Да рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») засталося менш за месяц. Яно традыцыйна пройдзе ў першыя выхадныя ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна на беразе ракі Днепр. Гэта рака са старажытных часоў аб’ядноўвала ўсходнеславянскія народы, была для іх агульнай воднай артэрыяй на гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі».
Прыгожае купальскае свята пройдзе на александрыйскай зямлі ўжо ў шаснаццаты раз. На працягу ўсяго часу яго існавання Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы распрацоўваў асноўную канцэпцыю мерапрыемства. Сёлета стрыжнем свята стане менавіта «Дрэва жыцця».
— Пад знакам гэтага народнага сімвала будзе праходзіць і наша выстава-кірмаш, — адзначыла намеснік дырэктара метадцэнтра Іна Балаўнёва. — Кожны рэгіён Рэспублікі Беларусь прывязе свой падворак. Што датычыцца нашага рэгіёна, то мы арганізавалі абласны конкурс «Дрэва жыцця» і кожны раён робіць свой сімвал. На Купаллі ў Александрыі будуць падведзены вынікі.
На ўдзел у рэгіянальным конкурсе на пачатак чэрвеня было заяўлена ўжо 56 работ. Удзельнічаюць у ім як творчыя калектывы дамоў (цэнтраў) рамёстваў, дзіцячых школ мастацтваў і мастацкіх рамёстваў, клубных устаноў, так і індывідуальныя аўтары. Конкурс пройдзе ў трох намінацыях — «Сусветнае дрэва» (будуць ацэньвацца аб’ёмныя кампазіцыі сімвала, выкананыя ў любой тэхніцы), «Сімвал жыцця» (пано любой формы), «Сувязь з продкамі» (ручнік з выявай дрэва жыцця).


— Пакуль мы прымаем эскізы, на свяце ўбачым канчатковы варыянт, — кажа суразмоўніца. — Мы ў прадчуванні цікавых работ, не трэба стрымліваць сваю фантазію. Нехта стварае сімвал з дрэва, нехта выконвае яго ў нейкай сваёй тэхніцы. Усе работы будуць аб’ектыўна ацэненыя.
Конкурсныя работы можна будзе ўбачыць на падворках раёнаў Магілёўскай вобласці.
— Сутнасць свята — паказаць разнастайнасць беларускай народнай спадчыны і далучыць да яе як мага больш людзей, каб распаўсюдзіць веды пра сімвалы, традыцыі, знакі, абраднасць, — падкрэслівае загадчыца аддзела Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Валянціна Валчкова.
Кожны год установа прапаноўвае новыя ідэі. Аднойчы гэта быў ручнік, праз які раскрывалася разнастайнасць і прыгажосць беларускай культуры. Былі і купальская кветка, і абярэгі, і народны касцюм, і абрады па парах года, і паясы, і дзіцячая цацка.
— Праводзіцца вялікая даследчая работа, — гаворыць спецыяліст. — Не трэба выдумляць нешта новае, дастаткова звярнуцца да мінулага, знайсці нешта такое, на што можна абаперціся. Часам знаходзяцца такія эксклюзівы, што і ў музеях не захаваліся. Некаторыя звяртаюцца ў Акадэмію навук, каб знайсці ўзор свайго рэгіёна і ў адпаведнасці з традыцыяй зрабіць свой выраб. Метадцэнтр абагульняе гэты вопыт і зберагае для нашчадкаў. Той жа купальскі пояс захаваўся дзякуючы такім вось напрацоўкам. Як і традыцыйныя строі, якія рэканструяваліся, а таксама галаўныя ўборы, ручнікі. Носьбіты сыходзяць, а інфармацыя застаецца ў буклетах установы. Так захоўваецца народная спадчына ў рэгіёнах.
Сёлетні сімвал — «Дрэва жыцця» — адзін з найбольш распаўсюджаных абярэгаў. Ён быў у нашых продкаў і ў малюнку, і ў роспісе, і ў кераміцы, і ў вышыўцы, і ў ткацкіх вырабах. «Дрэва жыцця» знаёмае нам па тых жа ручніках, дзе часам замест лістоты на галінах прысутнічаюць птушкі, кветкі, расліннасць, нават людзі. У кожнага рэгіёна свой сімвал, але сэнс адзін — сувязь пакаленняў.


Аснова купальскага свята ў Александрыі — народная творчасць. Яркая, прыгожая, самабытная — яна шырока прадстаўлена на выставе-кірмашы і ажыўляе сабой усё астатняе, што прысутнічае на свяце. Увасабляецца ў форме, колеры, угадваецца ў элементах афармлення, закладваецца ў сюжэтную лінію сцэнарыя. У гэтым непаўторнасць і ўнікальнасць купальскага свята на Шклоўшчыне. Нездарма яно выклікае вялікую цікавасць, у тым ліку за мяжой.
Сёлета акрамя творчых дэлегацый з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь будуць прысутнічаць і шматлікія расійскія. На 10 чэрвеня заяўкі на ўдзел паступілі ад прадстаўнікоў каля 30 расійскіх рэгіёнаў. Для параўнання: летась на свяце прысутнічалі прадстаўнікі 20-ці. Упершыню ўдзельнічаюць Наўгародская, Сахалінская і Амурская вобласці.
Урачыстае адкрыццё рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») як заўсёды пройдзе на малой сцэнічнай пляцоўцы. На працягу дня будзе працаваць сцэнічная пляцоўка «Беларусь. Адзінства. Мы», на якой творчыя дэлегацыі абласцей і Мінска пакажуць разнажанравую канцэртную праграму. Ёсць прапанова паўтарыць ідэю вялікага купальскага карагода пад назвай «Няхай сяброўства карагод закружыць».
Будзе шмат іншых цікавых мерапрыемстваў. У абласным метадцэнтры налічылі як мінімум 20 такіх, якія збіраюць вялікую колькасць народа.
На маляўнічую лугавіну заўсёды прыязджаюць тысячы гасцей. І сёлета арганізатары ўжо паклапаціліся, каб да свята далучыліся ўсе жадаючыя. Нагадваем, што Беларуская чыгунка запускае 5 і 6 ліпеня 14 дадатковых цягнікоў эканом-класа, якія будуць курсіраваць па маршрутах «Копысь — Магілёў», «Копысь — Орша».
Нэлі ЗІГУЛЯ