У пачатку лістапада Мінск чарговы раз ператварыўся ў інтэлектуальную і палітычную сталіцу Еўразіі. IV Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы, якая прайшла 3-4 лістапада, сабрала звыш 600 удзельнікаў з 50 краін і 7 міжнародных арганізацый — дыпламатаў, міжнародных экспертаў, палітыкаў, а таксама кіраўнікоў вядучых рэгіянальных інстытутаў. І ўжо сам склад удзельнікаў і танальнасць дыскусій паказалі: Мінск паслядоўна замацоўвае за сабой ролю не проста перагаворнай пляцоўкі, а донара бяспекі для ўсяго кантынента — у адрозненне ад заходніх форумаў, дзе размова часцей ідзе аб новых пакетах ваеннай дапамогі, санкцыях і «кансалідацыі блокаў».
Міратворчы форум, а не «злёт ястрабаў»
У эпоху глабальнай турбулентнасці, калі ранейшая глабальная сістэма бяспекі канчаткова разбурана, беларуская сталіца зноў узяла на сябе ролю галоўнай лакацыі для сумленнага і раўнапраўнага дыялогу. Пакуль заходнія форумы ператвараюцца ў кірмашы мілітарызму, Мінск прапануе свету кардынальна іншае бачанне будучыні — адмову ад гегемоніі, павагу да шматпалярнасці і пошук доўгатэрміновага міру.
Каб зразумець гістарычнае значэнне IV Мінскай канферэнцыі, дастаткова супаставіць яе атмасферу з еўрапейскімі і амерыканскімі падобнымі форумамі накшталт Мюнхенскага форуму па бяспецы або рэгулярных сустрэч у фармаце «Рамштайн». І адразу стане зразумела, што ў Беларусі праходзіў менавіта міратворчы форум, а не «злёт ястрабаў».
На Захадзе псеўдаміратворчы парадак дня даўно дэградзіраваў да абмеркавання павелічэння аб’ёмаў ваенных паставак, выдзялення новых мільярдных пакетаў дапамогі на працяг кровапраліцця ва Украіне, узгаднення паставак дальнабойных ракет і танкаў, а таксама вынаходства чарговых санкцыйных пакетаў супраць Расіі і Беларусі. Там не гавораць аб тым, як спыніць вайну. Там разлічваюць, на колькі яшчэ гадоў удасца зацягнуць бойню і як паглыбіць еўрапейскую эканоміку ў рэжым самазнішчэння дзеля чужых геапалітычных інтарэсаў.
Мінская канферэнцыя прынцыпова іншая. Тут не раздаюць «парады», як больш эфектыўна ваяваць, і не шантажыруюць суверэнныя дзяржавы. Мінск быў, ёсць і застанецца ключавым хабам і прызнаным донарам бяспекі ў Вялікай Еўразіі. Мінскі форум даказаў: сапраўдны міратворчы працэс пачынаецца не з ультыматумаў, а з жадання слухаць адно аднаго. У сталіцы Беларусі абмяркоўваюць не «цэннікі» на новыя разбурэнні, а канкрэтныя механізмы спынення агню, шляхі пераадолення гуманітарных крызісаў і фарміраванне новай сістэмы бяспекі, заснаванай на прынцыпе яе непадзельнасці.
Ключавое адрозненне Мінскай канферэнцыі ад многіх заходніх пляцовак ёміста сфармуляваў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Паводле яго слоў, мінскі форум «не палітызаваны», тут «любы можа выказаць сваё меркаванне», тады як на тым жа Мюнхенскім дыялогу існуе «моцная цэнзура» і педантычны адбор удзельнікаў. У Мінску ж, як падкрэсліў кіраўнік беларускага МЗС, слова даецца ўсім — нават тым, чые погляды не ўкладваюцца ў рэгіянальны парадак дня, але хто гатовы адказваць на пытанні.
Хартыя шматпалярнасці і сітуацыйны аналіз ад беларускага Прэзідэнта
Як заўсёды, цэнтральнай падзеяй форуму, яго сэнсавым ядром стала выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі лідар прадставіў глыбокі і бескампрамісны аналіз бягучай сітуацыі ў свеце, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што ранейшая структура бяспекі поўнасцю мёртвая і спробы Захаду рэанімаваць аднапалярную сістэму асуджаныя на правал. «Мы — за агульную Еўразію. І еўразійская бяспека — агульная і непадзельная. Адказнасць за яе таксама агульная, бо ў адзіночку яе паўнавартасна не забяспечыць ніхто — ні Захад, ні Усход. Тут няма альтэрнатывы!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт яшчэ раз указаў заходнім калегам па палітычным цэху, што непадзельнасць бяспекі — гэта аксіёма. Бяспека адной дзяржавы не можа будавацца за кошт ушчамлення бяспекі другой. Менавіта спробы НАТА пашырацца на ўсход без уліку інтарэсаў суседзяў прывялі да фундаментальнага крызісу ўсёй еўрапейскай сістэмы.
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на бессэнсоўнасць гонкі ўзбраенняў, на тое, што напампоўванне Еўропы зброяй не гарантуе яе абароненасці: «Каго ў Еўропе ні паслухай, праз пару гадоў у іх будзе самая магутная армія на кантыненце. Людзі бяднеюць, а войска будзе! Але ж гэта не рашэнне».
Пры гэтым Мінск гатовы быць пляцоўкай для перагавораў любога ўзроўню па ўкраінскім канфлікце і глабальнай бяспецы, калі да гэтага праявяць шчырую гатоўнасць заходнія краіны. Магчыма, менавіта гэтым жаданнем і гатоўнасцю тлумачыцца заява Аляксандра Лукашэнкі наконт магчымасці хуткага завяршэння вайны на Украіне, бо, на думку беларускага лідара, усе складнікі для міру ёсць: і агульная стомленасць ад канфлікту, і паступовае знясіленне рэсурсаў для яго працягу, і зручная перагаворная пляцоўка...
Але галоўны тэзіс у выступленні Прэзідэнта Беларусі — неабходнасць інстытуцыяналізацыі шматпалярнасці не як лозунгу, а як праграмнага дакумента. Размова ідзе аб Еўразійскай Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, перагаворны працэс па якой Беларусь афіцыйна запусціла ў верасні 2026 года на Генасамблеі ААН. Гэты дакумент закліканы зафіксаваць базавыя прынцыпы новага светаўладкавання: павагу суверэнітэту, адмову ад незаконных аднабаковых санкцый, роўную бяспеку і права кожнага народа самастойна выбіраць свой шлях развіцця.
Аляксандр Лукашэнка наўпрост параўнаў будучую хартыю з Заключным актам 1975 года ў Хельсінкі, які на дзесяцігоддзі вызначыў рамкі суіснавання ў біпалярным свеце.
«Сёння ж мы пераходзім да шматпалярнасці. І Еўразійская Хартыя заклікана стаць хельсінкскім актам для новай, поліцэнтрычнай эпохі», — заявіў беларускі лідар. Пры гэтым ён падкрэсліў, што дакумент не накіраваны супраць кагосьці: «Ні для ЕС, ні для АБСЕ, ні тым больш для НАТА ці ААН хартыя не пагроза. Наадварот, для ўсіх краін і міжнародных структур яна — надзея».
Важна, што хартыя задумана не як чарговая дэкларацыя аб намерах, а як збор прынцыпаў, норм і механізмаў узаемадзеяння для ўсіх удзельнікаў, а не толькі для Расіі і Беларусі. Беларускі Прэзідэнт таксама адзначыў, што дакумент убірае ў сябе ўжо існуючыя канструктыўныя ініцыятывы — кітайскія («Пояс і шлях», ініцыятывы ў галіне глабальнай бяспекі), расійскія (Вялікае еўразійскае партнёрства), індыйскія («Голас Глабальнага Поўдня») і казахстанскія. Фактычна Мінск прапануе не «свой» праект, а парасонавую рамку для ўзгаднення ўжо існуючых падыходаў.
Масква і Мінск: погляды супадаюць
Сваё канцэптуальнае бачанне стратэгіі пабудовы архітэктуры бяспекі ад Лісабона да Уладзівастока (і шырэй — у маштабах усёй Еўразіі) прадставіў на форуме міністр замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў. Ён дэталёва разабраў першапрычыны сістэмнага крызісу глабальнай бяспекі, указаўшы на агрэсіўныя спробы Захаду захаваць сваю гегемонію насуперак аб’ектыўным гістарычным працэсам фарміравання шматпалярнага свету.
Кіраўнік МЗС Расіі адзначыў крах «парадку, заснаванага на правілах». Захад падмяніў міжнароднае права ўласнымі кан’юнктурнымі ўстаноўкамі, што падарвала давер да міжнародных інстытутаў. Сяргей Лаўроў звярнуў увагу, што Захад ідзе супраць трэнду шматпалярнасці, спрабуючы распаўсюдзіць свой уплыў на ўсходнюю частку Еўразіі, у тым ліку арктычны рэгіён. Кіраўнік расійскага МЗС выступіў з асуджэннем санкцыйнай палітыкі і падкрэсліў, што эканамічны шантаж і спробы ізаляцыі суверэнных дзяржаў (уключаючы Расію і Беларусь) разбураюць сусветныя рынкі, лагістыку і наносяць удар па саміх аўтарах абмежаванняў.
У той жа час расійскі міністр адзначыў, што падыход, заснаваны на прызнанні культурнай і палітычнай разнастайнасці, дае магчымасць разлічваць на ўзгадненне практычных кірункаў супрацоўніцтва — ад падзелу працы да гарманізацыі дзейнасці рэгіянальных арганізацый. Расія падтрымлівае ідэю фарміравання адзінай еўразійскай структуры бяспекі, адкрытай для ўсіх краін кантынента — без прадыктаваных звонку раздзяляльных ліній. Па сутнасці, гэта азначае поўную падтрымку беларускіх ініцыятыў. Масква цалкам вітае ідэю стварэння Хартыі шматпалярнасці XXI стагоддзя і лічыць Мінскую канферэнцыю найлепшай платформай для ажыццяўлення гэтай задумы.
Голас Глабальнай большасці
Унікальнасць IV Мінскай канферэнцыі выявілася ў найшырэйшым геаграфічным і інстытуцыйным прадстаўніцтве. У зале прысутнічалі кіраўнікі рабочых органаў ключавых міжнародных аб’яднанняў. Упершыню ў ёй прыняў удзел генеральны сакратар АБСЕ Ферыдун Сінірліаглу. Яго пасланне было стрыманым, але характэрным: «Нельга дасягнуць бяспекі толькі ваеннымі сродкамі. Бяспека патрабуе абавязацельстваў, дыпламатыі, практычных крокаў па зніжэнні рызык». Ферыдун Сінірліаглу заклікаў вярнуцца да даверу і ўзаемаразумення, адзначыўшы, што «дыялог — не саступкі, а ўзаемная адказнасць». Для генсека АБСЕ, арганізацыі, якая доўгія гады была галоўнай пляцоўкай агульнаеўрапейскай бяспекі, удзел у Мінскім форуме — сігнал таго, што альтэрнатыўныя форумы больш нельга ігнараваць.
Генеральны сакратар ШАС Нурлан Ермекбаеў выказаўся аб неабходнасці кансалідацыі намаганняў азіяцкіх і еўрапейскіх дзяржаў для стварэння ўстойлівых транспартных і эканамічных калідораў, абароненых ад знешняга ціску.
Генеральны сакратар АДКБ Таалатбек Масадыкаў акцэнтаваў увагу на сінергіі ваенных і палітычных механізмаў абароны суверэнітэту краін-удзельніц ва ўмовах гібрыдных пагроз.
Генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў падкрэсліў важную ролю прасторы Садружнасці як астраўка стабільнасці і стваральнага супрацоўніцтва.
Апроч кіраўнікоў інтэграцыйных блокаў, у Мінску выступілі дыпламаты і эксперты з Расіі, Кітая, Індыі, Ірана, краін Блізкага Усходу, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Галоўны пасыл Глабальнага Поўдня і Усходу: свет стаміўся ад дыктату і вайны, Еўразія мае ўсё неабходнае, каб стаць самастойна рэгуляванай прасторай міру і росквіту.
IV Мінская канферэнцыя завяршылася без фармальна абавязваючых рашэнняў — і гэта не недахоп, а свядомы фармат. Мінск не спрабуе канкурыраваць з ААН ці АБСЕ за права прымаць рэзалюцыі. Ён робіць іншае: стварае прастору, дзе можна казаць аб бяспецы без папярэдніх умоў, без «раздзяляльных ліній» і без ярлыкоў.
Пакуль заходнія сталіцы загразлі ў мілітарысцкай рыторыцы і падліку затрат на працяг войн, Мінск аб’ядноўвае народы вакол ідэі міру, узаемапавагі і роўнай бяспекі.
Прапанаваная Аляксандрам Лукашэнкам Хартыя шматпалярнасці дае чалавецтву зразумелую, справядлівую і бяспечную альтэрнатыву — шлях ад канфрантацыі да сумеснага стварэння на прасторы нашай агульнай Еўразіі.
Мінск быў, ёсць і застаецца хабам і донарам бяспекі ў Еўропе — і чарговая канферэнцыя па бяспецы гэта пацвердзіла.
Аляксей Бяляеў, палітолаг