Навiны
Каля пяцісот чалавек працавалі на рэканструкцыі комплексу воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён»
У мінулую суботу ў Гомельскай вобласці праходзіў рэгіянальны суботнік. На яго выйшлі каля 300 тысяч жыхароў вобласці. Маштабны працоўны дэсант — каля 500 чалавек — працаваў на комплексе воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён», які размешчаны ў Светлагорскім раёне. Менавіта на рэканструкцыю гэтага комплексу і будуць накіраваны сабраныя падчас суботніка сродкі.
Магілёўскую вобласць вызвалілі за тыдзень
28 чэрвеня 1944 года Масква салютавала 20 артылерыйскімі залпамі з 244 гармат у гонар войскаў фронту, якія фарсіравалі Днепр і вызвалілі Магілёў, Шклоў і Быхаў. Наогул, у ходзе аперацыі «Баграціён» на працягу тыдня — з 23 да 30 чэрвеня 1944 года была вызвалена практычна ўся заходняя Магілёўшчына. Нягледзячы на загад фюрара трымацца да апошняга салдата, немцы пад націскам савецкай арміі імкліва здавалі пазіцыі, практычна без бою пакідаючы райцэнтры вобласці. Жорсткія баі разгортваліся ў асноўным за невялічкія населеныя пункты. Сярод іх — Стараселле Шклоўскага раёна, круглянскія вёскі Храпы і Цяцерын. Сёння гэта месцы народнай славы і гонару, куды ідуць людзі, каб схіліць галовы перад мужнасцю савецкіх вызваліцеляў.
Напярэдадні Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» партызаны ажыццявілі трэці этап «рэйкавай вайны»
Безумоўна, гэта паскорыла вызваленчы працэс. Да сярэдзіны красавіка 1944 года завяршыўся першы этап вызвалення тэрыторыі Беларусі Чырвонай Арміяй. Да гэтага часу ад акупантаў было вызвалена 36 раёнаў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей, а таксама першыя абласныя цэнтры Гомель і Мазыр — практычна пятая частка БССР. Сотні тысяч нашых землякоў уладкоўвалі сваё жыццё ўжо на свабодных тэрыторыях. Аднак барацьба за мірнае жыццё працягвалася. І самы актыўны ўдзел у ёй прымалі народныя мсціўцы. Партызаны выконвалі самыя розныя задачы, пастаўленыя савецкім камандаваннем. Асаблівая ўвага ўдзялялася нанясенню рэйкавых удараў па камунікацыях і лініях сувязі ворага.
Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»
Уклад беларускіх партызан у Вялікую Перамогу — беспрэцэдэнтны факт не толькі ў гісторыі нашай краіны, але і ўсяго свету. Усенародны партызанскі рух, які разгарнуўся на тэрыторыі Беларусі ў гады акупацыі, калі на абарону Айчыны сталі і старыя, і жанчыны, і дзеці, з’яўляецца ўнікальнай старонкай у гісторыі нашай шматпакутнай краіны. У гады Вялікай Айчыннай вайны былі створаны 213 партызанскіх брыгад і 258 асобных атрадаў, з акупантамі гераічна змагалася звыш 374 тысяч народных мсціўцаў. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецкімі акупантамі, больш за 140 тысяч партызан і падпольшчыкаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза. Найвышэйшага звання былі ўдастоены каля ста народных мсціўцаў.