Кажуць, дрэнненькі аловак лепшы, чым добрая памяць, а таму… Горад. Дзень. Скрыжаванне. Музыка — аднекуль знізу, з-пад зямлі, з падземнага пераходу. Зрэдку па вечарах там гучала флейта, яшчэ радзей — скрыпка, сёння — акардэон з песняй «Я сегодня ночевал с женщиной любимою...»
Проста грэх было не спыніцца і не паслухаць! Грэх, здавалася, не аддзячыць нейкай капейчынай. «Вось толькі як?» — моўчкі спыталі ў музыкі, бо побач ні футарала ад інструмента, ні каробачкі, ні кепкі.
Той у адказ толькі ўсміхнуўся: «Ды, кіньце... Я ж пад настрой, для сябе іграю». Такое, дзякуй богу, яшчэ здараецца: нехта, не шкадуючы свайго часу НЕ толькі і НЕ столькі за грошы з задавальненнем вучыць дзяцей і лечыць хворых, нехта будуе дамы і збірае машыны, сее хлеб, піша карціны ці... «простаю мовай» «карцінкі» з жыцця — са шчырай надзеяй, што гэта ж некаму трэба.
Доктару можна верыць
З ліста. «Ляжу ў бальніцы. Нас, мужчын, у палаце трое. Горача. Дзверы не зачыняем.
— Маня, ты адкуль? — гучыць апоўначы з калідора.
— Я? Са Старынак*.
— А ты? Я таксама... З Навасёлак.
— Колькі табе гадоў?
— Восемдзесят... А табе?
— Сто дваццаць.
— Як?! Ды быць таго не можа!
— Праўда... Мне доктар сказаў: „Восемдзесят на сто дваццаць...“
— Эй, дзяўчаты, вам спаць не пара?! — пытае нехта з суседняй палаты. — Раніцай дагаворыце.
Разагнаў, карацей. А цікава ж было паслухаць!»
«...Усё праходзіць»? Ці не?
Раней здзіўляла хамства, цяпер, здараецца, ветлівасць. Гэта жанчынка яшчэ не паспела, можна сказаць, зайсці ў вагон, як побач падхапіўся маладзён — прапанаваў сесці. «Ты чаго? — здзівіўся яго спадарожнік, — яна ж не бабуля». — «А раптам цешча?»
Верагоднасці, як здавалася, нуль, але…
Настаўніцай пачатковых класаў Дзянісаўна адпрацавала толькі год. Потым выйшла замуж, нарадзіла хлопчыка. Месца ў садку для яго не было... Хіба з умовай, што маці прыйдзе працаваць... Нянечкай дык нянечкай, падумала тая, абы побач з дзіцем — сваім.
Зрэшты, чужых яна таксама любіла — і малых, і трохі большых.
Сярод тых, яе ранейшых першакласнікаў, нелюбімай толькі Юлька была, бо насіла з сабой такі непрыемны пах…
Асобныя з дзяцей круцілі насамі, стараліся трымацца падалей. Настаўніца адпаведна «прымала меры»: выклікала ў школу Юліну маці, казала, каб яна перамыла дзяўчынцы адзенне, каб навяла парадак у кватэры. «Дык у нас наводзь — не наводзь, — баранілася тая. — Паўпадвал, сырасць... Але ж мы — першыя ў чарзе, хутка атрымаем кватэру».
У дэкрэт настаўніца сышла раней, і з гадамі (нават дзесяцігоддзямі) зусім забылася б і на сваё настаўніцтва, і на ранейшых вучняў, калі б…
Калі б сынок (той самы) не сказаў, што збіраецца жаніцца, калі б не прывёў у дом... тую самую Юлю.
Маці, праўда, зусім не пазнала яе, бажылася, што хацела прыняць як родную — за дачку, але тая…
Неўзлюбіла свякроў з першых дзён, а заадно — і мужа.
Праз год развяліся, паасобку жывуць. З унучкай — адной адзінай — бабуля бачыцца двойчы на год.
«...Кажуць, цару Саламону нейкі мудрэц падарыў пярсцёнак з суцяшальным «Усё праходзіць».
Праз тысячагоддзі Чэхаў пісаў, што калі б у яго з’явілася ахвота замовіць пярсцёнак, то ён выбраў бы іншыя словы: «Нішто не праходзіць».
Спрэчка.
Кароткае жыццё
Вёска, могілкі і магілкі. На адных — узорны парадак (дарагія, дыхтоўныя помнікі, плітка, букеты), на другіх — якраз наадварот: быльнёг ды пахілыя крыжы.
Але ж ёсць яшчэ і трэція, дзе ўсё гэта... разам.
На пагорачку, пры дарозе ну вельмі прыгожы помнік! На ім — яшчэ прыгажэйшы твар, гучнае, ледзь не каралеўскае прозвішча…
— Гэта наша, маміна дзявочае, — тлумачыць спадарожніца. — А тут — яе стрыечны брат пахаваны. У калгасе парторгам быў, другім чалавекам — пасля старшыні. Фарсіў, абы з кім не знаўся і знацца не хацеў... Нават родных сваіх саромеўся. Маладым загінуў... Удава яго замуж выйшла і з’ехала. Дзеці гадоў з дзесяць не былі, а мы з сястрой то, бывае, запынімся — парвём пустазелле, а то раптам успомнім, што ён нашу маму за чалавека не лічыў, ды і зазлуёмся — міма пройдзем.
З Барадуліна:
...Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.
Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.
Мусіць, не кожны — хоча?
Ці паспявае?