Галоўны кірунак — далейшае развіццё
Галіна-працаўніца, галіна-карміцелька, галіна, у якой задзейнічаны самыя адданыя сваёй справе людзі. Меру адказнасці за вынікі сваёй працы яны ўсведамляюць спаўна, таму што кормяць цэлую краіну. Ды не толькі яе — нашу сельгаспрадукцыю ацанілі і смакуюць сёння па ўсім свеце. Не бясплатна, зразумела, а за вельмі добрыя грошы. Беларускія аграрыі становяцца адзінай камандай, калі ўступаюць у бітву за ўраджай, і іх сустракаюць як пераможцаў, калі гарачая пара заканчваецца. Яны нарыхтоўваюць кармы і даглядаюць на фермах жывёлу як сваю, каб на стале да духмянага хлеба былі свежае малако і мяса. Яны — нашы героі!
Ключавыя задачы
Традыцыйна перад прафесійным святам аграрыяў кіраўнікі і спецыялісты Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання расказваюць журналістам аб выніках зробленага. Аднак на гэты раз фармат сустрэчы крыху змянілі — літаральна напярэдадні прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, прысвечаны сучасным падыходам да рэгіянальнага развіцця на прыкладзе Шклоўскага раёна. Аб маштабе падзеі сведчыць ужо тое, што ў ёй удзельнічалі ўсе 118 старшынь райвыканкамаў, губернатары, памочнікі Прэзідэнта, міністры, кіраўнікі прадпрыемстваў.

Пазіцыю кіраўніка дзяржавы па ключавых задачах, якія стаяць перад АПК краіны, выклаў на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід ЗАЯЦ. Дарэчы, ён выступаў на семінары ў Шклоўскім раёне ў якасці аднаго з ключавых экспертаў і адказных асоб па развіцці рэгіёнаў. Па яго словах, сярод прыярытэтных пытанняў — меліярацыя і севазварот, граматнае ўзбуйненне гаспадарак, эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў.
— Нам трэба вельмі сур’ёзна падысці да выкарыстання нашай зямлі — ад прысядзібных участкаў да меліярацыі, каб усім разам прывесці яе ў парадак, надаць ёй яшчэ больш прыглядны выгляд, павысіць эфектыўнасць яе выкарыстання і як вынік — павялічыць эканамічны складнік нашай дзяржавы, — падкрэсліў Леанід Канстанцінавіч.
Яшчэ адным такім складнікам ён назваў лесаперапрацоўку:
— Прадукцыя дрэваапрацоўкі па-ранейшаму запатрабаваная за мяжой. Узрасла цікавасць да яе і ў краінах Афрыкі, дзе сёння ідзе інтэнсіўнае развіццё будаўніцтва і іншых сфер дзейнасці. Яны маюць патрэбу ў матэрыялах, і такую магчымасць не трэба выпускаць, ёсць попыт — яго трэба задаволіць. У Беларусі дастаткова рэсурсаў для гэтага.
Адна з актуальных тэм супрацоўніцтва з краінамі-партнёрамі — нарошчванне і стварэнне прадпрыемстваў пад попыт замежных спажыўцоў. У асноўным гэта датычыцца гатовай прадукцыі з мяса птушкі і ялавічыны, у якой зацікаўлены краіны Сярэдняй Азіі, напрыклад Узбекістан. Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўнаму будаўніцтве, дырэктар ААТ «Салігорская птушкафабрыка» Іна ТАЛКАЧОВА расказала пра адзін з прыкладаў такога супрацоўніцтва — рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па стварэнні ў Рэспубліцы Узбекістан аграпрамысловага комплексу па вытворчасці мяса птушкі і камбікармоў.

З дапамогай гараджан
Яшчэ адна актуальная тэма — дапамога работнікам сельскай гаспадаркі ад гараджан, асабліва ў напружаны перыяд уборачнай кампаніі. У апошні час яна гучыць усё часцей, нават з высокіх трыбун.
— Адток людзей з сельскай мясцовасці хоць і не крытычны, але ўсё ж ёсць. І гэта адчуваецца, асабліва на піку масавых сельскагаспадарчых работ, — канстатаваў Леанід Заяц. — Таму практыка прыцягнення рабочай сілы з горада будзе працягвацца.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» Аляксандр БАГЕЛЬ расказаў, што і кіраўнікі раённай вертыкалі, і жыхары гарадоў на такія просьбы рэагуюць вельмі станоўча:
— Капусту, буракі, цыбулю і моркву мы, як правіла, збіраем уручную з мінімальным выкарыстаннем тэхнікі, каб не псаваць агародніну. Сёлета ўраджай удаўся асабліва вялікі, таму спатрэбілася дапамога, і я патэлефанаваў старшыні Бабруйскага райвыканкама. На наступны дзень на нашым агароднінным полі ўжо працавалі 100 памочнікаў з райцэнтра.
Планку ўтрымалі. І паднялі
Дасягненні аграрыяў за гэты год начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Мікалай ЛЕШЫК ахарактарызаваў так:
— Працаўнікам АПК удалося выканаць даручэнне па ўтрыманні планкі 2025 года і нават забяспечыць рост паказчыкаў. Практычна па ўсіх кірунках ёсць станоўчая дынаміка. Мы намалацілі рэкордную колькасць збожжа з улікам рапсу. Па алейнасемянных дасягнуты аб’ём намалоту ў 1,5 мільёна тон — гэта неперасягнуты за папярэднія гады паказчык. Нядрэнны аб’ем чакаецца і па кукурузе.
Планка ў больш чым 5 мільёнаў тон па цукровых бураках таксама будзе ўтрымана, упэўнены Мікалай Уладзіміравіч:
— Гэта дазволіць цалкам загрузіць перапрацоўчыя прадпрыемствы і атрымаць такі аб’ём цукру, каб поўнасцю задаволіць патрэбы беларусаў і ажыццявіць экспартныя пастаўкі для паступлення валютнай выручкі.
Утрымалі на належным узроўні і пазіцыі па вытворчасці лёну. Па словах Мікалая Лешыка, гэтая культура ўсё больш становіцца стратэгічнай і пры правільнай арганізацыі вытворчасці і захаванні тэхналагічнай дысцыпліны дазволіць зарабляць грошы, якія можна накіроўваць на далейшую мадэрнізацыю ільновытворчасці.

Мікалай Уладзіміравіч закрануў і пытанне па дзяржаўным заказе на тыя ці іншыя віды прадукцыі: нарыхтоўваецца збожжа для вытворчасці хлеба і макаронных вырабаў, ажыццяўляецца дастаўка цукровых буракоў для вытворчасці цукру, алейнага семя рапсу — для вырабу алею і маянэзнай прадукцыі, а таксама для іх выкарыстання ў тлушчавай прамысловасці і вытворчасці мыла. У 2026 годзе ў статус дзяржзаказу вызначаны і баршчовы набор: буракі, морква, капуста, цыбуля, якія ў свежым выглядзе паступаюць на прылаўкі магазінаў на працягу ўсяго асенне-зімовага перыяду.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА