Дзявятая па ліку гарадская выстава-конкурс кветкавых кампазіцый і букетаў «Кветкі для Святой Лісаветы» адбудзецца ў Бабруйску ўжо ў гэтыя выхадныя — 18-19 ліпеня. Арганізатары — духоўна-асветніцкі цэнтр прыхода храма Святой прападобнапакутніцы Вялікай княгіні Лісаветы і Цэнтр вольнага часу і творчасці Бабруйска. Мерапрыемства адбудзецца ў рамках прастольнага свята.
— Правядзенне выставы-конкурсу стала знакавай культурнай традыцыяй Бабруйска, — паведаміла рэдактар Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КАР Крысціна Башарымава. — Фларыстычныя работы ўдзельнікаў з’яўляюцца сімваламі прыгажосці, міласэрнасці і напамінам пра ахвярнасць пры служэнні людзям Святой прападобнапакутніцы Лісаветы.
Конкурс будзе праводзіцца ў дзвюх намінацыях — «Найлепшы букет» і «Найлепшая кветкавая кампазіцыя». Яго ўдзельнікі — работнікі прадпрыемстваў горада, устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, а таксама прыхаджане праваслаўных храмаў. Убачыць хараство ва ўсёй яго прыгажосці можна будзе ў выхадныя з 9.00 да 20.00 па адрасе: Бабруйск, вул. Чырвонаармейская, д. 65. У рамках выставы-конкурсу запланаваныя майстар-класы па стварэнні кветкавых сувеніраў.
Нэлі ЗІГУЛЯ