Top.Mail.Ru

Ад урагану ў Магілёўскай вобласці пацярпела калі 2 тысяч гектараў лесу

У Магілёўскай вобласці працягваюць працаваць над ліквідацыяй наступстваў стыхіі, якая гаспадарыла ў рэгіёне ў ноч на 10 і 11 ліпеня. Пад удар трапілі і гарадскія дрэвы, і лясныя. У Магілёве два дні запар ідзе расчыстка вуліц ад завалаў дрэў. Па інфармацыі адзінай дыспетчарскай службы, пашкоджана 4766 гарадскіх дрэў. Разам з дрэвамі загінула і шмат птушак, гнёзды якіх былі разбураны непагадзю. 



Яшчэ больш шкоды нанесена стыхія лясным зялёным насаджэнням. Паводле аператыўных звестак, на Магілёўшчыне пад суцэльныя санрубкі пойдзе каля 1800 гектараў лесу. І гэта не канчатковыя лічбы — абследаванні ляснога фонду працягваюцца. Над дакладнымі падлікамі ўрону, які зрабіў лясной гаспадарцы ўраган, працуе абласны штаб пад кіраўніцтвам генеральнага дырэктара Магілёўскага ДВЛГА Уладзіміра Сіроціна.

Паводле слоў Уладзіміра Іванавіча, найбольшая колькасць пашкоджанняў зафіксавана ў Магілёўскім (1240 гектараў), Быхаўскім (240 га) і Чавускім (20 га) лясгасах. Мінулай ноччу стыхія ў большай ступені закранула Клімавіцкі лясгас, дзе пацярпела каля 300 гектараў лесу.

— Вядзецца работа па вызначэнні дакладнага аб’ёму пашкоджанняў, — адзначыў суразмоўнік. — Распрацаваны напрамкі для своечасовай ацэнкі ліквідацыі наступстваў і аднаўлення лясных насаджэнняў.

На дапамогу вобласці накіроўваюцца дадатковыя сілы з лясгасаў суседніх Мінскай і Віцебскай абласцей.

1752237204519.jpg

Як паведамілі ў ДВЛГА, сёння на распрацоўцы ветравалаў задзейнічаная болей чым 400 чалавек і 60 адзінак тэхнікі.

Нагадваем таксама, што ў Магілёве працуе гарачая лінія па пытаннях страт, якія нанесла стыхія гараджанам — 8(0222)60-04-82.

12 ліпеня, у Магілёве аб’яўлены гарадскі суботнік па ўборцы наступстваў стыхіі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з тэлеграм-канала pnivaby


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю