Для многіх дзяцей і іх бацькоў свята апошняга званка будзе адначасова і радасным, і сумным: з аднаго боку, старшакласнікі на крок стануць сталей, з другога — развітаюцца з самым шчаслівым (але яны пакуль гэтага не ўсведамляюць) перыядам свайго жыцця — дзяцінствам.
А першы сур’ёзны экзамен на самастойнасць іх чакае праз некалькі дзён. 26 мая ўчарашнія школьнікі зоймуць свае месцы ўжо ў аўдыторыях універсітэтаў, каледжаў і школьных класах — будуць праходзіць першы этап цэнтралізаванага экзамену.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА яшчэ раз нагадала, калі, дзе і як пройдзе цэнтралізаваны экзамен:— Першы ЦЭ адбудзецца 26 мая, гэта будзе прадмет па выбары. Другі іспыт чакае выпускнікоў 29 мая — яны будуць здаваць рускую або беларускую мову па выбары. Выпускнікі, якія па ўважлівай прычыне не змаглі прыняць удзел у цэнтралізаваным экзамене ў асноўныя тэрміны, змогуць прайсці іспыт у рэзервовыя дні — 20 і 22 чэрвеня.
Старшакласнікаў прымуць 144 пункты правядзення ЦЭ: 30 устаноў вышэйшай адукацыі, 57 — агульнай сярэдняй адукацыі і 57 — прафесійнай адукацыі. Дастаўка ў пункты правядзення цэнтралізаванага экзамену будзе ажыццяўляцца цэнтралізавана ў суправаджэнні педагагічнага работніка.
— Калі гаворка ідзе пра вучняў сельскіх школ, то дзяцей у пункты правядзення ЦЭ даставяць школьныя аўтобусы. Калі пра гарадскія населеныя пункты, то гэта будзе грамадскі транспарт, але школьнікаў у абавязковым парадку павінны суправаджаць педагагічныя работнікі, — удакладніла Ірына Каржова.
Выпускнікі 11-х класаў атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі атрымаюць на выпускных вечарах 12 чэрвеня. Разам з атэстатамі ім уручаць сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену, якія яны могуць выкарыстоўваць для ўдзелу ва ўступнай кампаніі.
— Не будзем забываць, што ў катэгорыю выпускнікоў у нас трапляюць і 9-я класы, — кажа Ірына Уладзіміраўна. — І ім таксама трэба будзе здаваць экзамены — як і ў мінулым годзе, па чатырох абавязковых прадметах. Экзамены пачынаюцца з 1 чэрвеня і працягнуцца да 10-га.
Не побач, але разам
Сёлета было прынята рашэнне рэспубліканскі «Апошні званок» не праводзіць.
— Тым не менш дата правядзення цырымоніі развітання выпускнікоў са школай вызначана адзіная — 23 мая, — патлумачыў начальнік упраўлення выхаваўчай і сацыяльнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр МАЦЮШОНАК. —Праводзіць мерапрыемствы рэкамендавана на ўзроўні раёна, горада, вобласці — па меркаванні дырэктара, бацькоўскай грамадскасці і заснавальніка, якія прымаюць фармат правядзення «Апошняга званка».
Алена ВІНАГРАДАВА