Яшчэ некалькі гадоў таму Аляксандр Пурымаў нават не думаў, што будзе спецыялістам па сенсорнай інтэграцыі. Ён рыхтаваўся стаць весляром. Вучыўся ў Бабруйскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву, узмоцнена трэніраваўся, быў прызёрам... Але аднойчы трапіў у бабруйскі Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзе папрацаваў з дзецьмі-інвалідамі. І гэта змяніла яго жыццё.
Эксперымент з дошкай
Дзеці, з якімі працаваў, мелі дыягназ «аўтызм».
— Спецыяльнай адукацыі для работы з імі не патрабавалася, галоўнае — энтузіязм, — расказвае малады чалавек. — Пачаў займацца і зацікавіўся. Тады ўпершыню ўбачыў дошку Більгоу, магчымасці якой спачатку ацаніў скептычна. Распытваў, ад мяне адмахваліся, маўляў, мая задача — гуляць з дзецьмі. Праманіторыў інтэрнэт, нічога не знайшоў. І тады стаў рабіць свае назіранні. Гэта і прывяло да адкрыццяў.
Дошка Більгоу — рэч для бацькоў асаблівых дзяцей вядомая. Лічыцца, што яна дапамагае сінхранізаваць работу цэнтраў мозгу, адказных за пазнавальныя і рухальныя функцыі, а таксама развіць каардынацыю.
Аляксандр заўважыў, што дзеці з цяжкімі захворваннямі не ахвотна кантактуюць з гэтым трэнажорам.
— Я дапамагаў ім ставіць ногі на балансір, падтрымліваў, але гэта было вельмі нязручна і для дзяцей, і для мяне, — расказвае суразмоўнік. — І тады я вырашыў прыкаваць увагу дзіцяці падсветкай. Гэта значна спрасціла работу. Дзіця адразу разумее, куды ставіць рукі, ногі, з чым узаемадзейнічаць.
Знаёмы праграміст дапамог Аляксандру зрабіць мабільны дадатак, каб кіраваць працэсам з тэлефона. Праграма ажывіла дошку, дзеці зацікавіліся. Малады вынаходнік зразумеў, наколькі палегчыў жыццё іх бацькам. І не спыніўся. Зрабіў дыягностыку, каб бацькі маглі самастойна падбіраць патрэбныя практыкаванні.
— Балансір — невычарпальная крыніца для развіцця, — з натхненнем кажа суразмоўнік. — На яго можна станавіцца рукамі, нагамі, адначасова і паасобку. Эксперыментаваць пры гэтым з вонкавым святлом. Падбіраючы варыянты, можна непрыкметна для дзіцяці навучыць яго рабіць тое, што раней зусім не атрымлівалася.
Акрамя ўдасканалення сенсорнага балансіра Аляксандр прыдумаў яшчэ так званыя сенсорныя пальчаткі з дробнымі шарыкамі ўнутры. Адной рукой узяць прадмет імі немагчыма, дзіця пачынае задзейнічаць другую. «А гэта развівае міжпаўшарныя сувязі мозгу, — тлумачыць вынаходнік. — Значыць, уключаецца кагнітыўнае мысленне і канцэнтрацыя, і маторыка. Усё накіравана на тое, каб пашырыць функцыянал дзіцяці. Яно прывыкае да таго, што не трэба «жаваць адчуванні» як жвачку, што кожны рух мае мэту і яе трэба дасягаць. Гэта прыводзіць да кантролю адчуванняў, настрою. І бацькам становіцца значна лягчэй.
Каб ідэя працавала
Аляксандр падлічыў, што для рэалізацыі ідэі патрэбна не меней чым 25 тысяч долараў у эквіваленце. Дзе іх узяць? Вынаходнік заявіў сваю распрацоўку ў рэспубліканскі праект «100 ідэй для Беларусі». Знаходку ацанілі, але грошы перадалі іншаму даследчыку, больш удачліваму.
