Заслужаны артыст Беларусі, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Андрэй Душачкін служыць тэатру ўсё жыццё. Ён нарадзіўся ў акцёрскай сям’і, аднак на сцэне, у кіно і ў літаратурнай творчасці ўсяго дасягнуў самастойна дзякуючы ўпартасці, сумленнасці і сіле духу. Андрэй Андрэевіч прызнаўся, што не выносіць ілжывасці і заўсёды жыве па сумленні. Ён таксама распавёў, чаму да гэтага часу так і не напісаў таго самага верша і за што ўдзячны бацькам. Аднак інтэрв’ю мы пачалі з пытання: няўжо не бачыў сябе з дзяцінства больш нідзе, як на сцэне?
— Я веру ў лёс! Паколькі нарадзіўся ў акцёрскай сям’і і сапраўды вырас у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага, у якім былі занятыя і мама — Аляксандра Клімава — усё жыццё, і бацька — Андрэй Валянцінавіч Душачкін-Карсакоўскі — некаторы час, лёс склаўся менавіта так, — распавядае Андрэй Душачкін. — Калі скончыў школу і паступіў у 1977 годзе на першы курс Тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), я не ведаў, якому тэатру буду служыць. Былі сумненні, паколькі на мяне пасля заканчэння паступіла некалькі заявак, у тым ліку і ад майстра нашага курса Валерыя Мікалаевіча Раеўскага, які прапанаваў працаваць у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. У юнацтве мне вельмі хацелася працаўладкавацца ў штат нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», бо кінапрацэс з тых далёкіх часоў вельмі падабаўся. Па параду звярнуўся да мамы, і яна сказала так: «Калі ты сапраўды хочаш стаць артыстам, трэба іграць на сцэне ў драматычным тэатры». Так я і аказаўся на службе ў Мельпамены і ні на секунду аб гэтым не пашкадаваў.
Верны тэатру на працягу ўсяго жыцця, паколькі быў пастаянна заняты. Мне тут прапаноўвалі шмат значных, галоўных роляў. Не здаралася праблем у акцёрскім лёсе. Пры гэтым я працаваў у антрэпрызах, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю пачынаючы з 2004 года. Цяпер выкладаю ў Тэатры-студыі на Нямізе. Шмат гадоў аддаў і тэлебачанню: раней быў пастаянным вядучым тэлепраграм «Праметэй», «Я і мы», «Край».
З радыё таксама ўсё склалася паспяхова: шмат гадоў я вядучы праграмы.
Калі казаць пра літаратурную дзейнасць, я з’яўляюся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, актыўным удзельнікам жыцця Мінскага гарадскога аддзялення СПБ. То-бок жыву ў бясконцым патоку творчасці і мастацтва!
— Андрэй Андрэевіч, ці наклаў нейкі адбітак на ваш творчы лёс той факт, што вы дзіця вядомай мамы?
— У маладосці я перажыў досыць цяжкі перыяд, калі мяне ўвесь час параўноўвалі з ёй. Даказваў ролямі, творчымі ўдачамі, якія адзначала тэатральная грамадскасць, што таленавіты. Мама выхоўвала ўва мне паўнавартаснае служэнне прафесіі. Я ніколі не дазваляў сабе прыйсці на рэпетыцыю непадрыхтаваным, спазніцца, ставіцца да працы безадказна. Быць вышэй за Аляксандру Клімаву, напэўна, немагчыма... Яна была геніяльнай актрысай. Ды і мэты перасягнуць яе ніколі перад сабой не ставіў. Аднак, вядома, мне хацелася б быць вартым сваёй сям’і. Сын мой, дарэчы, таксама скончыў БДАМ, але ён стаў у большай ступені кінаакцёрам.
Калі глыбока асэнсоўваць ваша пытанне... Я вельмі ўдзячны не толькі маці — сваім бацькам за сумленнасць і інтэлігентнасць, якія ім удалося ўкласці ў мяне. Мама — увасабленне савецкай эпохі. Яна была адзіная са сваёй краінай. Любоў да Радзімы перадалася і мне.
Я вырас у акцёрскай сям’і, без гэтага жыцця не ўяўляю…
— Ці ёсць любімыя пастаноўкі з тых, у якіх былі задзейнічаны?
— Тэатр умоўна дзеліцца на перыяды працы яго мастацкіх кіраўнікоў. Я прыйшоў служыць у Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага, калі яго ўзначальваў Валерый Васільевіч Маслюк. Мая любімая пастаноўка тады — «Начныя карлікі і Антыгона» Л. Разумковай. Калі ў тэатр вярнуўся Барыс Іванавіч Луцэнка, падабалася «Я веру ў гараскопы» А. Карэліна.
Мая любімая пастаноўка за перыяд кіраўніцтва Сяргея Кавальчыка — «Бег» па п’есе М. Булгакава. З бягучага рэпертуару адзначу «Беспасажніцу» па п’есе А. Астроўскага і «Абдуранага мужа» Ж.-Б. Мальера. Увогуле, кожная роля вызначае нейкі перыяд жыцця.
