Даехаць да кожнага і кожнага давезці — гэта няпісанае правіла работы шматтысячнага калектыву сталічных «пасажыршчыкаў» у сучасных умовах набывае асаблівы сэнс. Мінск працягвае расці, з’яўляюцца новабудоўлі і цэлыя жылыя кварталы, у тым ліку і ў тых месцах, якія калісьці лічыліся прыгарадам. І сёння адпаведныя службы сталіцы вырашаюць галоўную задачу для сябе і жыхароў Мінска — забяспечыць транспартную сувязь і даступнасць кожнага раёна, у тым ліку новага, з аб’ектамі прыцягнення — месцамі работы, вучобы, устаноў адукацыі і іншымі.
Не ўслед, а разам
Транспартная сетка павінна развівацца не ўслед за засяленнем новых мікрараёнаў, а адначасова з іх будаўніцтвам, лічыць вядучы інжынер упраўлення пасажырскіх перавозак дзяржаўнага прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Аляксей ЗЕМБА.
— Пры арганізацыі работы маршрутаў мы арыентуемся перш за ўсё на рэальныя патрэбы пасажыраў: аналізуем пасажырапатокі, звароты жыхароў і перспектывы развіцця гарадской забудовы.
На думку Аляксея Пятровіча, недастаткова проста дадаць маршрут — трэба выбудаваць зручную сетку, якая забяспечыць сувязь з метрапалітэнам, буйнымі транспартна-перасадачнымі вузламі і сацыяльнымі аб’ектамі. Вынік такога падыходу відавочны ўжо сёння — мабільнасць насельніцтва і аб’ём перавозак з 2022 года штогод павышаюцца, колькасць перавезеных пасажыраў на адну адзінку рухомага саставу вырасла на 35,4 %, а на адзін рэйс — на 31,2 %. Маршрутным пасажырскім транспартам перавозіцца штодня больш за 1 мільён пасажыраў, а гэта сведчыць аб запатрабаванасці і даступнасці сталічнай транспартнай сеткі.
Каб не быць галаслоўным, Аляксей Земба прывёў некалькі прыкладаў. У раёне новабудоўляў Паўночны бераг ужо працуюць: аўтобус № 186с, які курсіруе да станцыі метро «Акадэмія навук», аўтобус № 275с падвозіць жыхароў гэтага раёна да станцыі метро «Барысаўскі тракт».
Што датычыцца перспектыў, то прадстаўнік прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» расказаў, што пасля злучэння вуліц Іосіфа Лангбарда і Ліліі Карастаянавай, схему маршруту № 186с зменяць — ён будзе праходзіць па новым участку. Па меры ўводу новых дамоў у эксплуатацыю будуць карэктавацца маршруты аўтобусаў № 3с і № 102 у мікрараёне Лошыца-10. Новы тралейбусны маршрут запусцяць па вуліцы Станіслава Манюшкі ад дыспетчарскай станцыі «Лошыца-2». А ў мікрараёне Сухарава два новыя аўтобусы курсіруюць ужо з кастрычніка — № 296 падвозіць школьнікаў з ЖК «Вяршыня» да ўстаноў адукацыі, а № 83 звязаў жылы масіў адразу з першай і другой лініямі метро.
Вядучы інжынер прадпрыемства адзначыў факт цеснага ўзаемадзеяння з жыхарамі Мінска пры вырашэнні пытанняў удасканалення транспартнай дзейнасці як станоўчы.
— Адзіны нумар тэлефона, чат-бот у тэлеграм-канале прадпрыемства — усё гэта адкрыта для прапаноў пасажыраў, — расказвае ён. — Людзі актыўнічаюць, адклікаюцца, выходзяць з канкрэтнымі прапановамі, некаторыя з іх сапраўды талковыя — такія прапановы, як правіла, старанна аналізуюцца нашымі спецыялістамі, дэталёва вывучаюцца і нярэдка становяцца падставай для прыняцця рашэнняў, як гэта было пры карэкціроўцы транспартнага абслугоўвання ў мікрараёне Сухарава.
