Жыццярадасны, усмешлівы, вясёлы, з жартамі і пажаданнямі — такі пісьменнік Алесь Камароўскі, які загадвае фірменныя загадкі, рыфмуе з ходу, цытуе з імпэтам на памяць Якуба Коласа, Петруся Броўку і іншых майстроў пяра, натхняецца казкамі і ведае «плытагонныя» словы. А ўся справа ў яго непаўторнай малой радзіме — вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна, якая выпусціла ў свет шматлікіх выдатных творцаў, сярод якіх і Якуб Колас. Класік садзейнічаў будаваць Мікалаеўшчынскую школу, у якой вучыўся Алесь Камароўскі. Але ўрэшце вучні самі становяцца настаўнікамі, зведаўшы смак і горыч жыцця і адлюстраваўшы гэта ў сваіх творах. Дбайны нашчадак Коласа, Алесь Камароўскі працягвае слоўныя традыцыі, праслаўляючы родную Мікалаеўшчыну і сеючы зярняты літаратурных дасягненняў Беларусі. Чым растлумачыць пладавітасць гэтай зямлі і яе сыноў? Адказ — у гутарцы з Алесем Камароўскім.
Апачына, шырыга, кардзялі...
— Алесь Адамавіч, чым адметная Мікалаеўшчына, дзе калісьці рупіўся Якуб Колас?
— Першы раз наша Мікалаеўшчына згадваецца ў летапісах у 1555 годзе. Вёска мае цяжкі лёс: тры пажары. Апошні быў перад вайной у 1940 годзе. І адрадзілася яна дзякуючы Якубу Коласу. Класік пасля вайны прыехаў з архітэктарам, склалі план Мікалаеўшчыны. Кожнаму — 25 сотак, выдзелілі сядзібы. Ён, дарэчы, дапамог пабудаваць вялікую двухпавярховую школу з вялікай спартыўнай залай, якая годна носіць імя Коласа. Яшчэ тут надзвычай маляўнічыя мясціны. З Уздзенскага раёна вакол Мікалаеўшчыны цячэ Нёман у Стоўбцы, у Гродна і ў Каўнас. Нашы мужчыны раней часта гналі туды плыты. Працавалі плытагонамі. Дарэчы, Васіль Шырко з Уздзенскага раёна нават напісаў раман «Нёманскія плытагоны». Калі я вам сёння скажу некалькі спецыяльных слоў «плытагонных», вы іх, відавочна, не ведаеце. Скажам, «барбара», «апачына», «шырыга», «кардзялі». Барбара — завостранае палена на апошнім плыце. Калі трэба было спыніцца, яго кідалі ў пясок.
— Як якар?
— Так. І барбара спыняла плыт. А апачына і шырыга — як вёслы. Імі кіравалі, паварочвалі, бо Нёман выкручваў. Кардзялі — лазовыя вяроўкі. Упоперак Нёмана ставілі бервяно, іншыя звозілі на гару. На гары быў рум — месца, куды звозілі бярвенне. Потым скочвалі ў Нёман — яно ўпіралася ў бервяно — і лазовымі вяроўкамі вязалі плыт. Звычайна атрымлівалася восем плытоў. Іх і гналі па Нёмане ў Каўнас на продаж. А назад плытагоны вярталіся цягніком. Расказвалі, на апошнім плыце ляжаў кавалак бляхі. Калі спыняліся, распальвалі на ім агонь, варылі есці. Рэдман — галоўны, хто кіраваў гэтымі плытамі, выдаваў прадукты на рэйсы. Я бачыў плыты, калі мы з бацькам былі на рыбалцы. Мой бацька заўзяты рыбак быў, а я — не, бо няма цярпення. Бацька прыносіў шчупакоў, язяў, ляшчоў. Ставіў па дзесяць шнуроў. На кожным — кручкі з прынадай.
І рыба бралася. Аднойчы ён злавіў самага вялікага шчупака — 16 кг. Самаробная вуда, самаробны кручок, лёска з конскага воласа. Прынада — маленькая рыбінка — скажам, плотачка. Шчупак узяўся. А мне гадоў 6-7 было. Я па беразе бегаў. Бацька дзве гадзіны цягаў гэтага шчупака і не мог выцягнуць. Шаснаццаць кілаграмаў, уявіце! Нарэшце выцягнуў яго на лотаць пры беразе. І шчупак раптам адрываецца. Бацька скача ў воду, хапае шчупака пад жабры, а мне крычыць: «Уцякай!» Чаму? А я ведаў: калі шчупак укусіць — паўгода не зажывае. Мы выраслі практычна на рыбе. Яшчэ — на грыбах, на ягадах. Мая маці працавала ў лясгасе. З самай вясны да позняй восені, а пасля пераходзіла ў калгас. І часта я яе замяняў — садзіў лес. Арудаваў лянцэтам — штыкавой лапатай з прыступачкай, на якую трэба націскаць нагой. Зямлю раскалыхваеш, ставіш саджанец (яго называлі флянец) і прытоптваеш. Так я садзіў свой лес.
— Ці ўяўлялі тады, што некалі ён вырасце, як вашы творы?
— (Усміхаецца.) У мяне цяпер пачата аповесць «Пярэварацень». Ляснік завальвае дрэва, і яно б’е яго па спіне. Ледзь не загінуў, але выратаваўся цудам, ды яго жыццё кардынальна мяняецца... Як? Хутка даведаецеся, калі аповесць будзе надрукавана. Але галоўная ідэя — паказаць прыгажосць прыроды, якую трэба берагчы, не знішчаць, садзіць лясы. Балазе ёсць акцыя «Дай лесу новае жыццё». А ці ведаеце, каб сасна стала велізарнай, трэба 60 гадоў? Тымі, што пасадзіў я, любуюся, калі хаджу ў грыбы.
Папруга замест ганарару
— Шасцідзесяцігадовыя сосны, пасаджаныя вамі ў дзяцінстве, — як спадарожнікі на літаратурным шляху, якому ўжо таксама за 60?
— Творчы шлях сапраўды можна параўнаць з лесам. Але ўстаў я на яго дзякуючы Міколу Маляўку. 4 красавіка, дарэчы, споўніўся роўна год, як яго няма з намі. Збіраліся на гадавіну я, Іна Фралова, Яўген Хвалей, Зміцер Дземідовіч, Сяргей Кляшчук, брат вядомага фатографа Анатоля Клешчука. Мы сябравалі з Міколам Маляўкам вельмі блізка. Ён з 1941 года, я — з 1947-га. Брат яго — таксама з 1947-га.
Мы з ім нарадзіліся ў адзін дзень, аднак яго запісалі шостым сакавіка, а мяне — першым. Мая маці Кацярына Уладзіміраўна казала мне, што з цёткай Зінай яны нарадзілі ў адзін дзень. І мы адзінаццаць гадоў з братам Міколы Маляўкі сядзелі за адной партай. Мікола Маляўка, дарэчы, быў найвыдатнейшым мастаком.
Я пачаў спрабаваць пісаць допісы ў 5–6 класах у нашу раённую газету «Голас селяніна» (цяпер «Прамень»). Першы ганарар я атрымаў не такі, як Канстанцін Міцкевіч. Вядома, калі Колас напісаў першы верш, бацька яму даў сярэбраны рубель. А мне бацька даў папругі. За што? Лазіў ён на гарышчы ў хаце і паляцеў. А я напісаў такія два радкі: «Бацька скінуўся з гары, ну і чорт яго бяры!» Адлупіў мяне. У 7 класе я прыйшоў аднойчы да брата Міколы Маляўкі, мы ў футбол гулялі.
І прыехаў Мікола Чарняўскі, яны разам вучыліся на філфаку. Я прынёс свой першы верш «На беразе Нёмана». Гэта быў 1967 год:
Блакітныя шэпчуцца хвалі,
Пад ветрыкам грывай трасуць,
І песні адвечныя ўдалеч
Да нёманскіх пушчаў нясуць.
Не можам уседзець мы дома,
Гурбою на Нёман ідзём.
Расступіцца борзенька Нёман,
Як толькі ныраць мы пачнём.
Мікола Чарняўскі сказаў, што бярэ гэты верш у газету «Піянер Беларусі», дзе ён працаваў. Верш надрукавалі. І з таго часу пачалася мая сур’ёзная літаратурная творчасць. Вельмі многа дала школа. Пашанцавала на настаўнікаў. Імі былі пляменнік Коласа Уладзімір Іванавіч Міцкевіч, яшчэ — заслужаны настаўнік Беларусі, майстар спорту па лыжах Мікалай Антонавіч Семяняка, пра якога Мікола Маляўка напісаў як пра партызана кнігу «Ой, бярозы і сосны». Мы ў школе займаліся лыжамі. У мяне восем першых разрадаў. Мае школьныя рэкорды ніхто не пабіў. 100 метраў — 10,8 сек. Гэта першы разрад. У вышыню — 1,95 м, у даўжыню — 6,40 м.
— Такія розныя таленты: і пісьменніцкі, і спартыўны!
— І не толькі ў мяне! Выдатна гуляў у футбол Мікола Маляўка. Такой вёскі, як наша, у Беларусі больш няма. З Мікалаеўшчыны выйшлі 10 пісьменнікаў: Якуб Колас, Алесь Рыбак, Уладзімір Мархель, Сымон Белы (пляменнік Коласа, працаваў у Радашковічах), Яўген Хвалей, Дзмітрый Дземідовіч, Уладзімір Мароз. Цяпер жывуць у Мікалаеўшчыне і працуюць Ніяна Загарэўская і Мікола Адам.
— У чым сакрэт такога плёну?
— Усё пайшло ад Коласа. «Новая зямля» — гэта, лічыце, Мікалаеўшчына, «Сымон-музыка» — гэта ён. У рамане «На ростанях» многа прататыпаў, правобразаў тых, хто жыў у вёсцы. Мой бацька ведаў на памяць «Сымона-музыку». Я магу і сёння расказваць урыўкі з «Новай зямлі»: «Раніцай у нядзельку», «Мой родны кут»...
«Добрыя людзі, тут і далёка»
— Ці могуць сучаснікі дасягнуць узроўню Коласа? Ці ёсць такія сярод цяперашніх пісьменнікаў?
— Часта побач з Коласам ставяць Купалу, але іх нельга параўноўваць. Яны разнапланавыя: Колас — больш бытавы, Купала — сацыяльны. Калі б не турма, Колас не напісаў бы дакладна трох твораў. У 1906 годзе адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд на беразе Нёмана, было там 30 настаўнікаў, сярод іх — і пісьменнік Янка Маўр. Царскія ўлады прыхапілі гэтых настаўнікаў, таму што быў заклік змагацца з царом. Аляксандр Сянкевіч з’ехаў у Амерыку, там закончыў медінстытут, потым вярнуўся ў Беларусь. Колас у рамане «На ростанях» апісаў яго пад прозвішчам Алесь Садовіч. Сянкевіч удзельнічаў у грамадзянскай вайне на Далёкім Усходзе. Аляксандр Фадзееў у рамане «Разгром» апісаў яго як доктара Сташынскага. У 1937 годзе Сянкевіча рэпрэсіравалі, у 1956-м рэабілітавалі. Калі параўноўваць класікаў з сучаснікамі, на першае месца я паставіў бы Міколу Маляўку, паколькі гэта паэт ад Бога. Талент ад зямлі, ад мовы. Сёння ў кожнага з нас ёсць слоўнікі. У мяне — слоўнік Насовіча 1870 года выдання, беларуска-рускія, руска-беларускія, энцыклапедыі, беларуска-польскі слоўнік 1939 года, які мне падарыў Максім Танк. Я любіў чытаць. Нас з братам бібліятэкар пускала выбіраць любыя кнігі. Мікола Маляўка некалі выдаў кнігу «Едуць маразы», з якой пачаўся яго вялікі літаратурны шлях — каля пяцідзесяці кніг. Настолькі багаты яго свет паэзіі! Ён мог з нічога зрабіць верш, паэму. Некалі я працаваў у выдавецтве «Юнацтва», а ён — у часопісе «Вясёлка», вёў рубрыку «Быт сялян»: расказваў пра рэдкія рэчы, якія цяпер толькі ў музеях ёсць. Гэта прасніца, калаўрот, кросны, таўкач, ступа... — цудоўны матэрыял для школьных музеяў. Знаходзіў прыказкі, прымаўкі і сам складаў загадкі. І я прапанаваў выдаць такую кнігу ў «Юнацтве». Ён прынёс і назваў «Сядзіба, або Свечка на покуці». Мы трохі пасварыліся з-за гэтага, бо я лічыў, што свечка на покуці — не тое. Я сказаў яму падумаць. Ён успыхнуў. Аднак прыходзіць назаўтра і гаворыць: «Твая праўда». І перайменаваў — «Сядзіба, або Хата з матчынай душой». Мы выдалі гэтую кнігу, пасля перавыдавалі. Мікола Маляўка атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі ў галіне літаратуры. Лічу, што ён павінен быў пры жыцці атрымаць званне народнага паэта Беларусі. На другое месца я паставіў бы Казіміра Камейшу, майго земляка. З нашага раёна Генрых Далідовіч, таксама празаік выдатны. Я назваў бы яшчэ Змітрака Марозава. Выдатныя вершы ў Алеся Бадака. Дарэчы, калі я працаваў у дзіцячай рэдакцыі тэлебачання дзесьці ў 1985–1986 гадах, то запрасіў Алеся Бадака, і ён выступіў першы раз на літаратурных сустрэчах, дзе свае вершы чытаюць юныя паэты. Я тады ўжо бачыў, што ён будзе цудоўным паэтам. А цяпер пераконваюся, калі слухаю песні на яго словы: напрыклад, Анатоль Ярмоленка спявае: «Добрыя людзі, тут і далёка. // Добрыя людзі, з вамі так лёгка! // З вамі так светла, у свята і ў будзень. // Дзякуй за гэта, добрыя людзі!» Ад сэрца, ад душы — настолькі праймае гэты верш, песня. Яны вечныя. Так, як Аркадзь Куляшоў некалі напісаў «Алесю». Выдаў зборнік паэзіі ў 14 гадоў. Першае яго каханне: «Бывай, абуджаная сэрцам дарагая» ўвасобілася ў неўміручую песню. Цудоўны паэт і Віктар Шніп.
— «Ёсць рачулка маленькая Ловаць... // Зоры ноччу там невадам ловяць // Ціш зямную... А раніцай лотаць // Пачынае пялёсткамі лопаць» — і ваша паэтычнае слова каларытнае, мілагучнае... Адкуль яго карані?
— З вёскі. Бацька іграў на скрыпцы, мандаліне, балалайцы, ведаў на памяць «Сымона-музыку». Маці ведала выдатна беларускую і польскую мовы. Іх карані з Мікалаеўшчыны. У асноўным мінска-маладзечанскія гаворкі, якія леглі ў аснову беларускай мовы. А з Мікалаеўшчыны Колас ішоў. Калі чытаеш яго, колькі непаўторных слоў!Я многія выпісваў. Бывала, у жыцці здараліся жартоўныя выпадкі са словамі. Жыў я з хлопцам са Смаленшчыны Іванам Барковым у інтэрнаце. Ён гаварыў па-руску. Аднойчы разгаварыліся, і ён кажа: «Нешта не любяць мяне дзяўчаты...» А я здзіўляюся: «Слухай, у цябе ж такі прыгожы твар!» А ён успыхнуў: «Какая я тебе тварь?!» Ці іншы прыклад: па-беларуску хлопец скажа дзяўчыне: «Ах, мая ты журавінка!» — гучыць цудоўна. А па-руску: «Ах, моя ты клюква!» Таму трэба вывучаць мову, трэба паглыбляцца.
Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА