Беларусы ідуць на выбары — і гэта неаспрэчны факт. Ідуць з першага дня, як толькі гэта стала магчыма. Ужо ў першы дзень датэрміновага галасавання яўка выбаршчыкаў склала 7,81 %. У Брэсцкай вобласці ў першы дзень атрымалі бюлетэні 8,95 % грамадзян, у Віцебскай — 7,45 %, у Гомельскай — 7,01 %, у Гродзенскай — 6,08 %, у Мінскай — 8,52 %, у Магілёўскай — 7,25 %, у Мінску — 8,54 %. Па выніку двух дзён гэтыя лічбы будуць значна большыя — сёння людзі ва ўсіх рэгіёнах таксама актыўна ішлі на выбарчыя ўчасткі.
Людзі ідуць выбіраць будучыню для сябе і сваіх дзяцей. Людзі адчуваюць адказнасць за лёс любімай краіны. Сваю асабістую адказнасць, калі дакладна разумееш, што ад твайго выбару залежыць тое, як ты будзеш жыць заўтра. Гэта называецца сталае грамадства суверэннай краіны. Мы пацвярджаем, што да гэтага ганаровага звання дараслі.
Курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны галасавалі на ўчастку № 69 у сталіцы.
Шматлюдна якасна і без праблем
Як праходзіць датэрміновае галасаванне на Нарачы
Выбарчая кампанія ва ўсю крочыць па краіне. У першыя дні датэрміновага галасавання на выбарчых участках без перабольшвання аншлаг. Людзі масава ідуць, каб аддаць свой голас за моцную і квітнеючую Беларусь. Радуе, што вялікая колькасць выбаршчыкаў так масава прыходзіць на свае ўчасткі не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў невялікіх населеных пунктах. Карэспандэнт «Звязды» паглядзеў, якімі тэмпамі праходзіць датэрміновае галасаванне на Нарацкім выбарчым участку № 8.
Усяго на тэрыторыі Нарацкага сельсавета — тры выбарчыя ўчасткі. Аб гэтым заявіў старшыня Нарацкага сельвыканкама Мікалай Маркевіч: «Адзін выбарчы ўчастак знаходзіцца тут, у аграгарадку Нарач, на базе мясцовага Дома культуры. Два астатнія знаходзяцца ў курортным пасёлку Нарач. Хачу адзначыць, што ўсе нашы выбарчыя ўчасткі цалкам гатовыя і ўжо паспяхова прымаюць сваіх выбаршчыкаў. У першыя дні датэрміновага галасавання людзі актыўна ішлі на свае ўчасткі, асабліва ў вячэрні час».
Паводле яго слоў, усе пытанні, якія ўзнікаюць у выбаршчыкаў, хутка вырашаюцца на месцы: «У асноўным людзі цікавяцца тым, што рабіць, калі грамадзянін не можа прагаласаваць па месцы жыхарства. Пытаюцца таксама, дзе менавіта знаходзіцца іх выбарчы ўчастак. Гэтыя і іншыя пытанні тлумачым у рабочым парадку».
Участак размясціўся на базе Нарацкай сярэдняй школы № 2. Адразу на ўваходзе выбаршчыкаў сустракаюць валанцёры БРСМ. Яны арыентуюць грамадзян, дапамагаюць пенсіянерам. Падрабязней аб гэтым расказаў старшыня Нарацкага выбарчага ўчастка № 8 Генадзь Крыштафовіч: «Насельніцтва курортнага пасёлка Нарач набліжаецца да 4,5 тысячы чалавек. На тэрыторыі населенага пункта — два выбарчыя ўчасткі. Яны досыць вялікія па аб’ёме. Канкрэтна ў нашым выбарчым участку налічваецца 2372 выбаршчыкі, 11 з іх — маладыя людзі, якія будуць галасаваць упершыню. Пераважна гэта студэнты, таму чакаем іх у асноўны дзень галасавання, паколькі яны знаходзяцца на вучобе».
