Top.Mail.Ru

26 мая, пасля заканчэння заняткаў у школе, навучэнцы 10-х класаў адбудуць на вучэбна-палявыя зборы

У сацыяльных сетках з гэтай нагоды стаіць гвалт: праз тыдзень з невялікім вучні 10-х класаў адправяцца на вучэбна-палявыя зборы. «Не пушчу», «Не аддам дзіця!», «Непаўналетнія, якія зборы з начлегам?!», «Яны яшчэ і грошы з бацькоў здзіраюць за зборы. Плаціць не буду!..» — гэта адзін бок. На другім — больш узважаныя і спакойныя развагі: «Менавіта так пачынаецца шлях ад юнака да мужчыны», «На бульбу ездзілі, у паходы хадзілі з настаўнікам. Нас жа адпускалі», «А ў кругласутачны лагер матулі сваіх дзяцей, прычым з сямі гадоў, таксама адпраўляюць з рыданнямі — не пушчу, не аддам?» Быць арбітрам у чужой спрэчцы — справа няўдзячная. Тут дапаможа толькі кампетэнтнае слова спецыялістаў, да якіх мы і звярнуліся, каб разам раскласці па палічках усе нюансы.


Частка вучэбнай праграмы

У Міністэрстве адукацыі азнаёмілі з галоўнай навіной: вучэбна-палявыя зборы сёлета працягнуцца не 5 дзён, як гэта было ў 2025-м, а 10. І падкрэслілі, што гэта не чыйсьці капрыз, а частка вучэбнай праграмы па прадмеце «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка».

Зборы трэба разглядаць як вынік навучання па прадмеце на працягу года, свайго роду іспыт, які вырашыць пытанне аб пераводзе школьніка ў XІ клас.

Умовы — палявыя

У адукацыйным ведамстве падкрэслілі, што правядзенне вучэбна-палявых збораў прадугледжана ва ўмовах, набліжаных да ўмоў вайсковай часці. Бацькоў заклікалі не хвалявацца з нагоды таго, што дзеці там будуць прадастаўлены самі сабе: у зборах будуць задзейнічаны прадстаўнікі воінскіх часцей, воінскіх кафедр, ваенных навучальных устаноў. Яны забяспечаць юных «салдат» не толькі патрэбнай ваеннай маёмасцю, навучальным абсталяваннем і сродкамі навучання, але і асабістым саставам. Калі па пагодных ці іншых умовах правядзенне кругласутачных вучэбна-палявых збораў немагчыма, іх арганізуюць у тыя ж тэрміны на базе школ і гімназій.

Для чаго гэта трэба

— Карысць ад збораў відавочная, — патлумачылі спецыялісты Міністэрства адукацыі. — Па-першае, гэта добры прафарыентацыйны крок для тых, хто хоча атрымаць ваенную спецыяльнасць. Па-другое, на зборах пачынаецца фарміраванне маральна-псіхалагічнай гатоўнасці да ваеннай службы. Па-трэцяе, ідэі патрыятызму, абароны Радзімы, агульныя мэты і задачы збліжаюць і аб’ядноўваюць моладзь.

А дзяўчаты — у белых халатах

У дзяўчынак будуць свае зборы. 

У палявыя ўмовы іх не змесцяць — яны будуць праходзіць практычнае навучанне на базе ўстаноў аховы здароўя, рэгіянальных падраздзяленняў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа або Міністэрства надзвычайных сітуацый.

— У сталіцы дзяўчат прымуць Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, два медыцынскія каледжы, іншыя ўстановы аховы здароўя, — расказвае намеснік старшыні Камітэта адукацыі Мінгарвыканкама Вольга СМІРНОВА. — Думаю, што дзесяць дзён, якія сёлета адведзены для правядзення медыцынскай практыкі, пройдуць досыць цікава і карысна для дзяўчынак.

«Адкасіць» не атрымаецца

Адмовіцца ад удзелу ў вучэбна-палявых зборах нельга, гэта будзе раўнасільна таму, што вучань адмаўляецца праходзіць навучанне па прадмеце. Тым больш што зборы пачынаюцца яшчэ ў рамках навучальнага года. І мы ўжо казалі пра тое, што яны з’яўляюцца часткай вучэбнай праграмы па прадмеце «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка». Падставай для вызвалення ад удзелу ў зборах могуць быць толькі медыцынскія паказанні. Пералік захворванняў зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя. У яго ўваходзяць сур’ёзныя праблемы з нервовай сістэмай, эпілепсія, хваробы вачэй і шэраг іншых дыягназаў. Ва ўсіх астатніх выпадках зборы абавязковыя.

Бясплатна або платна?

Яшчэ адно пытанне, якое многія законныя прадстаўнікі тлумачаць няправільна: ці павінны яны аплачваць знаходжанне дзіцяці на вучэбна-палявых зборах?

— Ніякай аплаты ад бацькоў не патрабуецца, аплата знаходжання ў гэтых лагерах будзе праводзіцца зыходзячы з датацый. Пэўныя даплаты робяць раёны, раённыя ўпраўленні па адукацыі, — тлумачыць Вольга Смірнова.

І навучанне, і аздараўленне

Прыемным бонусам для хлапчукоў стане тое, што практычныя навыкі і ўменні яны будуць асвойваць пяць дзён, як і летась. Наступныя пяць дзён адведзены на адпачынак. Свежае паветра, гульні і песні каля вогнішча — якое завяршэнне напружаных «армейскіх» будняў можа быць лепш?!

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю