выхоўваць асабістым прыкладам, даверам, агульнымі справамі і магчымасцю для дзіцяці самому адчуць сваё дачыненне да жыцця краіны.

— І калі, стаўшы дарослым, чалавек захоча працаваць на карысць роднага краю, развіваць яго і звязваць з ім сваю будучыню, дапамагаць іншым — значыць, мы многае зрабілі правільна, — лічыць Аксана Салянюк.
У працы з падлеткамі яна стараецца сумяшчаць строгасць настаўніка з матчыным клопатам:
— Яны ж яшчэ дзеці. Ім часта і дапамога, і падтрымка, а то і проста ласкавае слова патрэбныя.
Ёсць кім ганарыцца
Шлях да фіналу, а для некаторых удзельнікаў конкурсу — да перамогі — пачаўся яшчэ ў верасні і спачатку праходзіў на раённым узроўні, затым найлепшых вызначалі ў абласцях і ў Мінску. У сталіцу такім чынам прыехалі найлепшыя з найлепшых кіраўнікоў, якія падчас спаборніцтваў прадэманстравалі вопыт уласнай педагагічнай дзейнасці, прайшлі камп’ютарнае анкетаванне і прадставілі сябе ў творчым конкурсе «Патрыёт зямлі беларускай».
Па словах намесніка міністра адукацыі Кацярыны ПЯТРУЦКАЙ, сёлета колькасць удзельнікаў конкурсу значна павялічылася да 1700 чалавек:
— Нам сапраўды ёсць кім ганарыцца. Бо гэтыя людзі не на словах, а на канкрэтных справах расказваюць юнакам і дзяўчатам, што такое служэнне Айчыне і воінскі абавязак, пра якія самі ведаюць не па чутках. Гэта тыя людзі, якія ў большасці сваёй, прысвяцілі сваё жыццё вайсковай прафесіі, могуць перадаць назапашаны вопыт моладзі і робяць гэта выдатна.
...Тым часам у актавай зале вырашалася інтрыга даўжынёю ў два месяцы — на сцэну пачалі запрашаць пераможцаў і прызёраў конкурсу ў абедзвюх намінацыях. І мы з задавальненнем знаёмім чытачоў «Звязды» з іх імёнамі.

Так, у намінацыі «Найлепшы кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі» першае месца заняў Андрэй Батухцін з Каладзішчанскай СШ № 2 Мінскай вобласці. На другім месцы — Ігар Міхнавец з Бабруйскай гімназіі № 2. Трэцяе месца падзялілі Сяргей Філатаў са сталічнай гімназіі № 1 імя Ф. Скарыны і Валерый Кошаль з СШ № 9 горада Мазыра.
У намінацыі «Найлепшы кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні кадэцкай установы» пераможцам стаў Сяргей Бурлет, прадстаўнік Барысаўскага кадэцкага вучылішча Мінскай вобласці. Другое месца — у Міхаіла Шынгеля з Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча. Трэцяе месца заняла Аксана Салянюк з Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі.

Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