Традыцыя здзіўляць
Найбуйнейшы міжнародны сельскагаспадарчы форум у 36-ы раз збярэ ў сталіцы Беларусі 570 кампаній з 12 краін свету. Гэта больш, чым было летась, а значыць, з кожным годам удзельнікамі такой яркай, карыснай і інфармацыйнай падзеі хочуць стаць усё больш кампаній. Беларускі аграпрамысловы тыдзень маюць намер наведаць больш за 40 замежных дэлегацый. У рамках форуму пройдзе яркая, незабыўная, упадабаная мінчанам і гасцям сталіцы падзея — выстаўка «Белагра—2026».
Начальнік Галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Беларусі Ксенія МЯЛЕШКА расказала, што для ўдзельнікаў і наведвальнікаў выстаўкі рыхтуюць насычаную праграму, якая будзе ўключаць дзелавыя мерапрыемствы, круглыя сталы і семінары, дэманстрацыйныя паказы, конкурсы, творчыя і спартыўныя выступленні.
— Сёлета мы другі раз праводзім форум «АграШАС», дзе спецыялісты і кіраўнікі будуць абменьвацца вопытам развіцця сельскай гаспадаркі ў краінах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Выстаўку і форум наведае намеснік генеральнага сакратара ШАС, — удакладніла прадстаўнік Мітнсельгасхарча. Яна расказала, што ўпершыню ў рамках выстаўкі «Белагра» 2–3 чэрвеня пройдуць Дні рытэйла — прафесійны форум для спецыялістаў у сферы рознічнага гандлю, які будзе арганізаваны сумесна з МАРГ Беларусі і Мінпрамгандлем Расіі.
Ксенія Мялешка падкрэсліла, што аграпрамысловы тыдзень — гэта не толькі дзелавыя сустрэчы і форумы. Вельмі шмат запланавана зрабіць і для людзей — простых наведвальнікаў выстаўкі. Ім, напрыклад, будзе прапанавана ўбачыць экспазіцыю «Белферма», якая пазнаёміць з племяннымі жывёламі — кожны дзень будуць праходзіць іх дэманстрацыйныя паказы. 3 чэрвеня адбудзецца конкурс «Найлепшы племянны конь».
— Конкурс праводзіцца другі год і збірае вялікую колькасць гледачоў, бо мерапрыемства відовішчнае, — дадае памочнік генеральнага дырэктара ЗАТ «Мінскэкспа» Святлана ЗВЕЗДЗІНА.
Паводле яе слоў, на плошчах выстаўкі ўпершыню будзе прадстаўлена маштабная алея майстроў мастацкай творчасці Беларусі, можна будзе наведаць майстар-класы, набыць сувеніры.
— На сцэну форуму паднімуцца найлепшыя творчыя калектывы краіны. Выступленні будуць праходзіць на працягу ўсіх дзён выстаўкі, — расказвае прадстаўнік «Мінскэкспа». — Не абыдзецца і без традыцыйнай экспазіцыі «Партызанская паляна» з дэгустацыяй салдацкіх хлеба і кашы.
Як дабрацца?
Як рэзюмавала Святлана Звездзіна, выстаўка адкрыецца 2 чэрвеня ў 15.00 і будзе працаваць штодня да 6 чэрвеня з 10.00 да 18.00. Прыехаць на яе можна будзе не толькі на асабістых аўтамабілях — падвоз будзе ажыццяўляцца і на грамадскім транспарце ад прыпынкаў «Станцыя метро «Пушкінская», «Станцыя метро «Акадэмія навук» і «Станцыя метро «Плошча Перамогі» да прыпынку «Міжнародны выставачны цэнтр». Інтэрвал руху паміж аўтобусамі — 20 хвілін. Дарэчы, транспартныя сродкі пасажыры пазнаюць лёгка: яны будуць брэндзіраваныя пад «Белагра».
Алена ВІНАГРАДАВА