Гаворачы аб першых днях датэрміновага галасавання, Генадзь Крыштафовіч адзначыў, што людзі вельмі актыўныя: «Першыя грамадзяне прыйшлі літаральна адразу пасля пачатку работы выбарчага ўчастка. Упэўнены, што і далей будуць актыўна прыходзіць. Я мяркую па мінулых выбарах, бо гэта далёка не першая выбарчая кампанія, пры якой я працую ў камісіі. Таму мне ёсць з чым параўноўваць. Гэтым разам людзі цікавяцца, ці ёсць магчымасць прыйсці і прагаласаваць загадзя, яшчэ да афіцыйнага пачатку работы выбарчага ўчастка...»
Ён адзначыў, што ніякіх спрэчных момантаў, скаргаў і няштатных сітуацый пакуль не ўзнікала: «Члены камісіі, якіх разам са мной 16 чалавек, дасведчаныя, некаторыя прайшлі не адну выбарчую кампанію».
Нарацкі ўчастак для галасавання № 8 падрыхтаваны ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, тымі метадычнымі рэкамендацыямі, якія дае ЦВК: «У нас наладжана пастаянная сувязь з усімі выбарчымі ўчасткамі краіны для таго, каб пры неабходнасці паглядзець, на якім участку павінен быў галасаваць канкрэтны грамадзянін, куды ён па выніку прыбыў, а таксама што рабіць, калі выбаршчык памяняў месца прапіскі да моманту галасавання. Людзі прыходзяць у розны час. Пенсіянеры любяць крыху раней, астатнія — у абедзенны перапынак. Акрамя таго, вакол нас размяшчаюцца санаторыі, наведвальнікі якіх таксама завітваюць. Большая частка грамадзян заходзіць у вячэрні час, пасля работы. Такая карціна складваецца абсалютна ва ўсе дні галасавання», — падагульніў Генадзь Крыштафовіч.
Фота аўтара
«Выбаршчыкі ідуць галасаваць актыўна»
Адзначаюць міжнародныя назіральнікі Міжпарламенцкай Асамблеі СНД
Тыдзень датэрміновага галасавання пачаўся, і міжнародныя назіральнікі ад Міжпарламенцкай Асамблеі СНД працягваюць маніторыць выбарчыя ўчасткі. У Магілёў яны прыбылі ў аўторак вечарам, наведаўшы перад гэтым Гомель. У сераду назіральнікі азнаёміліся з работай абласной і Ленінскай раённай камісій па выбарах, наведалі некалькі ўчасткаў для галасавання.
Падчас знаходжання ў аблвыканкаме ім паведамілі, што ў вобласці 21 студзеня для датэрміновага галасавання адкрыўся 651 участак, непасрэдна ў дзень выбараў адкрыюцца дадатковыя, якія створаны ў бальніцах і дамах адпачынку. Участкі ў гэтыя дні працуюць з 12.00 да 19.00, і людзі прыходзяць на працягу ўсяго часу. Старшыня абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Яўген АЛЕКСА запэўніў, што з боку абласной камісіі назіральнікам будзе аказана ўсялякая дапамога.
— У групу ад Міжпарламенцкай Асамблеі ўваходзяць 64 чалавекі, — паведаміла намеснік дырэктара Міжнароднага інстытута маніторынгу развіцця дэмакратыі Алена Яроменка. — Гэта сенатары, дэпутаты, прадстаўнікі сакратарыята Савета, службовыя асобы сакратарыята, эксперты Міжнароднага інстытута маніторынгу развіцця дэмакратыі і выбарчых правоў грамадзян. Мы прыехалі ў Беларусь у аўторак, наведалі 8 участкаў у Гомелі. Трэба адзначыць вялікую актыўнасць выбаршчыкаў, добрую падрыхтаванасць участкаў. Працягваем работу ў Магілёве, а на наступны дзень будзем у Віцебску.
Як адзначыла Алена Яроменка, асноўная група, якую ўзначальвае віцэ-спікер Савета Федэрацыі Расійскай Федэрацыі Канстанцін Касачоў, прыбывае ў Мінск у сераду і будзе працаваць у асноўны дзень галасавання, 26 студзеня, у Мінску і Мінскай вобласці.
Фота аўтара