Абнаўленне рухомага саставу — яшчэ адна задача, якую сталічныя транспартнікі вырашаюць на пастаяннай аснове. 997 аўтобусаў, 737 тралейбусаў, 129 трамваяў, 147 электробусаў і 418 вагонаў метро — такі парк транспартных адзінак абслугоўвае ў цяперашні час жыхароў і гасцей сталіцы. Доля электратранспарту ў ім складае 58,9 %.
— Сёлета мы ўжо абнавілі 179 адзінак тэхнікі, набылі 15 новых вагонаў метро, 129 тралейбусаў з аўтаномным ходам і 35 аўтобусаў, — дзеліцца Аляксей Пятровіч. — Работа працягнецца і далей — кожны год плануем абнаўляць па 164 адзінкі рухомага саставу.
Разгрузіць цэнтр
Зрабіць дарогі Мінска яшчэ больш бяспечнымі, а праезд па іх транспарту, у першую чаргу пасажырскага, камфортным — клопат яшчэ аднаго прадпрыемства — «Сталічныя паркоўкі». Пра тое, як гэта ажыццяўляецца на справе, расказаў дырэктар дзяржаўнай установы «Паркоўкі сталіцы» Міхаіл ФІЛІПАЎ.
Ён таксама падзяліўся асноўнай задачай, што стаіць перад прадпрыемствам: знізіць транспартную нагрузку на цэнтр горада і павысіць абарачальнасць машына-месцаў.
— Аналіз паказвае, што цэнтральная частка горада перанасычаная транспартам, — дзеліцца дырэктар прадпрыемства. — Адсюль узнікае неабходнасць увядзення платнасці, што, на наш погляд, і з’яўляецца асноўным рэгулятарам кіравання парковачнай прасторай, і над чым мы працуем пастаянна.
Паводле яго слоў, цяпер у сталіцы функцыянуюць ужо 98 платных парковак — пераважна ў цэнтральнай частцы горада. У планах — павялічыць да канца года колькасць платных парковачных месцаў да 11 тысяч і больш, колькасць парковак — да 105.
— Супрацоўнікі офісаў, прыязджаючы на працу, як правіла, займаюць парковачнае месца на ўвесь 8-гадзінны працоўны дзень, — аналізуе Міхаіл Мікалаевіч. — У выніку іншым вадзіцелям, якія прыязджаюць па справах у цэнтр, няма дзе пакінуць машыну. Проста «выціскаць» аўтамабілістаў з цэнтра нельга — горад павінен граматна распарадзіцца прасторай так, каб яна была камфортнай для ўсіх.
Адным з далікатных і ўзважаных варыянтаў вырашэння праблемы Міхаіл Філіпаў бачыць у стварэнні перахоплівальных парковак на ключавых уездах у Мінск. Такім чынам можна будзе пакінуць асабісты аўтамабіль на ўездзе ў горад і працягнуць шлях на метро ці наземным транспарце. Дарэчы, перахоплівальныя стаянкі ўжо з’явіліся ў раёне Барысаўскага тракту, і такая тэма абавязкова атрымае развіцце.
Але гэта, як лічыць Міхаіл Мікалаевіч, немагчыма без удасканалення маршрутнай сеткі пасажырскіх перавозак.
— Усё ўзаемазвязана — калі аўтаўладальнік з разуменнем адносіцца да праблемы і пакідае свой транспартны сродак на такой стаянцы, мы павінны забяспечыць яго якаснай перавозкай на грамадскім транспарце.
Міхаіл Філіпаў падзяліўся і адной цікавай задумкай.
— Каб прыцягнуць уладальнікаў транспартных сродкаў, мы сумесна з ДП «Мінсктранс» будзем прапрацоўваць ідэю камбінаваных тарыфаў для перахоплівальных парковак — напрыклад, бясплатную стаянку пры аплаце праезду ў грамадскім транспарце або льготны праезд у метро для вадзіцеляў, якія пакінулі аўтамабіль на такой паркоўцы.
Алена ВІНАГРАДАВА