Top.Mail.Ru

Аляксандр Кулік правёў штаб па распрацоўцы бураломаў пасля стыхіі

Магілёўшчына працягвае аднаўляцца пасля ўрагану. У чацвер, 17 ліпеня, абласны цэнтр наведаў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік і на месцы азнаёміўся з маштабамі нанесенай непагаддзю шкоды. Па краіне ад шквалістага ветру пацярпела парадку 3,5 тысячы гектараў лесу, 2,5 тысячы з іх падлягаюць суцэльным санітарным высечкам. У прыватнасці па Магілёўскім лясгасе — каля 1500–1700 гектараў — амаль мільён кубаметраў драўніны. Усяго ў Магілёўскай вобласці пацярпела больш за 2,5 тысячы гектараў лесу. Для параўнання — у Мінскай вобласці — да 200 гектараў, у Віцебскай — каля 70.


Аляксандр Кулік аб’ехаў лясны масіў вакол Магілёва і ўдакладніў, што больш дакладныя лічбы па страце лесу будуць вядомыя да панядзелка—аўторка. Але істотна яны не зменяцца. Што датычыцца аб’ёмаў, то, як падкрэсліў міністр, яны канчаткова вызначацца, калі драўніна будзе ляжаць у штабялях. Магілёўшчыне актыўна дапамагаюць Мінская і Віцебская вобласці. Плённы вопыт сумеснага супрацоўніцтва лесагаспадарчых аб’яднанняў напрацаваны падчас ранейшых надзвычайных сітуацый ураганнага паходжання. Стыхіі здараліся на тэрыторыі розных абласцей у 2022, 2024 і 2025 гадах. Летась моцна пацярпела Гомельская вобласць, сёлета — Магілёў і асабліва Магілёўскі лясгас.

Міністр звярнуў увагу на тое, што пасля навальніцы работнікі лясной гаспадаркі аднымі з першых прыйшлі на дапамогу насельніцтву.

— 700 чалавек былі задзейнічаны ў аднаўленчых работах, — паведаміў ён. — Вызвалялі праезды, аднаўлялі агароджы, электразабеспячэнне — усю інфраструктуру. Маштабы сваёй бяды сталі ацэньваць крыху пазней, спачатку дапамагалі людзям.

На месцах здарэння ў лясах сёння працуе каля 100 харвестараў і 200 вальшчыкаў.

Вельмі аблягчаюць работу новыя высокатэхналагічныя машыны. На ўзбраенні Магілёўскага лясгаса нядаўна з’явіўся форвардар новага пакалення. Пакуль гэты ўзор адзіны ў Беларусі.

— Дзякуючы Прэзідэнту, наша галіна істотна аснашчана, закуплена шматаперацыйная тэхніка — харвестары, форвардары, лесавозы. Тэхнічныя сродкі значна паскараюць работу, — заўважыў міністр.

Пасля агляду лесу на базе Магілёўскага лясгаса сабраўся штаб пад кіраўніцтвам міністра. У ім узяў удзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. На парадку дня былі пытанні аб спажыванні пашкоджанай драўніны. І адно з цэнтральных — яе рэалізацыя. Яшчэ ёсць рэшткі драўніны ад папярэдніх бураломаў. Прэзідэнтам пастаўлена задача да 1 верасня прыбраць з узлескаў і ўздоўж аўтадарог драўніну мінулага года. Міністр удакладніў, што тэхнічных сродкаў і людскога рэсурсу для гэтага хапае.

— З рэалізацыяй існуюць пэўныя складанасці, — заўважыў ён. — Калі па дзелавой драўніне рынкі збыту ёсць, то нізкатаварная асаблівага попыту не мае. У краіне за апошнія 30 гадоў газіфікаваны ўсе раёны, і насельніцтва актыўна карыстаецца блакітным палівам.

На думку Аляксандра Куліка, праблему трэба вырашаць глабальна.

— Ёсць неабходнасць у будаўніцтве яшчэ аднаго вялікага цэлюлознага камбіната, — кажа ён. — І ўрад сёння гэтым шчыльна займаецца. Не выключана, што такі камбінат з’явіцца на поўначы Магілёўскай вобласці або на яе мяжы з Віцебскай. Там засяроджаны рэсурс драўніны, які не запатрабаваны.

Міністр таксама звярнуў увагу на тое, што вопыт спажывання ляснога багацця ў краіне ўдасканальваецца. Калі ў 2006 годзе рэалізацыя дзелавой драўніны складала 2,2 мільёна кубаметраў, то ў мінулым — 10 мільёнаў.

— Дзякуючы мудраму дзяржпадыходу да вядзення лясной гаспадаркі, кантролю з боку Прэзідэнта за выкарыстаннем лясных рэсурсаў, будаўніцтву і развіццю селекцыйна-насенняводчых цэнтраў вырашаны цэлы комплекс задач па развіцці лесагаспадарчай галіны, — адзначыў Аляксандр Кулік. — Наш вопыт вядзення лясной гаспадаркі цікавы і іншым краінам. Сёння яго ў нас актыўна пераймаюць расіяне.

Наперадзе шмат работы. Гэта нарыхтоўка і вываз драўніны, ачыстка лесасек і высадка новых лясоў.

— Мы сёння бачым у Быхаўскім лясгасе прыклад гаспадарчага падыходу да справы, — заявіў міністр. — Задача, што ставілася Прэзідэнтам восенню мінулага года і вясной гэтага, каб на плошчах, якія прыдатныя для стварэння новых лясоў, было праведзена лесааднаўленне, выканана. Кіраўнік дзяржавы раіў рабіць справу талакой. І людзі гэты заклік падхапілі — разам мы пасадзілі новыя прыгожыя лясы. Стыхію прадухіліць нам не пад сілу, але наступствы павінны ліквідаваць аператыўна і якасна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з тэлеграм-канала mogіlevnewsby

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю