Прыём дакументаў ад абітурыентаў на навучанне па «мэтавай» траекторыі будзе ажыццяўляцца да 2 ліпеня. З 27 чэрвеня да 1 ліпеня таксама прымуць дакументы на паступленне ў ВНУ і ад прызёраў універсітэцкіх алімпіяд, іх залічэнне пройдзе да 2 ліпеня. У Міністэрстве адукацыі агучылі, што ў 2025 годзе больш за 400 арганізацый у Беларусі падалі заяўкі на мэтавыя месцы ва ўніверсітэты. На адпаведную падрыхтоўку ў вышэйшых навучальных установах выдзелена каля 5,3 тысячы месцаў, з якіх 2,3 тысячы — на медыцынскія спецыяльнасці і 1,2 тысячы — на сельскагаспадарчыя. Колькасць мэтавых месцаў у ССНУ — 890 па 70 спецыяльнасцях.
Традыцыйна перад чарговым важным этапам уступнай кампаніі мы, сумесна са спецыялістамі адукацыйнага ведамства, па палічках раскладваем усё, што павінен ведаць і рабіць абітурыент-мэтавік.
Дакументы і тэрміны
У Мінадукацыі падкрэслілі, што колькасць заяў ад абітурыентаў для ўдзелу ў конкурсе на мэтавыя месцы не абмяжоўваецца — удзел можа прыняць любы ахвотны. Пры гэтым варта ўлічваць тэрміны для абітурыентаў-мэтавікоў. У цяперашнюю ўступную кампанію яны такія:
- Прыём дакументаў — з 27 чэрвеня да 2 ліпеня.
- Уступныя экзамены — з 4 да 10 ліпеня.
- Залічэнне — да 12 ліпеня.
Для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі абітурыент падае дакументы, устаноўленыя Правіламі прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2022 г. № 23.
Гэта:
- дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста;
- медыцынская даведка;
- рэкамендацыя з апошняга месца работы (службы) або педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую скончыў абітурыент;
- дакумент, які сведчыць асобу;
- характарыстыка, выдадзеная установай агульнай сярэдняй адукацыі або установамі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі (для асоб, якія скончылі школу або каледж у год прыёму ва ўстанову вышэйшай адукацыі);
- дакументы аб ільготах (пры іх наяўнасці);
- дакумент аб адукацыі, сярэдні бал якога не павінен быць ніжэйшы за сем.
Абітурыенты, якія паступаюць на ўмовах мэтавага дагавора, здаюць адно ўнутранае ўступнае выпрабаванне ў вуснай або практычнай форме ва ўстанове вышэйшай адукацыі па вучэбным прадмеце, які вызначаны прадметам першага профільнага выпрабавання (уступнае выпрабаванне ў практычнай форме ладзіцца для спецыяльнасцяў, па якіх у якасці профільных выпрабаванняў вызначаны дысцыпліны «Творчасць» і «Фізічная культура і спорт»). Конкурс выбудоўваецца на аснове сумы сярэдняга бала дакумента аб адукацыі і бала, атрыманага на ўнутраным экзамене. Мэтавікі, якія не прайшлі ўступныя выпрабаванні, маюць час і магчымасць яшчэ раз паспрабаваць сябе пры паступленні на агульных падставах.
Некалькі важных нюансаў
У адукацыйным ведамстве згадалі некаторыя дэталі, якія павінен ведаць будучы абітурыент.
Напрыклад тое, што мэтавая падрыхтоўка магчымая толькі на дзённай форме навучання. Інфармацыю аб арганізацыях, якім патрэбныя мэтавікі, можна знайсці на сайтах ВНУ, кірмашах мэтавай падрыхтоўкі, а таксама на інтэрактыўнай карце ў пачатку мая кожнага года, калі Мінадукацыі выпускае адпаведны загад.
Для паступлення на мэтавае навучанне не патрэбныя сертыфікаты ЦЭ / ЦТ — абітурыенты здаюць унутраны экзамен па профільным прадмеце. Адзнака за экзамен сумуецца з сярэднім балам дакумента аб адукацыі.
Пасля заканчэння ВНУ мэтавік можа паступіць у магістратуру або аспірантуру, але толькі на завочную форму — атрымаўшы дыплом, ён, паводле заключанага дагавора, павінен выйсці на работу.
Тэрміновая служба, а таксама водпуск па цяжарнасці, родах і па доглядзе за дзіцем да трох гадоў ідзе ў залік тэрміну абавязковай адпрацоўкі.
Калі арганізацыю, з якой заключаны дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы, ліквідуюць, выпускніку не прыйдзецца кампенсаваць сродкі, выдаткаваныя на яго навучанне. У гэтай сітуацыі яму прапануюць новае месца работы на ранейшых умовах.
Астатнім — падрыхтавацца
З 12 да 17 ліпеня пачнецца прыём дакументаў у ВНУ на бюджэтную і платную формы навучання. Для некаторых кірункаў, такіх як сельская гаспадарка, ветэрынарыя, рыбная гаспадарка, ахова працы, ваенныя спецыяльнасці і сілавыя структуры, тэрміны могуць быць трохі ссунутыя — з 12 да 19 ліпеня.
З 12 ліпеня адкрыецца прыём дакументаў для выпускнікоў профільных класаў (груп) прафесійнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама абітурыентаў, якія асвоілі змест адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі ў перыяд знаходжання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Для гэтых катэгорый тэрмін падачы дакументаў скарочаны да 14 ліпеня. Падрабязнасці раскладзём па палічках у адным з ліпеньскіх нумароў газеты.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА