Top.Mail.Ru

Ад французскага Брэста да Варшавы: вірус мілітарызму пайшоў у рост

Захаду трэба асвяжыць гістарычную памяць


Вірус нястрымнага мілітарызму з хуткасцю пажару распаўсюджваецца па Еўропе, паражаючы тыя аддзелы мозгу еўрапейскіх палітыкаў, якія адказваюць за логіку і памяць. Асабліва за памяць гістарычную.

Сур’ёзныя праблемы ў кагнітыўных здольнасцях днямі выявіліся ў французскага прэзідэнта Эмануэля Макрона. Звяртаючыся да французскіх вайскоўцаў напярэдадні нацыянальнага свята — Дня ўзяцця Бастыліі, пакрыўджаны Богам і жонкай новы Напалеончык заявіў: «Мы павінны падрыхтавацца да маючых адбыцца войнаў. Але трэба разумець, што наша здольнасць весці іх будзе залежаць ад нашага становішча сёння. Менавіта сённяшнія войны мы павінны выйграць». З кім сабраўся ваяваць парыжскі смяльчак і ці памятае ён, чым заканчваліся папярэднія ваенныя авантуры Францыі?

Не беручы ў разлік даўнія фіяска часоў Напалеона сапраўднага, нашмат больш дасведчанага і разумнага, чым цяперашні жыхар Елісейскага палаца, не паглыбляючыся ў прычыны хуткага падзення гальскага пеўня перад германскім арлом як у Першай, так і ў Другой сусветнай войнах, успомнім толькі ваенныя і палітычныя правалы ў сённяшняй знешняй палітыцы Францыі. Напрыклад, аперацыю «Бархан», якая доўжылася ў рэгіёне Сахель з 2014 па 2022 гады і скончылася эпічным паражэннем французскага воінскага кантынгенту, яго вывядзеннем і стратай ваенных баз у Малі і Буркіна-Фасо, а таксама стратай палітычнага ўплыву ў рэгіёне. Або няўдалую аперацыю «Сангарыс» у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе на працягу больш як трох гадоў французы так і не здолелі спыніць рэлігійную вайну, затое бравыя ваякі з берагоў Сены ўмудрыліся ўляпацца ў шэраг скандалаў аб сексуальным гвалце над мясцовымі дзецьмі. Ну, і нарэшце, вывад войскаў і страта кантролю над Нігерам у 2023 годзе, што зафіксавала канчатковы крах французскай каланіяльнай сістэмы. Дарэчы, у большасці афрыканскіх рэгіёнаў, адкуль французскіх каланізатараў выпіхнулі пад зад нагой, новым партнёрам мясцовых улад стала Расійская Федэрацыя.

Магчыма, збольшага гэты факт, а збольшага і проста агульнаеўрапейская экзістэнцыйная нянавісць да Расіі прымусілі Францыю кінуць усе сілы і магчымасці на падтрымку Украіны, якую Еўрасаюз разглядае як сваю проксі-сілу ў супрацьстаянні з Масквой. За 10 гадоў штогадовыя ваенныя расходы Францыі ўзраслі практычна ўдвая, і з 32 млрд еўра ў 2017 годзе павінны дасягнуць амаль 64 млрд еўра да 2027. У рамках узмацнення французскай арміі прадугледжаны мадэрнізацыя ўзбраенняў, развіццё ваеннай інфраструктуры, рост колькасці асабовага складу, а таксама рэалізацыя доўгатэрміновых ваенных праграм, у тым ліку стварэнне авіяносца новага пакалення. Ну, і не забываем нядаўна абвешчаную дактрыну «прасунутага стрымлівання», заснаваную на прасоўванні да ўсходняга флангу НАТА французскай ядзернай зброі.

У той жа час, улічваючы ваенны вопыт Украіны, і Францыя, і іншыя еўрапейскія дзяржавы сур’ёзную ўвагу вырашылі надаць сваёй ракетнай праграме, а таксама сістэме супрацьракетнай абароны. Каб узмацніць наступальны патэнцыял Кіева, Эмануэль Макрон 13 ліпеня заявіў, што Францыя выдала ўкраінцам ліцэнзію на вытворчасць крылатых ракет SCALP. Адначасова было заяўлена аб стварэнні «Антыбалістычнай кааліцыі», да якой падключыліся, акрамя Украіны, дзевяць краін Еўропы: Вялікабрытанія, Германія, Данія, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Нарвегія, Францыя і Швецыя. Мэтай новага аб’яднання павінна стаць сумесная распрацоўка інтэграванай сістэмы супрацьракетнай абароны Еўропы з выкарыстаннем абаронна-прамысловага патэнцыялу, навуковых распрацовак і баявога досведу Украіны. Аб’ядноўваючы свае навуковыя даследаванні, вытворчыя магутнасці і магчымасці Украіны як выпрабавальнага палігона, «кааліцыя жадаючых» хоча стварыць інструмент для перахопу найскладанейшых балістычных і аэрабалістычных расійскіх ракет (напрыклад, сістэм «Іскандэр» або «Кінжал»), якія даказалі сваю эфектыўнасць і смяротнасць ва ўмовах сучаснай вайны. Як толькі ў калектыўнага Захаду з’явіцца магчымасць супрацьдзеяння расійскім дальнабойным ракетам, і ён адчуе адносную бяспеку сваіх унутрыеўрапейскіх тэрыторый — няма ніякіх сумненняў, што пачнуцца больш актыўныя ўдары па Расіі з магчымасцю пераходу да фазы прамога ваеннага ўварвання.

Тым больш што ўдарная сіла на граніцах ужо засяроджваецца, пачынаючы ад павелічэння колькасці асабовага складу армій краін усходняга флангу НАТА і заканчваючы маштабнай мадэрнізацыяй і пераўзбраеннем іх тэхнічнага складніка.

Так, Польшча ў асобе намесніка міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчыка днямі агучыла свае выдаткі, ужо выдзеленыя на закуп толькі амерыканскага абсталявання і будаўніцтва розных аб’ектаў інфраструктуры — 65 млрд долараў! Але ў бліжэйшыя гады Варшава мае намер выдаткаваць яшчэ больш унушальную суму — каля 150 млрд долараў! У сучасны момант на тэрыторыі Польшчы размешчана больш за 10 000 амерыканскіх вайскоўцаў. Войскі ЗША знаходзяцца ў краіне на ратацыйнай аснове ў рамках місій НАТА і двухбаковага абароннага супрацоўніцтва. Згодна з заявамі Мінабароны Польшчы, Варшава выдаткоўвае каля 15 000 долараў за год на знаходжанне кожнага амерыканскага ваеннага. Пры гэтым польскі Сейм прыняў афіцыйную пастанову аб падрыхтоўцы лагістычных, фінансавых і жыллёвых умоў для бестэрміновага размяшчэння амерыканскіх салдат і іх сем’яў.

Сама польская армія таксама становіцца адной з самых шматлікіх і добра ўзброеных у Еўропе. Ужо зараз колькасць рэгулярных сіл Польшчы перавысіла 215 000–218 000 чалавек, а мясцовыя генералы палохаюць сваіх усходніх суседзяў лічбамі ў 300 ці нават 500 тысяч салдат! Польскія войскі ўжо практычна пазбавіліся старой тэхнікі савецкага ўзору, перадаўшы яе «на ўтылізацыю» Украіне, а ўзамен рэалізуецца праграма маштабнага пераўзбраення на платформах амерыканскага, паўднёвакарэйскага і мясцовага ваенпрама.

Ну, а на падхваце і ў якасці агрэсараў «першай хвалі» з задавальненнем гатовы выступіць краіны Балтыйскага рэгіёна, якім не дае спакою памяць продкаў — байцоў розных нацыянальных легіёнаў СС, калабарацыянісцкіх паліцэйскіх фарміраванняў і бандытаў усіх масцяў («лясных братоў» і да т. п.). Менавіта яны сёння выступаюць галоўнымі антаганістамі і раздражняльнікамі ў дачыненні да Расіі, учыняючы пастаянныя правакацыі. Напрыклад, з апошніх выхадак можна адзначыць заяву міністра замежных спраў Эстоніі Маргуса Цахкны, які сказаў у інтэрв’ю выданню Politico літаральна наступнае: «Падыход да Расіі павінен заключацца ва ўзмацненні ціску, адсутнасці кампрамісаў і вядзенні перагавораў толькі з пазіцыі сілы».

Шкада, што ўсім гэтым правакатарам, «кааліцыям жадаючых» і «антыбалістычным кааліцыям» спрэс адбіла гістарычную памяць і пачуццё ўласнага самазахавання. Варта было б павучыць гісторыю, а не наступаць на адны і тыя ж граблі двойчы.

Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю