Навiны
Тэатр «У моста» абяцае магіляўчанам новыя эмоцыі
Апошнім часам знакаміты расійскі тэатр з Пермі і яго стваральнік вядомы рэжысёр Сяргей Фядотаў працуюць у цеснай узаемасувязі з заслужаным калектывам «Магілёўскі абласны драмтэатр». І дастаткова рэгулярна балуюць магілёўскую публіку сваімі захапляльнымі спектаклямі. Мінулай восенню гэта былі дзве яскравыя «грузінскія» пастаноўкі «Мачаха Саманішвілі» і «Ханума», білеты на якія раскупілі яшчэ за месяц да іх паказу. На гэтым тыдні гледачы прычыніліся да сюжэтаў твораў вядомых класікаў Міхаіла Булгакава «Сабачае сэрца» і Фёдара Дастаеўскага «Ідыёт». Артыстам апладзіравалі стоячы, не адпускаючы са сцэны. Уражанні вельмі моцныя. Створаныя артыстамі вобразы Настассі Філіпаўны, князя Мышкіна, купца Рагожына, іншых герояў рамана «Ідыёт», настолькі арганічна жылі на сцэне, што здавалася — не яны прыйшлі да нас у госці, а мы перанесліся ў іх час. Дэкарацыі, сцэнаграфія — захапіла ўсё. Дзеля такіх эмоцый і трэба хадзіць у тэатр.