Першае, што бачыць пасажыр з акна цягніка, які прыбывае на чыгуначную станцыю Асіповічы, — абеліск з бюстам аднаго з самых яскравых тутэйшых барацьбітоў з карычневай навалай Фёдара Крыловіча. У метале ён грозны і непадступны: цвёрды позірк, валявы твар — сапраўдны сімвал непахіснасці і мужнасці.
Асабісты вораг Гітлера
Падрабязней пра славутага земляка і не толькі раскажуць у Асіповіцкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, які зусім блізка ад чыгуначнага вакзала. Адразу ж стане зразумела, за што Асіповічы атрымалі летась вымпел «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
— Нашых партызан і падпольшчыкаў немцы баяліся як агню, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнік музея Леанід Астрэйка. — Фёдар Крыловіч быў асабістым ворагам Гітлера. Ён здзейсніў найбуйнейшую сухапутную дыверсію за ўсю гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Пры дапамозе дзвюх магнітных мін знішчыў чатыры варожыя эшалоны.
Падпольшчык Фёдар Крыловіч падчас акупацыі раёна працаваў электраманцёрам на чыгуначнай станцыі. 30 ліпеня 1943 года ён атрымаў заданне ўзарваць воінскі эшалон з палівам, які павінен быў адправіцца на Курск. Каб здзейсніць яго, народны мсцівец спачатку вывеў са строю святлафор, які знаходзіўся непадалёк ад саставу. Немцы адправілі Крыловіча рамантаваць яго ў суправаджэнні салдат. І ён змог непрыкметна паставіць міны на першы і апошні вагоны цягніка. Але насуперак чаканням эшалон адправілі не на фронт, а на запасныя шляхі, дзе ўжо стаялі іншыя саставы з боепрыпасамі і ваеннай тэхнікай. Пасярод ночы Асіповічы скалануліся ад жудаснага выбуху — спрацавалі пастаўленыя Крыловічам міны.
— Выбух быў такі, што калёсныя пары адляталі на некалькі кіламетраў, — апісвае гід. — Пачалася сумятня, хаос. Полымя перакінулася на суседнія эшалоны, у паветра ляцела перадавая нямецкая тэхніка, новыя танкі «Тыгр».
- Па інфармацыі, якая захоўваецца ў музеі, у тым агні згарэлі 63 вагоны з боепрыпасамі і авіябомбамі, пяць танкаў «Тыгр», тры танкі Л-10, сем бронемашын, 23 платформы з бензінам, восем цыстэрн з аўтамаслам, дванаццаць вагонаў з прадуктамі. Акрамя гэтага, быў знішчаны кран для падачы вуголля і вугальны склад. Пажар працягваўся некалькі гадзін. Ахоўнікі лагера для ваеннапалонных, які знаходзіўся непадалёк, разбегліся, і зняволеныя мелі магчымасць уцячы і папоўніць рады партызан.
— Вынікі дыверсіі ў Асіповічах дайшлі да стаўкі Гітлера, — расказвае Астрэйка. — Яна каштавала некалькім генералам воінскай пасады. Фёдар Крыловіч заставацца ў горадзе болей не мог, ён далучыўся да партызан і працягнуў барацьбу з ворагам у складзе разведвальна-дыверсійнай групы. Яму пашчасціла ацалець. У 1949 годзе за гэты подзвіг герою быў уручаны ордэн Леніна. Імем мужнага падпольшчыка назвалі асіповіцкую СШ № 5, якая нядаўна была пабудавана.
Сястра Хатыні
Былая жыхарка спаленай карнікамі асіповіцкай вёскі Вялікая Гарожа Марыя Цімінская калісьці расказвала карэспандэнту «Звязды», як цудам пазбегла страшнай смерці. На яе вачах загінулі амаль усе яе родныя і аднавяскоўцы. Фота жанчыны, якая на момант страшнай трагедыі была зусім яшчэ дзіцём, і яе бацькоў размешчана на адным з музейных стэндаў, прысвечаных генацыду. Асіповіцкі раён стаў другім пасля Кіраўскага з яго шматпакутлівымі Боркамі па колькасці спаленых мірных грамадзян.
— Было знішчана больш чым 80 вёсак, — сведчыць суразмоўнік. І дэманструе важкую папку, перададзеную раённай пракуратурай, дзе пайменна прыводзяцца спісы расстраляных, закатаваных, спаленых жыўцом месцічаў.
Героямі станавіліся ў 14 гадоў
Рыма Кунько пайшла ў партызаны ўслед за братамі, калі ёй было ўсяго 14 гадоў. Дзяўчынка марыла стаць падрыўніком, але яе жаданне ніхто сур’ёзна не ўспрымаў. Рыма ж была ўпартай і вельмі здольнай. Яна добра засвоіла ўрокі падрыўніка Барыса Дзмітрыева, якога закінулі з Расіі ў Асіповіцкі край для барацьбы з ворагам. І хоць яны праводзіліся для больш вопытных партызан, юная патрыётка наведвала іх употай.
— Аднойчы Рыма цішком узяла часткі ўзрыўчаткі і ў адзіночку пайшла падрываць варожы цягнік, — расказвае Леанід Астрэйка. — Трое сутак сядзела ў засадзе ў стозе сена, чакала і ўрэшце падарвала. Калі вярнулася да партызан і расказала пра гэта, ёй спачатку не паверылі. Але яна паказала тое месца, і ўжо ні ў кога не было сумненняў. Хутка дзяўчына стала кіраўніком падрыўной групы, у склад якой увайшлі яе сяброўкі. Называлася гэта група «8 сакавіка». У 1944 годзе ў Брыцалавічах партызанскі атрад, дзе ваявала Рыма, сутыкнуўся з вялікім нямецкім падраздзяленнем. Прыкрываючы атрад, мужная дзяўчына загінула.
Яна пахавана ў Асіповічах у брацкай магіле партызан. Подзвіг Рымы Кунько адзначаны пасмяротна ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Адна з вуліц Асіповічаў носіць яе імя, а на будынку Ліпеньскай сярэдняй школы, дзе вучылася патрыётка, устаноўлена мемарыяльная дошка ў яе гонар.
У той жа брацкай магіле, дзе пахавана Рыма Кунько, ляжыць і яе настаўнік па падрыўной справе — масквіч Барыс Дзмітрыеў. У складзе партызанскага атрада № 211 ён ваяваў са студзеня 1943 года. Паспеў падрыхтаваць 14 партызан-падрыўнікоў, узяў удзел у падрыве 18 варожых эшалонаў. Дыверсійныя групы на чале з Барысам Дзмітрыевым узарвалі 1400 чыгуначных рэек, 43 масты, 22 аўтамашыны, тры танкі.
фота аўтара.
г. Асіповічы.