«Напэўна, час яшчэ не прыйшоў, але трэба пакласці пачатак», — аптымістычна вырашыў Аляксандр і паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка на кафедру лагапедыі. І пры першай магчымасці паказаў сенсорны балансір выкладчыкам. Яны таксама ацанілі, нават арганізавалі канферэнцыю, дзе дэталёва вывучылі эксперымент. Дзяўчынка, якая ў ім ўдзельнічала, вельмі дрэнна ўваходзіла ў кантакт. Звычайны балансір яна не ўспрымала. А вось сенсорны разняволіў яе, яна пагадзілася на яго ўстаць.
- Студэнта натхніла гэта на ўдзел яшчэ ў адным анлайн-конкурсе ад БРСМ — інавацыйных ідэй. І зноў — высокая ацэнка, але не перамога. І зноў Аляксандр не апусціў рукі.
Яго асабісты кабінет у Бабруйску стаў месцам прыцягнення тых, каму патрэбна дапамога ў сацыялізацыі дзяцей. Практыка дае магчымасць карэкціраваць і развіваць вынаходніцтва.
— Пачатак пакладзены, цяпер працую над методыкай, — расказвае суразмоўнік. — Балансір — гэта платформа, у мяне шмат ідэй, як ён можа функцыянаваць. Зрабіў некалькі накладак, мадыфікацый. Ідэя прыгожая, але яна павінна набыць вагу. І, магчыма, для гэтага спатрэбіцца не адзін год. Але мэта таго вартая. Хочацца асаблівых дзяцей зрабіць больш самастойнымі. Балансір — гэта першы крок. Сёння існуе такое паняцце, як дапоўненая рэальнасць. Калі навучыць дзяцей рэагаваць на пэўныя колеры, ісці па лініі, якая свеціцца, іх можна зрабіць больш самастойнымі ў быце. Нават калі дзіця пойдзе на кухню і само налье сабе вады, гэта поспех. Для бацькоў — вялікая палёгка. Гэта і ёсць мая мэта. Яна дасягальная.
Аляксандр Пурымаў лічыць, што Беларусь — менавіта тая краіна, дзе яго ідэя можа быць рэалізавана.
— Па-першае, у нас развіваецца інклюзіўная адукацыя. Па-другое, у нас ёсць усё для таго, каб прасоўваць перадавыя ідэі. Я зацікаўлены ўкараняць вынаходніцтвы ў сваёй краіне з прыцэлам на замежжа. Хачу, каб мая ідэя набыла сусветны маштаб. Каб яна мела беларускае паходжанне і ёй маглі карыстацца ўсе.
Работа на вынік
Кабінет Аляксандра нагадвае гульнявы пакой, у якім па палічках раскладзены... Аляксандр строга папраўляе: не цацкі, а гульнявыя дапаможнікі. Кубікі, конусы, кольцы дапамагаюць удасканаліць рухі дзяцей і накіраваць іх у патрэбнае рэчышча. На набыццё гэтых дапаможнікаў і адкрыццё кабінета пайшло некалькі тысяч рублёў.
У некаторых наведвальнікаў гэтага кабінета паталогіі досыць цяжкія: пацыенты не могуць самі сябе абслугоўваць. Таму толькі спецыяліста па сенсорнай інтэграцыі недастаткова. Патрэбны яшчэ лагапед, псіхолаг, каб дзіця навучылася адчуваць свет і сваё месца ў ім, каб яго мозг і цела не жылі асобна адзін ад аднаго.
Аляксандр лічыць, што спецыялісту ў сферы, якую ён выбраў, трэба эксперыментаваць з методыкамі, бо дзеці розныя і да кожнага неабходна знайсці падыход. Карыснай гэта распрацоўка стане і для бацькоў.
— У іх будзе асабісты візуальны памочнік, і яны змогуць абысціся без мяне, — спадзяецца Аляксандр. — У рамках мабільнага дадатку хачу стварыць суполку, каб бацькі асаблівых дзяцей адчувалі сябе камфортна і маглі быць на сувязі. Гэта павысіць матывацыю. Маўляў, калі ў аднаго нешта атрымалася, значыць, атрымаецца і ў другога.
Фота аўтара
г. Бабруйск