— Калі параўноўваць тэатр і кіно...
— Кіно я называю акцёрска-драматычным жывапісам. Нягледзячы на высокую загружанасць у тэатры, я заўсёды знаходзіў час для здымак. Калі параўноўваць кіно і тэатр, то камера адлюстроўвае ў большай ступені ўнутраны стан душы, перад ёй трэба паказваць сапраўдныя пачуцці. Сцэна, у сваю чаргу, прадугледжвае асаблівы прыём падачы ў залу ролевага матэрыялу, дзе неабходныя адкрыты пасыл і ўзаемадзеянне з гледачом.
Нядаўна пайшоў з жыцця Ігар Янкоўскі, вядомы савецкі і расійскі акцёр. Калі мы з ім бачыліся, ён мне аднойчы сказаў: «Андрэй, мне вельмі падабаецца, як ты працуеш у кіно, таму што ты робіш усё лёгка і дакладна». Сапраўды, я стараюся рухацца вось у такім кірунку.
Фільмы са сваім удзелам я гляджу вельмі рэдка — нервуюся, калі бачу сябе на экране. Аднак ёсць дастаткова цікавыя, знакавыя для мяне: «Дзетачкі», «Начны рэжым», «Дняпроўскі рубеж», «Маленькія ўцекачы»…
— А што вам дае членства ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі?
— Гэта вельмі адказна. Мая паэзія носіць у большай ступені эмацыянальна-метафарычны характар — гэта мой стыль, да якога я прыйшоў свядома. Свае вершы я падзяліў бы на тры цыклы: лірыка аб усім, вершы пра тэатр і франтавы цыкл. Акрамя іх пішу невялікія апавяданні, навелы, эсэ. Кніга са мной усё жыццё. І, дзякуючы таму што з’яўляюся членам СПБ, у мяне ёсць магчымасць браць удзел у творчых сустрэчах з публікай, што дарагога варта.
— Ці засталіся яшчэ непакораныя творчыя вяршыні?
— Сваю кар’еру я пачынаў з музыкі. Нават на ўступныя экзамены ў ВНУ прыйшоў з гітарай, спяваў і іграў для камісіі. Музыка са мной усё жыццё, яна дае мне рытм існавання. Нягледзячы на тое што інструмент застаўся ў асноўным як тэатральны атрыбут, мара стварыць вакальна-інструментальны ансамбль засталася. Напрыклад, рок-гурт. Пакуль не ведаю, ці атрымаецца ўвасобіць. Яшчэ хачу напісаць верш, які будзе не падобны ні на што папярэдняе. Бывае, стаўлю кропку ў напісаным і сам сабе кажу: «Так, напісаў, але гэта не ён, той самы твор».
— На вашу думку, як артыст вызначае сапраўдны поспех?
— Уявіце сабе, перад кожным спектаклем я хвалююся, быццам выходжу на сцэну ўпершыню. Гэта мая цвёрдая пазіцыя: не павінен артыст прывыкаць да сцэны. Неабходна трапятаць душой, хацець працягнуць нябачную нітку да глядзельнай залы падчас пастаноўкі. Кожны спектакль трэба іграць толькі тут і цяпер. Калі пасля «Дванаццатай ночы» я выйшаў на паклон напярэдадні дня нараджэння, а поўная зала людзей скандзіравала «Брава» і не адпускала — вось гэта паказчык. Артыст жыве дзеля гледача. Калі ёсць цікавасць, мы сапраўды шчаслівыя. Ганаруся бесперапыннай сур’ёзнай занятасцю ў тэатры, бо я сапраўды запатрабаваны акцёр. А яшчэ, калі шчыра, ганаруся і сваім франтавым цыклам вершаў. Ён цяпер шмат дзе публікуецца. Гэта сур’ёзная літаратурная работа, якую мне пашчасціла стварыць.
— Андрэй Андрэевіч, ці магчыма адразу разглядзець талент акцёра і як гэта зрабіць?
— Схільнасць да акцёрскай прафесіі бачная ў абітурыентаў яшчэ на ўступных экзаменах у ВНУ. У іх прагледжваецца пэўная эмацыянальная абвостранасць нервовай сістэмы. Як правіла, у акцёры ідуць інтраверты, захопленыя справай. Гэтая прафесія прадугледжвае штодзённую карпатлівую працу: шліфоўку кожнага эпізоду, разбор структуры, ролі, вобраза. Яшчэ адзін важны момант, на які трэба звяртаць увагу, — маральны складальнік. Якія праблемы існавання чалавека ты падымаеш? Акцёр — публічная прафесія, таму важна разумець, аб чым гаварыць з гледачом. Аднак, каб быць паспяховым, трэба самому мець цвёрдую жыццёвую пазіцыю.
Фота rustheatre.by