Транспартнае абслугоўванне — гэта тая актуальная тэма, якая заўсёды выклікае жывую цікавасць грамадзян, асабліва тых, хто жыве ў малых гарадах або вёсках. Што зменіцца для жыхароў рэгіёнаў у транспартным абслугоўванні з прыняццем дакумента, якіх чакаць навацый, чытачам «Звязды» расказвае начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Андрэй ГЛАДКІ.
— Адразу хачу сказаць, што сацыяльныя стандарты былі ўстаноўлены пастановай урада № 724 яшчэ ў 2003 годзе. Цяперашняя пастанова Міністэрства транспарту і камунікацый толькі ўдакладняе асобныя моманты і методыку вызначэння фактараў выканання гэтых стандартаў. Чагосьці кардынальна новага ў сістэму не прыўносіцца, — заўважыў начальнік упраўлення.
Паводле яго слоў, сацыяльныя стандарты ўстанаўліваюць гарантаваны ўзровень транспартных паслуг, які дазваляе задаволіць асноўныя патрэбы насельніцтва ў перамяшчэнні. Ацэнка іх выканання дасць магчымасць увесці аднастайны падыход пры аналізе работы па абслугоўванні насельніцтва ў адпаведнасці з нарматывамі.
— Калі гаворка заходзіць аб сацстандартах транспартнага абслугоўвання, маецца на ўвазе наяўнасць пасажырскіх тэрміналаў на аўтобусных маршрутах, ахоп транспартным абслугоўваннем, абслугоўванне насельніцтва ў рамках гарадскіх і міжгародніх унутрыабласных аўтамабільных перавозак у рэгулярных зносінах, — растлумачыў кіраўнік упраўлення. — Напрыклад, нарматыў наяўнасці пасажырскіх тэрміналаў — адзін-два на раён. Прадугледжаны 100-працэнтны ахоп транспартным абслугоўваннем
(з улікам чыгуначнага і ўнутранага воднага транспарту ў навігацыйны перыяд) адміністрацыйных цэнтраў сельсаветаў пры абавязковым выкананні не менш за 16 рэйсаў, з 2026 года — не менш за 20 рэйсаў у тыдзень. Для аграгарадкоў з колькасцю насельніцтва больш за 1 тысячу — не менш за 28 рэйсаў на тыдзень.
Андрэй Гладкі агучыў таксама і нарматыў транспартнага абслугоўвання ў рамках гарадскіх перавозак для гарадоў і гарадскіх пасёлкаў з колькасцю 10–30 тысяч — адзін аўтобус на 8 тысяч пасажыраў.
— Сацыяльныя стандарты вызначаюць агульныя падыходы дзяржавы да таго ці іншага пытання. У нашым выпадку маецца на ўвазе транспартнае абслугоўванне не толькі малых населеных пунктаў, але таксама і гарадоў, абласных цэнтраў. Устаноўлены адпаведныя параметры, — удакладніў Андрэй Гладкі. — Калі ў населеным пункце пражывае ад 30 да 50 тысяч чалавек, там — адзін аўтобус на 4 тысяч чалавек. Для гарадоў з насельніцтвам ад 50 да 250 тысяч прадугледжваецца адзін аўтобус (тралейбус, трамвай) на 2 тысячы чалавек. Для гарадоў з насельніцтвам ад 250 тысяч да 1 млн — адзін аўтобус (тралейбус, трамвай) на 1,5 тысячы чалавек. Для Мінска нарматыў — адзін аўтобус (тралейбус, трамвай, вагон метрапалітэна) на 2 тысячы чалавек. Што тычыцца маршрутаў міжгародніх унутрыабласных аўтамабільных перавозак у рэгулярных зносінах (з улікам чыгуначнага транспарту і ўнутранага воднага транспарту ў навігацыйны перыяд), то прадугледжаны штодня адзін абарот, ці два рэйсы паміж раённым і абласным цэнтрамі
Начальнік упраўлення падкрэсліў, што дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва Беларусі з’яўляюцца абавязковымі для арганізацый усіх форм уласнасці. Акцэнт у іх робіцца на тым, што абавязак па забеспячэнні перавозкі пасажыраў ускладзены на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. У кожнай вобласці створана спецыяльная структура — аператары аўтамабільных перавозак, у кампетэнцыю якіх у тым ліку ўваходзіць разгляд і рэагаванне на звароты грамадзян з нагоды транспартнага абслугоўвання.
— Дапусцім, узнікае патрэба ў дадатковым рэйсе або змене раскладу руху. Аператары праводзяць маніторынг і пры неабходнасці ўносяць змены ў тыя ці іншыя параметры, — тлумачыць Андрэй Гладкі. — Калі ёсць аб’ектыўныя падставы для змены маршруту або раскладу руху, то звароты грамадзян вырашаюцца станоўча.
Вяртаючыся да тэмы населеных пунктаў з нязначным пасажырапатокам, прадстаўнік Мінтранса зазначыў: «Сацыяльны стандарт прадугледжваецца ў тым ліку для населеных пунктаў з колькасцю ад 20 чалавек. Часцяком пусціць туды аўтобус няма магчымасці — не дазваляюць параметры дарогі. Тады ўводзіцца такая ацэнка, як зона ахопу транспартным абслугоўваннем, — каб да пэўнага прыпыначнага пункта можна было арганізаваць зносіны або пабудаваць прыпыначны пункт і адтуль пусціць аўтобусы. Зона ахопу такіх населеных пунктаў
(з улікам чыгуначнага транспарту і ўнутранага воднага транспарту ў навігацыйны перыяд) вызначана да 3 кіламетраў».