Залічэнне мэтавікоў, якія прайшлі іспыт, адбудзецца 12 ліпеня. Спецыялісты Міністэрства адукацыі расказалі, што экзамены праходзілі ў вуснай форме па першым профільным вучэбным прадмеце. Дарэчы, тым, хто будзе паступаць на мэтавае навучанне ў наступным годзе, важна разумець, што іх будзе чакаць не сумоўе, а менавіта экзамен. Выніковы конкурсны бал складзецца з выніку ўнутранага экзамену і сярэдняга бала атэстата або дыплома каледжа, які павінен быць не ніжэйшы за 7.
З 12 да 17 ліпеня будзе праходзіць прыём дакументаў у дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі за кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове. У гэтыя ж тэрміны могуць падаць дакументы і паступаць на выбраную спецыяльнасць на агульных падставах і мэтавікі, якія не прайшлі па конкурсе. На сёння ўстаноўлены наступныя кантрольныя лічбы прыёму на 2025/2026 навучальны год: усяго ВНУ Беларусі прымуць 48,3 тысячы студэнтаў, з іх 31,8 тысячы — на бюджэт і 16,5 тысячы — на платнае навучанне. Больш за ўсё бюджэтных месцаў атрымаюць інжынеры, педагогі, медыкі і аграрыі.
Адораныя дзеці і «профільнікі»
Тры дні на падачу дакументаў — такі тэрмін вызначаны для выпускнікоў профільных класаў прафесійнай накіраванасці і для моладзі, якая асвоіла змест праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі ў перыяд знаходжання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Прадстаўнікоў гэтых катэгорый чакаюць у прыёмных камісіях з 12 да 14 ліпеня. Нагадаем, што сёлета ў краіне адбыўся першы маштабны выпуск профільных інжынерных класаў — тут навучаліся каля 2,5 тысячы юнакоў і дзяўчат.
Па словах прадстаўнікоў адукацыйнага ведамства, выпускнікі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе — не ніжэй за восем балаў па профільных прадметах і не ніжэй за сем балаў па ўсіх астатніх, маюць права паступіць па сумоўі. Важная ўмова — наяўнасць рэкамендацый педагагічнага савета школы. У цэлым жа выдзелена пяць кірункаў, па якіх «профільнікі» могуць паступаць без экзаменаў: педагагічны, аграрны, ваенна-патрыятычны, спартыўна-педагагічны, інжынерны.
Як і летась, маладыя людзі, што засвоілі змест адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, маюць магчымасць паступлення ў ВНУ без уступных іспытаў на шэраг запатрабаваных спецыяльнасцяў. Для гэтага выпускнікам неабходна атрымаць рэкамендацыю назіральнага савета тэхнапарка і прайсці сумоўе ва ўніверсітэце.
Вочнікі і завочнікі
Некалькі падоўжаны, з 12 да 19 ліпеня, тэрмін падачы дакументаў на вочнай (дзённай) форме па кірунках адукацыі «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка» і «Ахова працы» (за кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове) і па ўсіх спецыяльнасцях у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС і Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, а таксама на ваенных факультэтах.
Уступныя экзамены
18 ліпеня пачнуцца і 25-га скончацца ўступныя экзамены для абітурыентаў, якія паступаюць на агульных падставах, у тым ліку і на творчыя спецыяльнасці.
-
З 18 да 20 ліпеня пройдуць экзамены ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС.
-
З 20 да 21 ліпеня — экзаменацыйныя іспыты на ваенным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
-
З 20 да 25 ліпеня будуць экзаменаваць абітурыентаў, якія паступаюць на стацыянар у ВНУ на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.
-
З 6 да 15 снежня пройдзе экзаменацыйная кампанія для тых, хто паступае на завочнае аддзяленне ўніверсітэтаў сельскагаспадарчага профілю.
Вызначаны, па словах спецыялістаў Мінадукацыі, і тэрміны правядзення дадатковага набору ў дзяржаўныя ВНУ на месцы, якія засталіся вакантнымі пасля залічэння абітурыентаў, — пры неабходнасці яго правядуць з 28 да 29 ліпеня.
А што з каледжамі і ліцэямі?
У Мінадукацыі паведамілі, што колькасць мэтавых месцаў у ССНУ — 890, па 70 спецыяльнасцях. Тут найбольшы попыт на спецыялістаў у такіх сферах, як «Інжынерыя і інжынерная справа», «Лясная гаспадарка», «Архітэктура і будаўніцтва», «Эксплуатацыя і наладка аўтаматызаванага абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці», «Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання». Папулярныя і спецыяльнасці па абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў.
Не забудзьцеся пра дакументы!
(пры паступленні на агульных умовах)
-
пашпарт;
-
заява на імя рэктара (запаўняецца на месцы або ў электронным кабінеце на сайце ВНУ);
-
атэстат і (або) дыплом каледжа (арыгінал);
-
сертыфікаты ЦЭ/ЦТ 2024-2025-га года;
-
характарыстыка (для выпускнікоў 2025-га года);
-
медыцынская даведка аб стане здароўя.
Спіс дапаўняюць дакументы, якія пацвярджаюць права абітурыента на льготы пры паступленні (калі яны ёсць), а таксама фота памерам 3×4, канверт з маркай для перасылкі пісьмовай карэспандэнцыі па Беларусі.
Фота дадзена БДПУ